Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Будуць войны аўтамабільная, трактарная і камбайнавая”


Агляд тэлефанаваньняў на “Свабоду” за 12 чэрвеня, пятніцу.

СЛУХАЦЬ:


Расейскі “Роспотребнадзор” дазволіў увозіць на тэрыторыю сваёй краіны малочную прадукцыю толькі трох беларускіх прадпрыемстваў. А прэм’ер-міністар Расеі
Ўладзімір Пуцін заявіў, што будуць зьніжаныя пастаўкі зь Беларусі сухога малака, але павялічыцца ўвоз тавараў, якіх бракуе на расейскім рынку. Выказваньні слухачоў на гэтую тэму:

Спадар: “Нашага правадыра неаднаразова папярэджвалі пра небясьпечнасьць яго гульняў з Расеяй у так званую саюзную дзяржаву. Аднак Рыгоравіч не прыслухоўваўся да разумных галасоў і ўпарта гнуў сваё. Найлепшым пацьверджаньнем правалу ягонай палітыкі зьяўляецца тое, што паміж саюзьнікамі, то бок Расеяй і Беларусьсю, час ад часу зьяўляюцца гандлёвыя войны. Была ўжо вайна нафтавая, была газавая, і зараз пачалася вайна малочная. Ня выключана, што будуць яшчэ войны аўтамабільная, трактарная ці камбайнавая. Няўжо Рыгоравіч так і не зразумеў, што Масква ставіць яго перад выбарам: альбо ты незалежны, альбо ты будзеш гуляць па іхніх, то бок маскоўскіх, правілах?”

Спадар: “Трэба прызнаць, што расейскі рынак малочных прадуктаў Беларусь страціла калі ня цалкам, то значна звузіла. Да магчымай павышанай радыяцыі дадалі антыбіётыкі і антысанітарыю, якая цалкам закрые шлях беларускай прадукцыі ў Эўразьвяз. Успомніце, як польскія малочныя прадукты ўваходзілі ў Эўразьвяз. Польскі фэрмэр павінен быў зрабіць эўрарамонт у хляве, а БТ, параўноўваючы гэтую сытуацыю, нават не знайшло на Беларусі малочную фэрму, а паказалі беларускага сьвінара”.

Спадарыня: “Як я зразумела, асноўнае патрабаваньне Расеі ў малочнай вайне — гэта пастаўляць на яе рынкі прадукты з цэльнага малака, што і будзе ў выніку зроблена. Ну, а вытворцам-беларусам дастануцца тварог і малако з сухога парашку. Яны будуць дзякаваць і за гэта. Наўрад ці ў блізкай будучыні ў нас прымуць на заканадаўчым узроўні патрабаваньне разьмяжоўваць натуральнае малако і малочны напой, як у Расеі”.

Выказваньне камэнтуе палітык і эканаміст
Аляксей Янукевіч:

Аляксей Янукевіч
“Зважаючы на тое, што сёньняшні дзяржаўны і эканамічны лад моцна нагадвае СССР, то можна прагназаваць, што найбольш якасныя тавары будуць адпраўляцца на экспарт. Гэта робіцца для таго, каб атрымліваць валюту і ствараць добры імідж краіны. А ўнутраным спажыўцам давядзецца карыстацца горшымі таварамі. Так, сапраўды, слухач „Свабоды“ мае рацыю, што такая небясьпека існуе”.

Працягваем праграму выказваньнямі на адрас улады і апазыцыі:

Ціна Сакаловіч: “У Бібліі вельмі мудра сказана: „Праведны, выслухай адзін бок, выслухай і другі“. А Лукашэнка слухае толькі сябе і сваё КДБ, якім пранізана ўсё наскрозь. Калі адны людзі закрываюць рот іншым, то якая ж тут дэмакратыя? Хацела б заступіцца, сказаць на адрас апазыцыі. Як можна папракаць апазыцыю, калі яна, дапусьцім, чагосьці ня можа зрабіць? Як можна, калі ўсе павязаны гэтымі праклятымі, нахабнымі кадэбістамі?”

Пэнсіянэры Генадзь і Лявон: “Паважаная „Свабода“! Аднойчы ў размове пра сучасную палітыку мой сват выказаў неблагую, як мне здаецца, думку, як перашкодзіць нашаму ўсенароднаабранаму прысвоіць сабе ролю стваральніка незалежнай Беларусі. Бо большасьць насельніцтва, асабліва моладзь і жыхары малых гарадоў і вёсак, ня ведаюць, што першым кіраўніком і стваральнікам незалежнай Беларусі быў Шушкевіч і яго аднадумцы на чале з Пазьняком. А таму неабходна раздрукаваць і распаўсюдзіць як мага больш, напрыклад, каляндарыкаў ці паштовак з партрэтам Шушкевіча і надпісам „Першы кіраўнік незалежнай Беларусі“. І адначасова ва ўсіх незалежных газэтах да дня нараджэньня Шушкевіча надрукаваць ягоны партрэт зь віншаваньнямі за працу па стварэньні незалежнай Рэспублікі Беларусь. З павагай”.

Шаноўныя слухачы! Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: + 375 29 391-22-24. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG