Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПІЦЕ ПІВА! Тыдзень з блогерам Czerniec’ом


«АБЛОГА. ТЫДЗЕНЬ З БЛОГЕРАМ» — летні праект сайту «Свабоды», аўтарскі агляд самых цікавых публікацый, камэнтароў, дыскусій у беларускай блогафэры ад вядомых блогераў. Пяць разоў на тыдзень.

На гэтым тыдні цікавосткі ў фрэнд-стужцы, суполках Жывога Журналу і іншых плятформаў шукае і камэнтуе Czerniec.

Эканамічна-эпічныя рукапісы

Завязка «Iлiяды» — непрыгожая сварка дзьвюх уплывовых асобаў з-за дзяльбы здабычы і зьвязанага з гэтым пераразьмеркаваньня прэстыжу. Але колькі сюжэтаў для эўрапейскага мастацтва наступных стагодзьдзяў! Будаўніцтва пасрэднага зікурату ў Бабілёніі захавалася ў памяці на вякі як сусьветная лінгвістычная катастрофа. Невялікая залатая скульптура, зробленая на ахвяраваньні грамадзянаў у сінайскай пустэльні, стала знакам рэлігійна-эканамічнага зла. Здараецца так: празаічныя паўсядзённыя падзеі перамяняюцца геніем мас у мастацка значныя зьявы. І сучасная інтэрнэт-супольнасьць, як хор антычнай трагедыі, не застаецца безуважнай сьведкай падзеяў. Яна абдумвае, раіць, гневаецца, сьмяецца...

«РАДАМУС КВЕРК ТАВАР АДВЕРГ!»

«Лепш за ўсё ў сьвеце — // вада», — быў упэўнены старажытнагрэцкі Піндар, і небеспадстаўна: яна меней за іншыя тавары псуецца і выклікае мінімум дыскусій. Інакш стаяць справы з больш складанымі арганічнымі рэчывамі — тэма «малочнай вайны» дала нагоду для ажыўленай дыскусіі на форуме партала TUT.BY «Цяпер усё сур’ёзна. Блякада».

Удзельнікі форуму з дасьведчанасьцю, годнай дзяржаўных мужоў і міждзяржаўных эканамічных дарадцаў, ацэньвалі ёмістасьць рынку, перадумовы і наступствы «эмбарга», выказвалі пажаданьні і рэкамэндацыі нябачна прысутнаму ўраду краіны:

— Нішто, перапрацуем у парашок і ўцюхаем кітайцам або Уга.

— Асвоіць заменьнікі мяса з малочнага бялку! Запусьціць у асартымэнт хлебазаводаў булкі «Малочныя», батон «Сырны» і печыва «Сухамол»!

— Як вам варыянт, што малочнае пытаньне наўмысна паднятае намі з мэтай перавядзеньня ўтоенага канфлікту ў адкрыты і такім чынам аказаньня ціску на расейскія ўлады праз выкарыстаньне расейскай грамадзкай думкі?

— Ну, усё... надышоў час перавытворчасьці, і як вынік — дабрачыннасьці... Тысячы афрыканскіх дзяцей галадаюць... АДПРАВІМ ТУДЫ МАСЛА І СЫР... у абмен на магчымасьць... ммм... у зямлі афрыканскай пакалупацца... дыямэнты там усякія... нафта...


Лічбы, адсоткі, вялізныя цытаты з эканамічных артыкулаў... Прагучалі таксама сапраўды філязофскія абагульненьні:

— Пра людзей яны забыліся. А такое людзі не даруюць.

— Беларусам гэта будзе прышчэпка ад празьмернай талеранцыі, якая шкодзіць станаўленьню нацыі.

— Божухна! Хто каму браты? Па-мойму, трэба было б ужо даўно гэты дурны лексыкон выкінуць на сьметнік! Ніводная дзяржава ў гэтым сьвеце іншай ня брат!


BIG BROTHER

Аляксандар Зімоўскі двухсэнсоўнай нататкай «Тыя ж і таварыш Агілві» азадачыў чытачоў. Падчас эмацыйнае дыскусіі яны спрабавалі высьвятліць сапраўдныя матывы звароту самага афіцыйнага беларускага журналіста да тэмы Оруэлавай антыўтопіі. Самакрытыка? Пагроза? Ці ёсьць у беларускіх спэцслужбаў сродкі татальнага сачэньня, якія пераплюнулі самыя адважныя фантазіі аўтара «1984»? І якое дачыненьне да тэмы маюць Дэфо, Сьвіфт, Вудхаўз ды іншыя пісьменьнікі, згаданыя разам з Оруэлам? Камэнтатары выказвалі крытычныя заўвагі па сутнасьці артыкула і выкладзеных у ім зьвестак, дазвалялі сабе і «пераход на асобы». Як заўсёды.

— Я проста зьдзіўлены. Прайшло ня так шмат часу, як Зімоўскі стаў цьвёрдым барацьбітом з таталітарнымі рэжымамі і прызнаў, што раман Оруэла — гэта пра Беларусь.

