Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НЯ ПІЦЕ ПІВА! Тыдзень з блогерам Czerniec’ом


«АБЛОГА. ТЫДЗЕНЬ З БЛОГЕРАМ» — летні праект сайту «Свабоды», аўтарскі агляд самых цікавых публікацый, камэнтароў, дыскусій у беларускай блогафэры ад вядомых блогераў. Пяць разоў на тыдзень.

На гэтым тыдні цікавосткі ў фрэнд-стужцы, суполках Жывога Журналу і іншых плятформаў шукае і камэнтуе Czerniec.

ПОШУКІ ІДЭНТЫЧНАСЬЦІ

Хто кажа, што ў Беларусі няма дасканала распрацаванае нацыянальнае ідэі, — памыляецца. Пошукі ідэнтычнасьці — гэтая ідэя сярод айчынных інтэлектуалаў мае дастаткова прыхільнікаў; яе мэтады выкшталцоныя і дазваляюць выявіць найтанчэйшыя рысы, зь якіх складаецца сеткаватая, бязважкая выява нашага ўнікальнага аблічча. Архіпэлягам назваў тую зьяву «філёзаф адсутнасьці» В. Акудовіч. Паспрабуем дакрануцца да таго, што, нягледзячы на ўсёмагутную Адсутнасьць, — існуе.

САНДРА І ВІКА

Аднак пачаць прыйдзецца з таго, чаго няма. На мінулых тыднях расейскі інтэрнэт трэсла навіна аб вяртаньні дадому дзяўчынкі Сашы (Сандры) Зарубінай. Карыстальнікі амаль аднадушна патрабавалі аддаць дзіцё партугальскім прыёмным бацькам. Гэты выпадак нагадаў блогерцы kirulya пра лёс беларускі Вікі Мароз, якую ў 2006 годзе ўрачыста вярнулі з італьянскае сям’і ў родны дзіцячы дом. Аўтарка паведамленьня зьбірае зьвесткі пра сёньняшні стан дзяўчынкі, абмяркоўвае з чытачамі падабенствы ды адрозьненьні яе лёсу зь лёсам Сандры.

Той выпадак быў для дзяржавы «справаю прынцыпу». Дзяўчынка павінна знаходзіцца на радзіме — і кропка. І насамрэч атрымалася кропка, бо ніякіх ініцыятываў у беларускім грамадзтве яе справа ня выклікала. Нават зараз, калі допіс пра Віку трапіў на нейкі час у топ цікавостак Livejournal, наш сэгмэнт сеціва захаваў бязмоўнасьць. Адсутнасьць камэнтароў — таксама вельмі красамоўны камэнтар.

СКРЫЛЬКІ БЕЛАРУШЧЫНЫ

«...калі хто з ацалелых Яфрэмавых казаў: «дазвольце мне пераправіцца», дык жыхары Галаадскія казалі яму: ці не Яфрэмаў ты? Той казаў: не. Яны казалі яму: «скажы: „шыбалет“, а ён казаў: „сыбалет“, і ня мог інакш вымавіць» (Суд. 12:5, 6). Па чым пазнаць рускамоўнага (не трасянкамоўнага!) беларуса ў расейскім асяродзьдзі? Ці ёсьць лексычныя адзінкі, якія адразу дэмаскіруюць яго? ku_palinka правяла палявое дасьледаваньне сярод сваіх фрэндаў: «шуфлядку» ды «буську» ведаюць усе, а хто ўзгадае сэнс слова «скрылёк»? Камэнтатары ўзгадалі і скрылёк, і шмат іншых лексэмаў, эндэмічных для «беларускае расейскае мовы». У засеках памяці знайшлі: квач (замест рус. «салочкі»), фрамуга, сьцірка (рус. «стёрка», то бок гумка), жменя, разбурыць, бурбалкі ды забабоны, і, нарэшце... слова «Беларусь», дагэтуль камень спатыкненьня для аўтэнтычных расейцаў, звыклых да «Белоруссіі».

- А як жа БУРАКІ... КЛЮЧАВОЕ СЛОВА — БУРАКІ )))

— А мне больш за ўсё падабаецца чуць ад беларусаў бурякі, крініца і дрянік))))))))))))))


Шкада, не былі абмеркаваныя такія дзівосы словаўжываньня, як «тудой-сюдой» ды «разьдзяюся». Тут яшчэ шмат прасторы для культурна-антрапалягічных дасьледаваньняў.

НЯ ПІЦЕ ПІВА

Яшчэ да палітры колераў адсутнасьці: навіна пра забарону спажываньня піва ў публічных месцах спарадзіла жвавую гутарку на форуме TUT.BY «Распитие пива в общественных местах в Беларуси запретят». Што нас набліжае да цывілізаванага жыцьця? Мо адсутнасьць сьмецьця на вуліцах, адсутнасьць дазволу вольна спажываць алькагольныя напоі, адсутнасьць дробязных кропак хаатычнага гандлю?

— У гэтай краіне жыць усё лепей. Начныя крамы — зачыніць! Кавярні і рэстарацыі — да 23:00! Сьпіртнога не прадаваць! Падсьветку ў горадзе адключыць! За пляшку піва ў руцэ — штраф! Што тут рабіць у гэтай змрочнай багне?

— Рэстарацыяў і кавярняў — дастаткова (можа, і ня так шмат, але знайсьці, дзе папіць піўка, ёсьць мажлівасьць). Іншая рэч, як гэтая мера будзе рэалізоўвацца і ці ня стане проста дадатковай крыніцай заробку для міліцыі...


Меркаваньні канцэнтруюцца вакол гэтых двух полюсаў, што сьведчыць пра палемічную, несупакойлівую натуру беларускае піваўжывальнае грамадзкасьці.

Магчымыя наступствы суворага сьледваньня літары закону спрагназавау hedinthedark:


ЗРАБІ САМ

Вынаходніцтва — то, вядома, лёс фінансава незаможных асоб ды калектываў. Вось які інвалідны зэдлік знайшла niezabudka ў Берасьцейскай абласной лякарні:

Колы для прыстасаваньня ўзятыя ад ровара, а белы зэдлік, відавочна, зь летняе кавярні. Што ўвасабляе сабой гэты эклектычны аб’ект? Ці можа ён быць сымбалем айчыннае сацыяльнае эканомікі — ужываньне сродкаў прыватнага бізнэсу ў мэтах падтрымкі насельніцтва? Народ адзначыў, што здымак, вядома, трагікамічны, але ж з націскам на частцы «трагі-». Не хапае ў бюджэце грошай на забесьпячэньне мэдыцынскіх устаноў складанымі тэхнічнымі сродкамі — факт. Падобныя вынаходкі камэнтатары бачылі і ў іншых лякарнях сталіцы і пэрыфэрыі. Great minds think the same.
XS
SM
MD
LG