Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня расейская кампанія “Транснефть” пачала будаўніцтва другой чаргі Балтыйскай трубаправоднай сыстэмы БТС-2 у абыход Беларусі. БТС-2 ляжа па маршруце Унеча (Бранская вобласьць) — Усьць-Луга (Ленінградзкая вобласьць) з адгалінаваньнем на Кірыскі нафтаперапрацоўчы завод. Праект павінен зьменшыць залежнасьць Расеі ад транзыту нафты празь Беларусь. Як адаб’ецца на эканоміцы Беларусі будаўніцтва БТС-2? Алесь Дашчынскі гутарыць з эканамічнай аглядальніцай газэты “Беларусы і рынак” Тацянай Манёнак.

Дашчынскі: “Першая нітка БТС ужо пабудавана, і яна адцягнула нафту з наваполацкай „Дружбы“. Ідэя будаўніцтва БТС-2 узьнікла ў студзені 2007 году падчас нафтавай вайны паміж Масквой і Менскам. Тады Расея вырашыла зьменшыць нафтавыя датацыі, а Беларусь увяла мыта на пастаўкі нафты. Што ж прынясе Беларусі БТС-2?”

Манёнак: “Беларускае кіраўніцтва да апошняга часу ня верыла і цяпер пакуль што ня верыць, што падчас крызісу Расея будзе рэалізоўваць праект, які насамрэч зьяўляецца неэфэктыўным.
Беларускае кіраўніцтва ня верыла і ня верыць, што падчас крызісу Расея будзе рэалізоўваць праект, які насамрэч зьяўляецца неэфэктыўным.
Рэалізацыя гэтага праекту, відавочна, адцягне даволі значны аб’ём нафты ад беларускай нафтаправоднай сыстэмы “Дружба”. Нагадаю, пакуль працуе толькі адна транзытная труба. Гэта паўднёвая, гомельская “Дружба”, бо наваполацкае прадпрыемства не працуе зь ліпеня 2006 году. І цяпер праз гомельскую “Дружбу” перапампоўваецца транзытам дзесьці каля 64 мільёнаў тон расейскай нафты. Гэта значнае зьніжэньне. Акрамя БТС-2, Расея вельмі інтэнсіўна будуе яшчэ адзін нафтаправод: “Усходняя Сыбір — Ціхі акіян”. Вядома, гэта будзе асушаць беларускую “Дружбу”. Таму — што чакае Беларусь? Гэта зьніжэньне аб’ёмаў транзыту.

Напрыканцы мінулага году на даручэньне віцэ-прэм’ера Расеі Ігара Сечына і нашага першага віцэ-прэм’ера Ўладзімера Сямашкі было прынятае рашэньне аб стварэньні беларуска-расейскага нафтавага холдынгу. Расейскі амбасадар Аляксандар Сурыкаў сказаў, што ад хуткасьці стварэньня гэтага нафтавага холдынгу залежыць хуткасьць будаўніцтва БТС-2. Але так атрымалася, што Расея ўжо прыняла рашэньне пра будаўніцтва БТС-2. Значыць, яна не дачакалася гэтага холдынгу. Невыпадкова ў гэтым годзе прымаецца рашэньне, каб нашы прадпрыемствы па транспартаваньні нафты — дзьве “Дружбы” — былі выведзены са сьпісу забароненых для прыватызацыі. Але калі пачалося будаўніцтва БТС-2, то трэба меркаваць, які кошт будзе гэтай беларускай трубы. Гэта вельмі зьмяншае рынкавы кошт“.

Дашчынскі: “У гэтай сытуацыі, калі Расея асушае “Дружбу”, чым Беларусь можа адказаць Расеі, апроч здачы за бесцань сваіх прадпрыемстваў у нафтавай галіне? Як вядома, вядуцца перамовы з Украінай пра будоўлю эўраазіяцкага нафтавага калідора, альтэрнатыўнага нафтаправоду “Адэса-Броды”.

Манёнак: “У рамках праграмы “Ўсходняе партнэрства” разглядаюцца пэўныя праекты з боку замежных кампаній, як выкарыстаць гэтую пустую трубу з Наваполацку да Мажэйкяю. Але беларускі ўрад павінен хутчэй прымаць гэтыя рашэньні, быць гнутчэйшым у гэтай сытуацыі. Гэта яшчэ больш будзе раздражняць расейскі бок, але ж трэба рабіць і свой палітычны выбар таксама.

“Адэса — Броды” — гэта магчымасьць для Беларусі прыцягнуць альтэрнатыўную нафту праз альтэрнатыўны маршрут — касьпійскую нафту. Акрамя Азэрбайджану, Казахстан ня даў пацьвярджэньня, што ён гатовы накіраваць у гэтым напрамку нафтавы рэсурс. Расея прыкладзе максымум намаганьняў, каб Казахстан не ўвайшоў у гэты праект. Але гэта цікавы кірунак, і беларускі бок павінен сур’ёзна вывучаць гэтыя магчымасьці наперад. Прыйдзе той час, калі расейскай нафты будзе не хапаць, і беларускія заводы могуць застацца без нафтавых рэсурсаў альбо будуць адчуваць сур’ёзны дэфіцыт“.

Дашчынскі: “На самым пачатку свайго прэм’ерства менавіта Ўладзімер Пуцін заняўся праектам БТС-2. І пра яго казалі як пра палітычны расейскі праект”.

Манёнак: “Гэта відавочна палітычны праект. Расея прыняла рашэньне будаваць у абход транзытных краінаў, у тым ліку і Беларусі. Маўляў, гэта зьніжае рызыку пры забесьпячэньні энэрганосьбітамі эўрапейскіх краінаў. Трэба сказаць, што побач з БТС-2 Расея прымае рашэньне аб будоўлі магутнага нафтаперапрацоўчага заводу, і нафта, якая ідзе на Наваполацкі завод, можа пайсьці туды. І там Расея будзе самастойна перапрацоўваць нафту і адразу ж транспартаваць нафтапрадукт”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG