Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лявонаў: “Для Расеі таньней купіць малако, чым вырабляць”


Фота Аліны Жук

Фота Аліны Жук

Нягледзячы на заявы расейскага прэм’ер-міністра Ўладзімера Пуціна — маўляў, Масква і Менск дамовіліся наконт паставак беларускага малака ў Расею, — забарона на малочныя вырабы насамрэч ня зьнятая. Спаміж былых 1500 найменьняў беларускай прадукцыі легальны статус захавалі толькі паўсотні гатункаў, якія дзеляцца паміж трыма прадпрыемствамі.


На інтэрнэт-старонцы “Роспотребнадзора” надрукаваны сьпіс беларускіх вытворцаў, чыя прадукцыя адпавядае патрабаваньням тэхнічнага рэглямэнту на малочную прадукцыю. Да ўвозу на тэрыторыю Расеі дазволеныя вырабы трох прадпрыемстваў — “Беллакт” з Ваўкавыску, акцыянэрных таварыстваў “Слонімскія малочныя прадукты” і “Малочныя горкі” з Горак. Амаль ва ўсіх выпадках — а гэта крыху больш, чым 50 найменьняў — гаворка пра малочнае харчаваньне для немаўлятаў. Фактычна гэта ўсё, што засталося ад ранейшага паўтаратысячнага асартымэнту. Дзясяткі астатніх гульцоў, якія не пасьпелі аформіць дакумэнты ў адпаведнасьці з патрабаваньнямі новага тэхнічнага рэглямэнту, уведзенага ў Расеі з канца 2008 году, экспартныя пастаўкі на ўсход мусілі “замарозіць”.

Антон Шуканаў, кіраўнік транспартнай фірмы, якія спэцыялізуецца на перавозках малочнай прадукцыі, кажа, што фактычна тыдзень праца ягонай арганізацыі спаралізаваная: расейскія мытныя і вэтэрынарныя службы не пускаюць фуры далей за беларуска-расейскую мяжу:
З боку Расеі фактычна дзейнічае паўнавартасная мытня ...

“Пастанова для вытворцаў малака нечаканасьцю не была, таму зараз ніхто малако ў Расею ня возіць. Ёсьць вэтэрынарная служба спэцыяльная, ёсьць мытныя пасты, якія надглядаюць груз. Зь беларускага боку такога няма, а вось з боку Расеі фактычна дзейнічае паўнавартасная мытня. Выходзіць мытнік, глядзіць, што вязём, узгадняе з дакумэнтамі. І калі бракуе пэўнай колькасьці дакумэнтаў на груз, прыкладам, сэртыфікату паходжаньня тавару СТ-1, сэртыфікатаў адпаведных службаў, то ў найлепшым выпадку машыну заварочваюць назад, у горшым — стаўка ідзе ад 2,5 тысячы расейскіх рублёў за тону, хоць усе ведаюць, што тавар беларускі. То бок — усё кантралюецца”.

Учора галоўны санітарны лекар Генадзь Анішчанка чарговым разам акрэсьліў умовы вяртаньня сотняў найменьняў беларускай малочнай прадукцыі ў расейскі гандаль — строгае выкананьне тэхнічнага рэглямэнту, то бок атрыманьне адпаведных дазволаў.

Экс-міністар сельскай гаспадаркі Беларусі Васіль Лявонаў перакананы, што беларускія ўлады наўпрост датычныя да канфліктнай сытуацыі, хоць і спрабуюць рабіць выгляд “пакрыўджаных”:

Васіль Лявонаў
“Нагода да канфлікту дадзеная нашым бокам. Бо гэта ж мы не прывялі ў адпаведнасьць неабходныя дакумэнты, таму ўсе падставы для такіх санкцый былі. Разьлічвалі, як заўсёды, праскочыць на “братэрскіх адносінах”, але цяпер такое ўжо не праходзіць. Таму трэба ўсё прывесьці ў адпаведнасьць з новымі стандартамі. Ня так складана гэта ўсё зрабіць, проста звычайная бесталковасьць, усё ў разьліку наўдачу”.

Карэспандэнт: “Як вы мяркуеце, ці можа Расея ўласнымі сіламі забясьпечыць унутраны рынак сваёй прадукцыяй?”

“Пакуль яна не забясьпечвае, але ў сваім патэнцыяле яна можа карміць яшчэ дзьве такія Расеі. Цяпер патэнцыял гэты не выкарыстоўваецца. Там сельскай гаспадаркай ніхто не займаецца, яна для іх на гэты момант проста нецікавая. Пакуль у Расеі ёсьць столькі “зеляніны”, даляраў, усе будуць спаборнічаць, каб туды везьці прадукцыю. Не беларускі тавар, дык іншы будзе. Іншая рэч, што мы бяспошлінна ўвозілі, у нас перавага была. Паляк ці немец гэтак жа не правязе, там мыта. А ў нас бяспошлінны гандаль. Але мы і гэта празявалі. Вось у чым праблема”.

Шмат хто шукае ў малочнай спрэчцы палітычны падтэкст. Расейскія экспэрты, у прыватнасьці, кажуць пра незгаворлівасьць Аляксандра Лукашэнкі ў справе прызнаньня Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі. Аднак расейскі аналітык Вадзім Дубноў выказаў думку, што ўсё гэта нагадвае бізнэс-вайну, у якой беларускі, прынамсі, бок спадзяецца і на палітычныя дывідэнды:

Вадзім Дубноў
“З аднаго боку, ёсьць спроба падзяліць той сэгмэнт рынку, які займаюць беларускія малочныя прадукты (па розных ацэнках, ад 7 да 12% расейскага рынку), зь іншага — можа, пазмагацца за беларускія аграпрамысловыя магутнасьці… Што да Беларусі, то з кожнай спрэчкай, якую Лукашэнка досыць удала рэжысэруе, ён фіксуе ўсё большае аддаленьне ад Расеі і набліжэньне да Эўропы. Беларускі прэзыдэнт атрымаў тое, што ён і хацеў, коштам некаторых цяжкасьцяў у сельскай гаспадарцы, якія цалкам вырашаюцца. Затое працягваецца рух Беларусі ў тым кірунку, у якім яна ідзе, незалежна ад Лукашэнкі. Гэта арганічны рух краіны, якая і геаграфічна, і мэнтальна адной нагой ужо ў Эўропе. І калі існуе насамрэч гэтаму нейкая сур’ёзная перашкода, то пакуль яна толькі адна — сам Лукашэнка”.



Тым часам беларуска-расейскае гандлёвае супрацьстаяньне набывае нечаканыя рысы. Менскі сталічны саюз прадпрымальнікаў і працадаўцаў прапануе ўраду маркіраваць бананы і цытрусавыя, каб спыніць “шэры” імпарт з Расеі. Паводле ацэнак экспэртаў, узровень такіх паставак дасягнуў 40% і мае тэндэнцыю да далейшага росту.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG