Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За выкраданьне Палажанкі і Карнова заведзеная справа


Наста Палажанка

Наста Палажанка

Пачата крымінальная справа па факце выкраданьня актывістаў Маладога Фронту Насты Палажанкі і Дзяніса Карнова напярэдадні акцыі 25 сакавіка.


Актывісты атрымалі ліст за подпісам кіраўніка аддзелу па наглядзе за дазнаньнем пракуратуры Менску А. Бычкова. У ім паведамляецца, што па заявах маладафронтаўцаў “аб зьдзяйсьненьні ў дачыненьні да іх супрацьпраўных дзеяньняў 25.05.2009 АД ПР Фрунзенскага РАЎСа была ўзбуджана крымінальная справа па прыкметах злачынства, прадугледжанага ч.2 арт. 339 Крымінальнага кодэксу. Цяпер па справе праводзяцца неабходныя сьледчыя дзеяньні, накіраваныя на вызначэньне асобаў, якія зьдзейсьнілі злачынства”.

Нагадаем, напярэдадні Дня Волі Насту Палажанку і Дзяніса Карнова невядомыя людзі вывезьлі па-за Менск і высадзілі на трасе, Дзяніса Карнова зьбілі і абрабавалі.

Пацярпелыя падалі скаргу ў міліцыю. 29 красавіка маладафронтаўцы атрымалі адмоўны адказ. Начальнік 3-га ўпраўленьня ўласнай бясьпекі Міністэрства ўнутраных спраў паведаміў, што “ў межах службовай праверкі пацьвердзіць ці абвергнуць довады аб незаконным затрыманьні супрацоўнікамі міліцыі, а таксама зьбіцьці супрацоўнікамі міліцыі Дзяніса Карнова і крадзяжы ў яго 120 тысяч рублёў не ўяўляецца магчымым у сувязі зь немагчымасьцю ўстанавіць асобы міліцыянтаў”.

Пасьля гэтага грамадзкія актывісты накіравалі Генэральнаму пракурору, а таксама ў шэраг дзяржаўных устаноў і замежных прадстаўніцтваў заяву з патрабаваньнем расьсьледаваць злачынствы ў дачыненьні да маладафронтаўцаў Насты Палажанкі і Дзяніса Карнова, а таксама да моладзевых актывістаў Мікіты Краснова і Артура Фінькевіча, якія патрапілі пад рэпрэсіі спэцслужбаў. Нагадаем, пад лістом падпісалася некалькі дзясяткаў вядомых палітыкаў і дзеячаў культуры.

Што тычыцца заяваў Мікіты Краснова і Артура Фінькевіча, па чыіх справах сьледчыя дзеяньні былі прыпынены, у адказе паведамляецца, што пастановы аб прыпыненьні сьледчых дзеяньняў былі адмененыя і крымінальныя справы былі накіраваныя ў адпаведныя РАЎСы для дадатковага папярэдняга сьледзтва, паведамляе прэсавая служба “Маладога фронту”.
XS
SM
MD
LG