Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Малочная вайна Расеі і Беларусі прывяла да рэзкага пагаршэньня фінансавага стану айчынных перапрацоўчых прадпрыемстваў. Паводле зьвестак Міністэрства сельскай гаспадаркі й харчаваньня, ужо больш як на 30 заводах даводзіцца сушыць лішкі малака. Гэта выклікае дадатковыя выдаткі. Растуць грашовыя даўгі за малако, здадзенае калектыўнымі і асабістымі гаспадаркамі.

СЛУХАЦЬ:


Падрабязнасьці гэтай крызіснай сытуацыі высьвятлялі сёньня рэгіянальныя карэспандэнты Свабоды.

МАГІЛЁЎШЧЫНА

На Магілёўшчыне з наступствамі малочнай вайны першымі сутыкнуліся прыватнікі. Малако з асабістых падворкаў адмаўляюцца браць нібыта з-за нездавальняючай якасьці.

Пра такія выпадкі паведаміў “Свабодзе” фэрмэр з Бабруйшчыны спадар Уладзімер. Ягоныя аднавяскоўцы цяпер ня могуць здаць малако на завод. Ім кажуць, што яно нібыта скіслае.

Прыватнік ня будзе здаваць кепскага малака.
“Я калі працаваў старшынёй тамтэйшага калгасу, то ў мяне стаяў асобны халадзільнік для зборнага малака. Людзі малако прывозілі, і па двое-трое сутак яго не забіралі, яно ахалоджвалася. Цяпер гэта ўсё прыбралі. Цяпер зьбіраюць малако ў бітонах. Пакуль малакавоз прыедзе, пакуль яно даедзе, верагодна, што можа й скіснуць”.

На бабруйскім малочным заводзе перадузятае стаўленьне да прыватнага малака адмаўляюць, але разам з тым адзначаюць, што паводле якасьці яно саступае калгаснаму:

“Гаспадарцы лягчэй пракантраляваць умовы вырабу малака, а прыватніку — складана. Калі раней гаспадар пакідаў лепшае малако сабе, а тое, што яму не падабалася, ён мог здаць, дык цяпер — наадварот. Мы павінны прыняць ахалоджанае, якаснае, чыстае па ўсіх паказчыках малако”.

Выпадкі вяртаньня малака не былі рэдкімі й да цяперашняй малочнай вайны, але цяпер яны набудуць больш глябальны характар, лічыць фэрмэр. Ён кажа, што на прыватніках лягчэй зэканоміць сродкі і пазьбегнуць перагрузкі вытворчасьці:

“Вы пабывайце на фэрмах, дзе дояць уручную ў бачкі, дзе няма нават малакаправоду. Апараты там падаюць у гной. Там малако па якасьці значна горшае, чым зборнае малако. Калгасам вярнуць малако — гэта на ўзроўні злачынства, а зборнае малако вярнулі й вярнулі — ніхто нічога ня страціў”.

Ад 1995 году колькасьць кароў у рэгіёне зьменшылася на 520 000.
Афіцыйна на Магілёўшчыне прызнаюць, што вяскоўцы ўсё меней здаюць на перапрацоўку малако з падворкаў. Так, у параўнаньні з 1995 годам колькасьць кароў на Магілёўшчыне зьменшылася на амаль 520 тысяч галоў.

Кіраўнік аднаго з перапрацоўчых заводах вобласьці назваў адну з магчымых прычынаў расейска-беларускага канфлікту:

“У Расеі ёсьць саюз малочнікаў, які зьвярнуўся да прэзыдэнта Мядзьведзева і просіць яго зрабіць захады, каб падтрымаць расейскага вытворцу малака. Вось і ўсё, адсюль і ўсе наступствы”.

ГАРАДЗЕНШЧЫНА

Ваўкавыскі “Беллакт” і прадпрыемства “Слонімскія малочныя прадукты” атрымалі сёньня дазвол Масквы ўвозіць сваю прадукцыю на тэрыторыю Расеі. На астатніх малочных прадпрыемствах рэгіёну спэцыялісты чакаюць чарговага рашэньня расейскай улады.

На Наваградзкі масларобчы камбінат сёньня раніцай прыехала з Расеі машына па малочныя прадукты. Кіраўніцтва прадпрыемства ня ведае, што рабіць: загружаць ці чакаць. Кажа загадчыца аддзела маркетынгу Лілія Грынь:

“У нас няма ніякіх лістоў, ніякай інфармацыі, наагул ніякіх дакумэнтаў, якія б забаранялі нам адгружаць тавар. Мы як бы можам адгружаць, але справа ў тым, што гэтая машына спыніцца на памежным пераходзе з расейскага боку”.

Расейскі бок аплаціў прадукты малочнікаў, але не забірае іх.
Спадарыня Грынь дадае, што ў іх ужо стаяць некалькі аўтамашынаў на граніцы і чакаюць там. Кіраўніцтва прадпрыемства ўпэўнена, што павінны быць нейкія зьмены.

Грынь: “Мне здаецца, нешта павінна зьмяніцца на лепшае. Расейскі бок аплаціў ужо гэтыя пастаўкі, і грошы ім вяртаць ніхто не зьбіраецца — мы ж прадукцыю выпусьцілі”.

Загадчыца аддзела маркетынгу распавядае таксама, што апошнім часам іхнае прадпрыемства пачало актыўна шукаць іншыя рынкі збыту, бо праблемы з расейскімі партнэрамі ўзьнікаюць не ўпершыню.

На Шчучынскім сыраробчым заводзе таксама чакаюць зьменаў. Кажа загадчык аддзелу маркетынгу Тацяна Васюк.

Васюк: “Мы зараз зь нецярплівасьцю разглядаем інфармацыю, практычна праз кожную гадзіну, на сайце расейскага „Роспотребнадзора“ і глядзім сьпісы, якія зараз пачалі ўжо папаўняцца дазволамі ўвозу беларускіх малочных тавараў на расейскі рынак”.

Мы ўжо пачалі спробы працы з Украінай, Казахстанам ды іншымі краінамі.
Спадарыня Васюк кажа, што гэтае становішча яўна найгранае, бо іхная прадукцыя на расейскім рынку добра разыходзіцца, а таму, зь яе слоў, яно павінна зьмяніцца да лепшага.

Пытаюся ў спадарыні: “Што думаеце рабіць, калі падобная сытуацыя з расейскім рынкам будзе паўтарацца і надалей?”

Васюк: “Натуральна, што сядзець склаўшы рукі ня будзем. Мы ўжо пачалі спробы працы з Украінай, Казахстанам і іншымі краінамі”.



Даведка “Свабоды”: Яшчэ ў 2007 годзе ў сьвеце рэзка зьнізіўся аб’ём вытворчасьці сырога малака і, як вынік, вырас попыт на сухое. У той час і беларускія малочныя заводы пераарыентаваліся на сушку. Цяпер цягам году ў краіне вырабляецца больш як 95 тысяч тон сухога малака. Дзякуючы дзяржаўным грашовым датацыям, кошт аднаго кіляграма беларускага сухога малака складае прыкладна 1,5 даляра. А гэта на 50 расейскіх рублёў менш, чым кошт тамтэйшага сухога малака.

Выканаўчы дырэктар Малочнага саюзу Расеі Ўладзімер Улатаў заявіў, што ў расейскіх вытворцаў сухога малака няма магчымасьці канкураваць зь беларускімі заводамі. У сваім звароце да ўраду Малочны саюз Расеі запатрабаваў увесьці абмежаваньні на ўвоз сухога малака і шэрагу іншых прадуктаў зь Беларусі.

Абмежаваньні былі ўведзеныя на пачатку чэрвеня.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG