Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня ў Берасьці міліцыянты затрымалі 5 чалавек, якія ля будынка ЖРЭУ на вуліцы Папова раздавалі мінакам улёткі праваабарончага зьместу.

У РАУС Маскоўскага раёну Берасьця былі дастаўленыя сябры незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” Натальля Касьцючык, Юрась Бакур, Міхась Ільін, Андрэй Шарэнда і праваабаронца Раман Кісьляк.

Міхась Ільін паведаміў “Свабодзе”:

“У Берасьці паўстаў канфлікт паміж сям’ёй Абрамавых і ЖРЭУ наконт прымусовага высяленьня гэтай сям’і. Шэраг моладзевых арганізацый праявілі ініцыятыву ў падтрымку Абрамавых. Мы распаўсюджвалі інфармацыю. Міліцыянты нас затрымалі, але пратаколаў не складалі. Загадалі ўсім нам напісаць тлумачэньні”.

Жана Абрамава — актывістка руху “За свабоду”. Яна лічыць, што высяленьне сям’і з кватэры, дзе раней жыла ейная бабуля — гэта перасьлед улады за актыўнасьць у апазыцыі.

Пра сёньняшнія затрыманьні берасьцейскі праваабаронца Ўладзімер Вялічкін кажа наступнае:

“Міліцыянты выконваюць загад, спушчаны зьверху. Ён парушае як беларускую Канстытуцыю, так і міжнароднае заканадаўства. Таму што кожны чалавек мае права на распаўсюджваньне й атрыманьне праўдзівай інфармацыі. І ў дадзеным выпадку гэтае канстытуцыйнае права парушаецца супрацоўнікамі міліцыі”.

Уладзімер Вялічкін ня мае аптымізму наконт магчымых дзеяньняў міліцыі:

“У затрыманых узялі тлумачэньні, на падставе якіх пры жаданьні можна штосьці высмактаць з пальца. Такім чынам яны чыняць маральны ціск на ўдзельнікаў акцый — бяз розьніцы, якіх. Адна мэта — адхіліць актыўных грамадзян ад актыўнага ўдзелу ў грамадзкім жыцьці”.

XS
SM
MD
LG