Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Інтэлігенцыя заклікае кіраўніцтва краіны павярнуцца да мовы

  • БелаПАН

203 прадстаўнікі грамадзкай ініцыятывы “Інстытут нацыянальнай памяці” зьвярнуліся да кіраўніцтва Беларусі ў сувязі з унясеньнем на пачатку 2009 году беларускай мовы ў атляс ЮНЭСКО “Мовы сьвету ў небясьпецы”.

Як паведамляе БелаПАН, сярод падпісантаў звароту каардынатар грамадзкай ініцыятывы пісьменьнік Васіль Якавенка, акадэмікі Яўген Бабосаў, Аляксандар Вайтовіч, Радзім Гарэцкі, Іван Гайшун, Уладзімер Гніламёдаў і Міхаіл Касьцюк, народны паэт Рыгор Барадулін, народныя мастакі Леў Гумілеўскі, Арлен Кашкурэвіч, Уладзімер Стальмашонак, Васіль Шаранговіч і Леанід Шчамялёў, народныя артысты Зінаіда Бандарэнка, Валянціна Гаявая, Міхаіл Дрынеўскі і Міхаіл Казінец.

Аўтары звароту прапануюць прэзыдэнту краіны:

даручыць чыноўнікам распрацаваць больш годную нацыянальную палітыку дзеля захаваньня і разьвіцьця духоўных набыткаў народу;

падаць асабісты прыклад — вярнуцца да практыкі ўжываньня роднай мовы ў дні ўсенародных урачыстасьцяў і ў дакладах па найбольш важных праблемах нацыянальнага жыцьця;

зьняць ганебнае таўро ненадзейнага чалавека з тых грамадзянаў, якія ведаюць беларускую мову;

парэкамэндаваць БРСМ больш актыўна выхоўваць патрыётаў нацыянальнай культуры, вывучаць несфальсыфікаваную гісторыю Беларусі, шанаваць і ўжываць у сваім асяродзьдзі дзяржаўную беларускую мову.


Кіраўнікам і дэпутатам Нацыянальнага сходу падпісанты звароту прапануюць:

рыхтаваць і прымаць законы на дзьвюх дзяржаўных мовах;

унесьці ў Закон аб дзяржаўнай службе патрабаваньне, каб усе дзяржаўныя службоўцы ведалі абедзьве дзяржаўныя мовы.


Кіраўніку ўраду і Савету міністраў рэкамэндуецца:

прыняць рашэньні аб сыстэмнай беларускамоўнай адукацыі і пераўтварэньні прынамсі аднаго з унівэрсытэтаў у нацыянальны духам і моваю навучаньня або аб адкрыцьці новага паўнавартаснага беларускага ўнівэрсытэту;

вярнуць значна скарочаныя гадзіны на выкладаньне беларускай гісторыі, мовы і літаратуры, аднавіць практыку большага матэрыяльнага заахвочваньня настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры;

адчыніць дзьверы дзяржаўных выдавецтваў, часопісаў, газэт, радыё і тэлебачаньня для літаратараў з Саюзу беларускіх пісьменьнікаў, даць ім магчымасьць сустракацца з вучнямі і студэнтамі.


Аўтары звароту таксама заклікаюць міністраў інфармацыі і культуры выправіць перакосы з ужываньнем моваў у дзяржаўным пэрыядычным друку, кнігадрукаваньні і кніжным гандлі, на тэлебачаньні і радыё, у тэатрах і на канцэртных пляцоўках, у вытворчасьці кінафільмаў, а таксама ў рэклямнай сфэры.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG