Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Малочная вайна — адказ на “Ўсходняе партнэрства”


Чаго дамагаецца Расея, забараніўшы імпарт беларускай малочнай прадукцыі? Якія стратэгічныя памылкі Менску выявіла малочная вайна? Пра гэта разважаюць беларускія і расейскія палітолягі.

СЛУХАЦЬ:


Маскоўскі спэцыяліст у галіне міжнародных адносін Кірыл Коктыш перакананы, што ў расейскага боку ў гэтым канфлікце даволі моцная юрыдычная пазыцыя, бо беларускія вытворцы на самой справе ня выканалі новы тэхнічны рэглямэнт. У прыватнасьці, прадукты, зробленыя з сухога малака, яны павінны называць малочным напіткам. Раней Расея заплюшчвала вочы на невыкананьне гэтых нормаў, а тут рэзка расплюшчыла. На гэта ёсьць і палітычныя прычыны, кажа спадар Коктыш,— перш за ўсё ўдзел Беларусі ва “Ўсходнім партнэрстве” Эўразьвязу:

Кірыл Коктыш
“Усходняе партнэрства” ў тым выглядзе, у якім яно ёсьць, — гэта пабудова брамы паміж Усходам і Захадам, каб на гэтай браме зарабляць. І калі Расеі прапанавалі плаціць за тое, каб гэтую браму пабудаваць, то яна абурылася і зрабіла нейкія крокі ў адказ. Пачаліся эмоцыі і абразы. Расея ўжо адхіліла варыянт з адзінай валютай, а кошт гэтага пытаньня — каля 100 мільярдаў расейскіх рублёў. І проста на вачах усе тыя рэчы, пад якія Беларусь атрымлівала расейскія грошы, лопаюцца, як нейкія бурбалкі”.

Паводле Кірыла Коктыша, Расея пакуль ня мае канчаткова выпрацаванай стратэгіі ў адносінах да Беларусі.

“Стратэгія будзе выпрацоўвацца... Бо без расейскіх датацыяў беларускі рэжым ня здолее падтрымліваць той сацыяльны кантракт, які дагэтуль ён больш-менш пасьпяхова падтрымліваў”.

Спадар Коктыш мяркуе, што ўжо да канца году магчымыя праблемы з дабрабытам беларускіх грамадзян. Але, на ягоную думку, нават калі беларускія ўлады паедуць у Маскву на паклон, то гэта нічога ня дасьць:

“Мне падаецца, што зараз ня той стан, што зь беларускім прэзыдэнтам будуць размаўляць. Пазыцыя Расеі такая, што размаўляць зь Беларусьсю яна будзе, але ня зь першай асобай, бо ня мае да яе даверу”.

Беларускі эканаміст Яраслаў Раманчук перакананы, што беларуская малочная прамысловасьць становіцца ахвярай сваркі паміж Кудрыным і Лукашэнкам.

Яраслаў Раманчук
“Тое, што адбываецца, — гэта, па сутнасьці, палітычны і эканамічны ціск Расеі на тое, каб Беларусь або сама выйшла з саюзных дамоўленасьцяў, альбо каб пачала перадачу ёй і эканамічнай, і палітычнай улады”.

Кіраўнік блізкага да адміністрацыі А.Лукашэнкі аналітычнага цэнтру “Экоом” Сяргей Мусіенка перакананы, што ў гэтым выпадку не спрацавалі структуры саюзнай дзяржавы. Але бачыць ён і палітычны падтэкст:

Сяргей Мусіенка
“Спадар Анішчанка выкарыстоўваецца Расеяй як дубінка ў барацьбе з грузінскай вадой “Баржомі”, латвійскімі шпротамі, малдаўскім віном... Цяпер вось з глязураванымі сыркамі ён пачаў змагацца... Даводзіць да гэтага нельга было. Каб структура ўзгадненьня была іншай, каб любы стандарт, які будзе ўводзіцца ў Расеі, пачыналі заканадаўча адпрацоўваць у Беларусі і наадварот... Калі ж гэта здарылася, то згодзен, што гэта маглі выкарыстаць і нейкія цёмныя сілы”.

Экспэрт з газэты “Беларусы і рынак” Канстанцін Скуратовіч згадвае: разьлічваючы на экспарт у Расею, беларускі ўрад уклаў мільярды даляраў у разьвіцьцё сваёй сельскай гаспадаркі. Гэта выявілася вельмі актуальным ва ўмовах, калі рэзка ўпаў беларускі прамысловы экспарт і вырасла адмоўнае гандлёвае сальда:

Канстанцін Скуратовіч
“У эканоміцы назьбіралася ўжо столькі праблем, што ўлады на іх і ня змогуць знайсьці нейкага адэкватнага адказу. Што да малочных прадуктаў, то трэба вельмі тэрмінова выконваць тыя патрабаваньні і тыя працэдуры, якіх патрабуе ад нас Расея, гэты самы Анішчанка. Прыйдзецца глядзець яму ў рот і рабіць усё, што ён скажа. Бо іначай будзе поўны крах”.
XS
SM
MD
LG