Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Намесьнік старшыні Савету Рэспублікі Нацыянальнага сходу Анатоль Рубінаў ў інтэрвію Свабодзе выказаў сваё гледжаньне, чым павінна займацца мясцовая ўлада, пра яе фінансавую незалежнасьць, пра рэгіянальнае супрацоўніцтва з эўрапейскімі краінамі на мясцовым узроўні.

“Часам узьнікае ўражаньне, што пытаньне ў нейкім пункце заканадаўства. Маўляў, ня той пункт мы запісалі, вось запішам іншы — і ўсё пойдзе як трэба. Пытаньне ня ў гэтым…

Вось урад сядзіць на мяху з грашыма й не дае. І мэта апазыцыі — зрабіць так, каб далі грошай… Сытуацыя зусім іншая: зьбіраюць падаткі, ствараюць бюджэт. Калі мы будзем глядзець на заходнія краіны, якія нам хочуць паказаць прыклад, там даўно гістарычна склалася, што вельмі добра разьвітае дробнае прадпрымальніцтва. Ім ёсьць, адкуль браць грошы. Там, натуральна, насельніцтва абірае сваю ўладу. Абраньнікі прызначаюць сваю выканаўчую ўладу. І тая разьмяркоўвае грошы. Але ў нас атрымліваецца, што мясцовага бюджэту не хапае. Таму дзяржава дае грошы з нацыянальнага бюджэту...
Ды чаму заўгодна будзеш адданы, калі няма грошай!


А хто не дае разьвівацца прадпрымальніцтву? Зрабілі вялікія падаткавыя палёгкі. Але ніхто ня хоча. Вельмі моцна ў нас (яшчэ з савецкіх часоў засталося) нахлебніцкае стаўленьне да жыцьця. Усе лічаць: хай улада прыйдзе і дасьць нам...

Хай бы нам дапамаглі ў арганізацыі дробнага і сярэдняга бізнэсу. Вучыць нас дэмакратыі — гэта бяз сэнсу. Гэта ўсё адно, што на поўначы сабраць у пэўнай мясцовасьці людзей і чытаць ім лекцыі, як там трэба жыць і апранацца. Калі людзі самі на той поўначы жывуць… Чаго іх вучыць? Яны паслухаюць-паслухаюць, а пасьля паедуць да сябе і будуць рабіць, як рабілі раней.

Гэта таксама патрэбна, але трэба вылучыць галоўнае. Што такое мясцовыя ўлады і навошта яны патрэбныя? Ды ведаюць людзі пра гэта! Ня трэба думаць, што людзі дурні.

Пытаньне ня ў чым, што яны непісьменныя ці не адданыя прынцыпам дэмакратыі… Ды чаму заўгодна будзеш адданы, калі няма грошай!“

Анатоль Рубінаў 10 чэрвеня браў удзел у круглым стале “Беларусь: прагрэс лякальнай і мясцовай дэмакратыі і пэрспэктыва будучага супрацоўніцтва”, на якім прадстаўляў пазыцыю афіцыйных уладаў Беларусі.

Абмеркаваньне сытуацыі ў Беларусі адбылося ў часе Кангрэсу мясцовых і рэгіянальных уладаў Рады Эўропы, які праходзіў сёньня ў славенскім Брдо.

У сваім выступе Рубінаў прыгадаў, што самакіраваньне ў Беларусі мае даўнія традыцыі. Яно паходзіць ад Вялікага Княства Літоўскага, калі 50 гарадоў мелі самакіраваньне.

Прадстаўнік Нацыянальнага сходу ў сваім выступе неаднаразова падкрэсьліў, што Беларусь — эўрапейская краіна. “Няма ніякага іншага шляху разьвіцьця, як ісьці ў эўрапейскую супольнасьць. Працэс непазьбежны. Жыцьцё прымушае. Імкненьне шчырае. Робім так, як атрымліваецца”, — заявіў афіцыйны прадстаўнік Беларусі.

Анатоль Рубінаў — фізык, акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (1991), доктар фізыка-матэматычных навук (1973), прафэсар (1980). Заслужаны дзеяч навукі БССР (1980). У 2002-2006 гг. — старшыня Вышэйшай атэстацыйнай камісіі Рэспублікі Беларусі. 31 кастрычніка 2008 году абраны намесьнікам старшыні Савету Рэспублікі Нацыянальнага сходу чацьвёртага скліканьня.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG