Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі малочны асартымэнт у Расеі скараціўся ў 30 разоў


За некалькі дзён асартымэнт беларускай малочнай прадукцыі ў Расеі скараціўся ў 30 разоў. Ад ранейшых 1500 найменьняў, якія завозіліся зь Беларусі, на паліцах расейскіх крамаў засталіся паўсотні. Ці варта беларускім вытворцам пачынаць падлічваць страты?

СЛУХАЦЬ:


На загад галоўнага санітарнага лекара Расеі Генадзя Анішчанкі расейскі малочны рынак практычна вызвалены ад беларускай прадукцыі. Напярэдадні “Роспотребнадзор” увёў забарону на абарот яшчэ шасьці сотняў найменьняў, давёўшы агульную колькасьць амаль да паўтары тысячы. Несапраўднымі абвешчаныя перадусім санітарна-эпідэміялягічныя заключэньні на беларускае малако, выдадзеныя Бранскай і Смаленскай абласьцямі.

Высілкі кіраўнікоў розных ведамстваў Беларусі аднавіць пастаўкі ў ранейшых аб’ёмах плёну ня маюць — расейскі бок настойвае на неадпаведнасьці беларускага малака новым стандартам якасьці, вызначаным пры канцы 2008 году. Ужо тры дні ў Маскве знаходзяцца прадстаўнікі Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчаваньня, Дзяржкамітэту па стандартызацыі, а таксама галоўны санітарны лекар Валянціна Качан. Але Анішчанка ў аўдыенцыі ім адмаўляе. Па яго словах, тэхнічны рэглямэнт абмяркоўваўся цягам паўгода і імпартэры мелі час падрыхтавацца да новых умоваў працы. Ён сьцьвярджае, што беларускі бок атрымаў папярэджаньне пра магчымую блякаду паставак яшчэ ў траўні, аднак ніякіх высноваў зроблена не было:

Генадзь Анішчанка
“Прайшоў месяц, сытуацыя прынцыпова не зьмянілася. У зьвязку з гэтым некалькі сотняў відаў канкрэтных найменьняў малочнай прадукцыі не перарэгістраваныя ў адпаведнасьці з расейскім законам аб тэхнічным рэгуляваньні. Гэта дае мне падставу забараніць і ўвоз на тэрыторыю Расеі, і абарот гэтых відаў малочнай прадукцыі зь Беларусі. Адпаведны ліст на адрас Фэдэральнай мытнай службы падпісаны, і гэтыя віды прадукцыі атрымліваюць статус незаконных на тэрыторыі Расеі”.

Агульны аб’ём беларускай прадукцыі на расейскім рынку набыў даволі значныя маштабы. Летась Беларусь паставіла блізу 2 мільёнаў тон малочных прадуктаў, што складае 7% ад агульнага спажываньня малака ў Расеі. Цяпер на расейскім малочным рынку амаль траціна — імпартаваная прадукцыя, прычым цягам апошніх гадоў гэты паказьнік павялічваўся дзякуючы Беларусі. Паводле расейскіх экспэртаў, беларуская доля ў агульным аб’ёме імпарту дасягае 70%, а аб’ём паставак у грашовым вымярэньні ў 2008 годзе перавысіў 1 мільярд даляраў.

Дасьледчык праблемаў аграрнага сэктару Анатоль Гуляеў кажа, што праблема экспарту малака ў Расею яўна выйшла па-за эканамічныя рамкі. Па яго словах, тэхнічныя непаразуменьні паміж санітарнымі ведамствамі былі і раней, аднак ніколі дагэтуль яны не набывалі форму “санкцый”:

Анатоль Гуляеў
“Тут, як заўсёды, ёсьць і тое, і другое. Але ж доля палітыкі паступова пераважвае, яна значна большая. Такія рэчы, калі нешта не афармлялі, калі нейкія паперы ў Мінсельгасе ці ва ўрадзе беларускім да часу не рабілі, здараліся і раней. Аднак на іх ніхто асабліва не зьвяртаў увагі. Зараз, як бачым, увага зьвяртаецца. Я ўжо не кажу, што шмат якія палітолягі наўпрост кажуць: гэта і ёсьць, па сутнасьці, санкцыі. Выпадкова не бывае, каб такую колькасьць прадукцыі, на якой у немалой ступені трымалася Беларусь — адзін з найбуйнейшых вытворцаў менавіта малочнай прадукцыі — адразу амаль цалкам затармазілі. У Расеі прадаецца каля 2/3 усяго аб’ёму малочнай прадукцыі, якая прадукуецца ў Беларусі. І страціць рынак для такой колькасьці прадукцыі, якая вырабляецца на магутных беларускіх комплексах, — амаль катастрофа”.

Беларускую малочную прысутнасьць многія расейскія экспэрты лічаць “фактарам дэстабілізацыі”. Мытных межаў паміж Расеяй і Беларусьсю няма, а сельгаспрадпрыемствам аказваецца істотная дзяржаўная падтрымка. Усё гэта дазваляе беларусам дэмпінгаваць. Цяпер кошты на беларускае малако ў расейскіх крамах істотна меншыя, чым у Беларусі. Як лічыць старшыня праўленьня зьвязу вытворцаў малака “Саюзмалако” Андрэй Даніленка, пры істотных дзяржаўных датацыях беларусы фактычна абвальваюць рынак малака ў Расеі, робячы вытворчасьць стратнаю і ставячы расейскіх вытворцаў на мяжу выжываньня. На думку экспэрта, калі беларускія вытворцы будуць знаходзіцца з расейскімі ў адзіных рынкавых умовах, яны стануць неканкурэнтаздольнымі. Між тым спыніць пастаўкі беларускага малака па коштах, ніжэйшых за рынкавыя, не ў кампэтэнцыі арганізацыі, бо гаворка тут пра “палітычнае лобі”.

Ці можа Беларусь пераарыентавацца на іншыя спажывецкія рынкі? Па зьвестках эканаміста Леаніда Заікі, Беларусь у папярэднія гады экспартавала малако ў шэраг краінаў Лацінскай Амэрыкі, арабскага Ўсходу, а таксама ў Японію. З гледзішча маркетынгавай палітыкі заваяваць новыя рынкі цалкам рэальна. Аднак непаваротлівасьць і адсутнасьць ініцыятывы спрычыніліся да таго, што цяпер больш за 90% экспартных паставак прыпадае на Расею. Між тым, як лічыць былы міністар сельскай гаспадаркі Міхаіл Русы, досыць пэрспэктыўным мог бы стаць эўрапейскі напрамак. Аднак дзеля гэтага трэба вырашаць пытаньне жорсткіх квотаў на пастаўку прадукцыі ў Эўразьвяз:

Міхаіл Русы
“Ёсьць абмежаваньні, дапусьцім, у краінах Эўразьвязу. Гэта перадусім тычыцца квотаў на набыцьцё прадукцыі. У нас сёньня працуюць найперш напрамкі па сухім малаку, сыры, масьле, іншых найменьнях, якія выстаўляюцца на біржу. А ўжо калі тавары трапляюць на біржу, то там ужо няма залежнасьці, хто набывае — набывае той, у каго ёсьць квоты”.

Кіраўніца прэсавай службы “Роспотребнадзора” Любоў Варапаева на запыт Радыё Свабода паведаміла: у парадку дня на 10 чэрвеня перамоваў Генадзя Анішчанкі з прадстаўнікамі зацікаўленых беларускіх ведамстваў не заплянавана.
XS
SM
MD
LG