— Чэстэртон і Вудхаўз? Зусім складана. Зімоўскі відавочна ня вызначыць, якая розьніца паміж Дастаеўскім і Жванецкім. Затое ён ведае песьні пра «прышпільна» і іншую лухцень.

— І не пра офісны плянктон гэты раман. І нават не пра таталітарнае грамадзтва, ва ўсякім разе, ня столькі пра яго... колькі пра здраду. Пра гатовасьць здрадзіць.


Аўтар не выказваў відавочных прыкмет крыўды, але адказваў унікліва. Як заўсёды.

ЗАЛАТОЕ ЦЯЛЁ

Вернемся яшчэ раз да абмеркаваньняў на плятформе TUT.BY і Піндара, які, уславіўшы ваду, неадкладна дадаў: «Але золата, / як агонь, які палае ў ночы, / засланяе ганарыстасьць любых багацьцяў. / Сэрца маё, / ты жадаеш апець нашыя гульні?» У сувязі з пэрспэктывай згортваньня йгральнага бізнэсу ў Расеі і яго разгортваньня ў Менску меркаваньні падзяляліся і сутыкаліся ў дыскусіі, якая спантанна ўзьнікла пад навіной «Ці стане Менск Лас-Вегасам?».

— Пара ўжо разварушыць гэты сонны горад (хоць бы такім спосабам).

— Выдатная думка вынесьці «тэрыторыю гульняў» за кальцавую, бліжэй да аэрапорту «Менск-2». Жадаеш гуляць — гуляй, жадаеш ціхі куток сацыялістычнага раю — бяжы ў Менск, балазе недалёка.

— Вялікія грошы ня прыйдуць у краіну, дзе іх могуць у любы момант адабраць на капрыз аднаго чалавека.


Большасьць камэнтатараў даволі скептычна паставіліся да ператварэньня Менску ва ўсходнеславянскі Лас-Вегас. Некаторыя ўстрывожаныя магчымым узмацненьнем жорсткасьці крымінальнага клімату, зь якім спалучаюць пытаньні «расавай гігіены»:

— Ці стане Менск Лас-Вегасам? Так-так! А Гомель — Бруклінам, Віцебск — Лос-Анджэлесам і Сьветлагорск — Нью-Васюкамі! Горныя арлы з Масквы ў Менск перабяруцца. Беларусы «талерантныя» — у Маскве «гэтых» рэжуць, а ў Менску яны будуць гаспадарамі жыцьця.

— Казіно — гэта зло. Дзеці, вы з гэтых грошай нічога не атрымаеце — атрымаеце толькі чачэнаў і дагаў, якія заўсёды трымалі гэты бізнэс, атрымаеце злодзеяў, прастытутак, гульнявую залежнасьць, п’яных барыгаў на «Поршэ-Каенах» з траўматычнымі пісталетамі...

— ...Шабаны пераўтворацца ў Гарлем, Малінаўка — Куінсам. Трэба туды кантынгент з ЗША перасяліць, каб горных арлоў ураўнаважыць. Брагін (ці Хойнікі) абвясьціць — Маямі! І зажывём, таварышы, як трэба!


МОНА або СТЭРЭА?

vadim_i_z зацікавіўся сам і зацікавіў чытачоў плянамі кіраўнікоў гораду Менску пабудаваць манарэйкавую дарогу, якая зьвяжа сталіцу і Лагойск, не абмінаючы турыстычны цэнтар — Сілічы і гістарычны — Хатынь. Аўтар і наведнікі ягонага блогу паспрабавалі сумеснымі высілкамі разабрацца з пытаньнямі: «Зь якіх пор манарэйка і трамвай сталі сынонімамі? Колькі грошай убухаюць на даражэнную (калі маецца на ўвазе сапраўдная манарэйка) трасу? Ці будзе там такая пасажыраплынь, каб усё гэта акупіць?»

ПІЦЕ ПІВА

Ад трагічнай узьнёсласьці да зямнога практыцызму тэму вадкасьцяў (паднятую раней Піндарам і «Роспотребнадзором») пераносіць ostin у караценькай нататцы-здзіўленьні «Раптам пра смятанку». Блогер выявіў, што менская сьмятанка (незалежна ад таго, кім была выраблена) скісае да раніцы. Тэма аказалася балючай, камэнтары цешылі разнастайнасьцю. Людзі паставіліся да пытаньня сур’ёзна:

— Гэта значыць, яны якасныя без усякіх дадаткаў. Людзі ў Эўропе пераплочваюць падвойны кошт за такія прадукты, а вы жаліцеся...

— Тое месца, дзе гэтая сьмятанка стаіць у хаце, трэба мыць і прыбіраць. Лядоўню, напрыклад. Зразумела, што калі проста выкінуць з хлебніцы заплесьнелы хлеб і на гэтым супакоіцца, то кожная булка з крамы будзе зелянець на наступны дзень.

— Піце піва, зь ім такіх праблемаў ня будзе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG