Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Забарона на пастаўкі ў Расею беларускай малочнай прадукцыі — асноўная тэма сёньняшніх тэлефанаваньняў на “Свабоду”.

СЛУХАЦЬ:


Расея забараніла продаж на сваёй тэрыторыі амаль усёй малочнай прадукцыі, якая пастаўлялася зь Беларусі. Беларуска-расейскія супярэчнасьць — асноўная тэма абмеркаваньня слухачоў “Свабоды”.

Курневіч, Барысаў:

“Расея кажа: беларускія малочныя прадукты не адпавядаюць якасьці.
Можа, беларусы ад прадуктаў нешта аднялі,
а потым не дадалі.
Ня ведаю, як казаць,
але праблему трэба неяк ліквідаваць.
А калі ідзе спроба з боку Расеі праз малако, палітычныя гульні канчаць.
Тады нешта трэба на корані мяняць.
Тады няхай расейскія ракеты пад Масквой ці пад Смаленскам стаяць.
Пры сусьветным крызісе трэба не палітыку качаць,
а добра, з выгадай гандляваць”.


Спадарыня: “Чула, што малако лепш будуць выліваць, чым ісьці на саступкі. А можа, гэта байкі. Калі праўда, дык лепей, чым выліваць, вярнуць і пэнсіянэрам малазабясьпечаным раздаць. Хай хоць паядуць яны, а то і на свае вочы ня бачаць. Такія цэны! За 200 грам абястлушчанага тварагу — 1000 рублёў. Ды яго праглынуць нельга — так выціснулі ўсё зь яго. А паўтараадсоткавае малако — нейкая вада, нават малаком ня пахне. Калі такое ідзе на Расею, то правільна робяць, што ня хочуць такое есьці. Пэнсіянэрка малазабясьпечаная”.

Спадар: “Расея забараніла ўвоз малочнай прадукцыі зь Беларусі. І правільна робіць. Яны абараняюць свой рынак. Можа, гэта нечаму навучыць нашых чыноўнікаў”.

Спадарыня: “Лукашэнка дагуляўся, лопнула ў расейскага мядзьведзя цярпеньне. Ня хоча больш з табой гуляць у хованкі — абрыдла. Пакуль выпусьціў кіпцюры, а калі ашчэрыць зубы і пусьціць іх у ход, мала не падасца. Перш чым збліжацца з Эўропай, разьбярыся з Расеяй. А разборкі будуць сур’ёзныя. Недарма кажуць: такая гульня не даводзіць да дабра”.

Выказваньне камэнтуе палітоляг Аляксандр Класкоўскі:

“Увогуле, цяперашняя “малочная вайна” з Расеяй — ня той выпадак, каб паціраць рукі і казаць, што ўлада даскакалася. Тое, што афіцыйны Менск упёрся, так бы мовіць, рогам і стараецца абараніць прывабныя для расейскага капіталу актывы, — гэта лепей, чым па кавалках здалі б беларускую ўласнасьць, а затым і сувэрэнітэт. Іншая рэч, што, канечне, думаць трэба было раней, бо зараз адгукаецца менавіта тая эйфарыя так званай братняй інтэграцыі, якая і прывяла да такой шалёнай залежнасьці ад Расеі. А памяняць вэктар — гэта не адзін год”.

Шаноўныя слухачы! Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: + 375 29 391 22 24. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG