Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Багданкевіч: “Дэвальвацыя цягам году непазьбежная”


Станіслаў Багданкевіч
Станіслаў Багданкевіч

Курс беларускага рубля ў адносінах да валютнага кошыка трэці дзень знаходзіцца каля верхняй мяжы адведзенага для яго пяціпрацэнтнага калідора на гэты год. Сёньня кошт валютнага кошыка склаў 1007,83 рубля супраць 1007,51 рубля ўчора, пры заяўленым максымуме на гэты год 1008 рублёў. У Нацыянальным банку Радыё Свабода патлумачылі, што такая сытуацыя зьвязаная з патрэбамі эканомікі. Бо менавіта такі курс беларускага рубля дапамагае працаваць экспартэрам. Што адбываецца з нацыянальнай валютай і чаго чакаць у найбліжэйшы час? Гутарка з экс-старшынём Нацбанку Беларусі Станіславам Багданкевічам.

Дашчынскі: “Пасьля дэвальвацыі 2-га студзеня курс рубля ўмацоўваўся, а цяпер пачаў слабець. У Нацбанку гэта тлумачаць сытуацыяй у эканоміцы. Дык чаму слабее рубель і якіх чакаць наступстваў?”

Багданкевіч: “Гэта ўсё зьвязана з дэфіцытам гандлёвага балянсу. Калі ў нас экспарт меншы, чым імпарт, то бок не хапае валюты для аплаты імпарту. За першыя чатыры месяцы — 2,5 мільярда даляраў у нас розьніца паміж імпартам і экспартам. Таму гэта прыкрываецца зьнешнімі крэдытамі. Тым самым мы жывем у доўг і трацім тыя невялікія рэзэрвы, якія ў нас усё яшчэ ёсьць.
Калі б не было гэтых пазыкаў, то быў бы абвал.
Таму, натуральна, трэба дэвальваваць нацыянальную валюту. Яна і дэвальвуецца марудна. Калі б не было гэтых пазыкаў, то быў бы абвал. Але калі ёсьць пазыкі, ад Расеі і МВФ, іншыя, а таксама прыйшлі грошы ад Расеі за акцыі „Белтрансгазу“, датэрмінова Расея заплаціла больш як 200 мільёнаў за транзыт энэрганосьбітаў у Эўропу, — усё гэта дазваляе часова трымаць абменны курс. Але я ня ўпэўнены, што можна трымаць яго доўга. Канечне, паступяць новыя пазыкі, МВФ гатовы нам даць, відаць, Расея дасьць. Таму, магчыма, яшчэ адцягнуць далейшую дэвальвацыю. Але я думаю, што яна цягам году непазьбежная”.

Дашчынскі: “Адна з умоваў выдзяленьня Беларусі чарговай траншы крэдыту Міжнароднага валютнага фонду — „больш гнуткі падыход да выкарыстаньня калідору абменнага курсу“. У Нацыянальным банку цьвердзяць, што гэта ніяк не зьвязана з дэвальвацыяй беларускага рубля…”

Багданкевіч: “Усё будзе залежаць ад таго, як будзе складацца далей зьнешні гандаль. Калі адбудзецца пэўнае аздараўленьне ў найбліжэйшыя тыдні, месяцы, то, магчыма, вытрымаем цяперашні абменны курс з улікам пазыкаў, якія паступаюць. Калі зьнешні гандлёвы балянс ня зьменіцца і пагоршыцца, то, безумоўна, гэтая марудная, паўзучая дэвальвацыя пачнецца, а ў гэтым і сутнасьць лібэралізму ў валютным курсе. Але ўлады пакуль трацяць пазыкі, рэзэрвы на гэтыя мэты. Рэзэрвы скараціліся. Скарыстана 2 мільярды 300 за апошні пэрыяд часу. Праедзена. Ёсьць яшчэ грошы, таму ўгадаць, што зробіць улада, я не бяруся. Ёсьць яшчэ ў грашовых уладаў поле для манэўраў. Вядома, трэба скарачаць дэфіцыт гандлёвага балянсу і на гэтай аснове стабілізаваць валютны курс. Пакуль што ва ўраду гэта не атрымоўваецца. Дэфіцыт расьце, а калі ён будзе расьці, то абавязкова будзе зьмяншэньне вагі нацыянальнай валюты”.

Дашчынскі: “Сытуацыя ў
Насельніцтва пастаўлена перад выбарам: альбо ў панчохах захоўваць, альбо пераводзіць у даляры і эўра і класьці ў банкі. І людзі выбіраюць банкі.
галіне фінансаў залежыць і ад даверу насельніцтва да нацыянальнай валюты. Паводле афіцыйных зьвестак Нацбанку, у студзені-траўні гэтага году ўклады насельніцтва ў рублях і замежнай валюце павялічыліся на 19,2%…”

Багданкевіч: “Павялічыліся ўклады, бо насамрэч рублі перавялі ў валюту. А абменны курс валюты стаў большы. Бо не растуць жа ўклады па рублёвых зьберажэньнях. Яны стаяць на месцы альбо нават зьмяншаюцца ў рэальнасьці. А валютныя ўклады пакуль павялічваюцца. Людзі крыху эканомяць. Але яны ня маюць іншых інструмэнтаў зьберажэньня грошай, апроч укладаў. У нас жа няма рынку каштоўных папер. Таму насельніцтва пастаўлена перад выбарам: альбо ў панчохах захоўваць, альбо пераводзіць у даляры і эўра і класьці ў банкі. І людзі выбіраюць банкі. Яны слушна робяць на гэтым этапе”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG