Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Васілевіч не прыняў “Жанчын супроць беззаконьня ў судох”


Рыгор Васілевіч

Рыгор Васілевіч

Генэральны пракурор Рыгор Васілевіч адмовіўся сустрэцца з актывісткамі грамадзянскай ініцыятывы “Жанчыны супроць беззаконьня ў судох”. 11 чэрвеня болей за 20 актывістак ініцыятывы падалі ў Генэральную пракуратуру калектыўную скаргу на дзеяньні беларускіх судоў і папрасілі асабістай сустрэчы з Рыгорам Васілевічам.

“Сёньня ў пракуратуры прыёмны дзень, і мы таксама прыйшлі на прыём. Чакалі некалькі гадзінаў, але спадар Васілевіч не пажадаў з намі сустрэцца. Між тым гэта наша канстытуцыйнае права — скардзіцца і дамагацца праверкі нашых скаргаў. Атрымліваецца, што Рыгор Васілевіч, сам былы старшыня Канстытуцыйнага суду, гэтага не падзяляе”, — сказала “Свабодзе” Галіна Юрко, адна з актывістак ініцыятывы “Жанчыны супроць беззаконьня ў судох”. Галіна Юрко паведаміла, што разам зь сяброўкамі яны дашлюць звароты ў ААН, Эўразьвяз і АБСЭ і заявяць, што “ў беларускіх судох немагчыма дамагчыся праўды”.

Нагадаем, актывісткі ініцыятывы ўжо некалькі гадоў дамагаюцца перагляду крымінальных спраў сваіх сваякоў, якіх лічаць невінаватымі. Паводле актывістак, пракуратура Беларусі іх скаргі не правярае, а дасылае ім адпіскі.

У Генэральнай пракуратуры паведамілі, што скаргу жанчын прыняў да разгляду супрацоўнік аддзелу прыёму грамадзянаў Сяргей Яворскі. “Скарга будзе правярацца ў адпаведнасьці з законам”, — сказалі ў пракуратуры.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG