Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Уладзімір Пуцін: Масква і Менск дамовіліся аб малацэ


Прэм’ер-міністар Расеі Ўладзімір Пуцін на паседжаньні расейскага ўраду паведаміў сёньня, што Беларусь і Расея дасягнулі дамоўленасьці аб пастаўках у Расею беларускіх малочных вырабаў – пра гэта паведамляе Расейскае агенцтва “Новости”.

Паводле Пуціна, будзе зьніжацца завоз у Расею сухога малака, але павялічацца пастаўкі тых тавараў, якіх не стае на расейскім рынку. Зьвяртаючыся да міністра сельскай гаспадаркі, Пуцін выказаў спадзяваньне, што “ў сфэры мытнага рэгуляваньня, фітасанітарнага кантролю ніякіх лішніх захадаў зроблена ня будзе”. “Будзем дамаўляцца і распрацоўваць рашэньні”, – сказаў прэм’ер Расеі.

6 чэрвеня галоўны санітарны лекар Расеі Генадзь Анішчанка наклаў мараторый больш чым на паўтысячы найменьняў малочных прадуктаў зь Беларусі. Паводле тэхнічнага рэглямэнту, прынятага ў Расеі на ўзроўні закону пры канцы мінулага году, малаком ня можа называцца прадукцыя, вырабленая з парашку. Гэта азначае, што вытворцы мусяць даказаць, што іхны прадукт “жывы”, а не парашковы. Яшчэ праз тры дні Анішчанка заявіў, што такі ж лёс напаткаў яшчэ 600 найменьняў беларускай прадукцыі. Паводле чыноўніка, ува ўсіх выпадках беларускія прадпрыемствы праігнаравалі патрабаваньні закону, не перааформіўшы ў вызначаны тэрмін дакумэнты на прадукцыю.
XS
SM
MD
LG