Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ВЫБІТНЫЯ ДРОБЯЗІ. Тыдзень з блогерам Czerniec’ом


“АБЛОГА. ТЫДЗЕНЬ З БЛОГЕРАМ” — летні праект сайту “Свабоды”, аўтарскі агляд самых цікавых публікацый, камэнтароў, дыскусій у беларускай блогафэры ад вядомых блогераў. Пяць разоў на тыдзень.

На гэтым тыдні цікавосткі ў фрэнд-стужцы, суполках Жывога Журналу і іншых плятформаў шукае і камэнтуе Czerniec.

На наступным тыдні дзяжурства па “Аблозе” пяройме czy.



Напрыканцы тыдня, перад разьвітаньнем прапаную паразглядаць малазаўважныя здабыткі творчага жыцьця. Што ня трапіла ў топы ды рэйтынгі, не атрымала шматлікіх камэнтароў, было выказана з цнатліваю сьцісласьцю альбо цікава для вельмі абмежаваных колаў. Адным словам: дробязі.

СЬЦІПЛЫЯ ВЕРШНІКІ

Ці пішуць беларусы вершы? Вядома! А чаму ж так рэдка выкладваюць на сваіх старонках? Фрэнд-стужка ўяўляе сабой усьцяж адну прозу… У блогу літаратаркі Марыйкі Мартысевіч ужо трошкі запыліўся (але дагэтуль застаецца апошнім з выкладзеных) чароўны вэрлібрык, у якім адлюстраваныя лёсы беларускіх клясыкаў, пераломленыя праз экзыстэнцыйную сутычку са сьмяротным захворваньнем. Марыйчыны чытачы падзякавалі аўтарцы ды разышліся, а добры чалавек Gwad учора змахнуў пыл з творыка і прапанаваў нам падзівіцца ягонаму пекнаму ляканізму: “Калі хворыя на рак лёгкіх // тройчы на суткі // цягнуць косьці ў сталоўку // таракальнага аддзяленьня // анкалёгіі ў Бараўлянах, // паабапал дзьвярэй іх вітаюць фрэскі // з выбітнымі людзьмі Беларусі, // памерлымі ад сухотаў: // // справа — Максім Багдановіч, // зьлева — Алаіза Пашкевіч-Цётка. // Маўляў, смачна есьці, панове, // Дыхайце чотка”. Я ня вельмі высока стаўлю свае вершазнаўчыя здольнасьці, але… ці гэта не сапфічная страфа? З адоніем у канцы?

“Ідзі. Там будзе верш. Там горад наш увесь. // Знайдзі. Разгавары мой моўкны свет”, — а гэта ўжо vika-trenas, якая таксама маўчыць (прынамсі вершамі, прынамсі ў сваім блогу) з канца траўня. Можа, толькі вясна натхняе нашых творцаў, і ўлетку сьвет насамрэч становіцца маўклівым? Бэз — адзіны легальны лёгкі наркотык — адкрасаваў. Толькі працавітыя гукі ды рахманыя пахі навокал? Здагадка вашага непакорлівага служкі пацьвярджаецца радкамі: “Май мае што сказаць, ды суму так // Няёмка перад ім, і ён дажджом прайшоў”. А чэрвень?

А чэрвень чырванее й гучыць дажджамі ў дыярыушы юзэра kabierac, які захапляецца амаль апакаліптычнаю выяваю пурпуровага неба над родным горадам, бачыць нябачныя смарагдавыя зоркі й паліць, паліць, паліць… “Калі едзе апошні тралейбус па вулцы маёй, // І калі па чыгунцы на захад ідуць цягнікі” — наш паэт пасьпеў завершаваць начныя ўражаньні ды пацешыць першачытачоў.

— а гэта адкуль калі прыгожы верш?)

— з пурпуровага неба, вядома ж


ВЫЯЎЛЕНЦЫ ІСНАСЬЦІ

Усё на гэтым сьвеце — тэкст, калі даверыцца меркаваньню структуралістаў. У мностве моваў слова “горад” жаночага роду. Якая ён жанчына? Стомленая чалядка альбо гламурная прыгажуня? Магчыма вынайсьці й перпэндыкулярныя шляхі яе ўвасабленьня. Вось як бачыць прыгажосьць у стылі гарадзкое пост-сучаснасьці мастак andrej_voronin:+



Хто казаў, што графіці псуе аблічча эўрапейскае сталіцы?

Вайна ж, наадварот, мае не жаночы твар, але сілкуе творчасьць і дапамагае ў канструяваньні нацыянальных мітаў. Набліжаецца дзень гораду — вельмі сымбалічнае сьвята для нашых часоў. Уважлівы lipkovich прапануе паглядзець на гістарычны ўчынак з вышыні постмадэрнага лёту:



І няхай малюнак належыць амэрыканскаму мастаку — сьвята ж цалкам нашае! Асэнсаваць яго — таксама мастацтва.

СЫНТЭТЫЧНЫЯ ФОРМЫ

Спалучэньне тэксту й відарысу — зьява архаічных пэрыядаў. Узгадайма традыцыйную кітайскую акварэль, альбо бізантыйскую ікону, нават японская манга сягае сваімі каранямі аж у XVIII ст. Архаічны лад творчасьці патрабуе самавыхаваньня да высокай ступені сьцісласьці. Мяжа якой — хайку. А што ёсьць мяжою сьцісласьці выяўленчае аскезы? ASCII-графіка, як дэманструе beekeeper:



Вернемся на Захад, то бок на Беларусь. Маем і тут годную традыцыю: традыцыю эмблематычнага верша, якая мела на нашай зямлі сваіх яскравых майстроў у XVI ст. Справу паэта эмблемаў Станіслава Кулакоўскага працягвае ul-sciapan. Уявім, як мог бы выглядаць легендарны будынак, выслаўлены Пітэрам Брэйгелем-ст., пасьля рэстаўрацыі на сучаснабеларускі капыл.



ПАМІЖ ПУСТАК БАЛОТ... ВАБІЛОН 2
XS
SM
MD
LG