Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З галадоўнікам Аўтуховічам правялі “вочную стаўку”


Мікалай Аўтуховіч

Мікалай Аўтуховіч

Сёньня адвакат Павал Сапелка браў удзел у сьледчым экспэрымэнце з удзелам Мікалая Аўтуховіча, які 55-ы дзень трымае галадоўку. З кім канкрэтна адбывалася вочная сустрэча зьняволенага — падпадае пад таямніцу сьледзтва. Аднак звычайна такія стаўкі адбываюцца зь іншымі фігурантамі справы.


СЛУХАЦЬ:


Павал Сапелка пабачыўся ў менскім сьледчым ізалятары зь Мікалаем Аўтуховічам. Нагадаю, прадпрымальнік з Ваўкавыску абвінавачваецца ў падпале доме мясцовага міліцыянта, але вінаватым сябе не прызнае, а на знак пратэсту супроць крымінальнага перасьледу трымае галадоўку ўжо 55-ы дзень.

Карэспандэнт: “Найперш цікавіць ягонае здароўе. Ён ходзіць ці яго прыносяць на допыт?”

Павал Сапелка
Сапелка: “Ходзіць, да сьледчага ў кабінэт прыйшоў сам. Але выглядае вельмі стомленым і аслабленым. Зараз яшчэ узьнікла праблема — яму патрэбная дапамога стаматоляга”.

Карэспандэнт: “Колькі ён страціў вагі? Можа, там вядзецца ўзважваньне?”

Сапелка: “Апошняе, што ён казаў, — што страціў 25 кіляграмаў”.

Карэспандэнт: “Гэта было тыдзень таму — пра 25 кіляграмаў?”

Сапелка: “Так. Тады казаў пра 25 кіляграмаў з дня ўзяцьця пад варту”.

Карэспандэнт: “Ці вядуцца зь ягоным удзелам нейкія сьледчыя дзеяньні?”

Сапелка: “Так, сёньня была вочная стаўка”.

Карэспандэнт: “А ці не прад’явілі яму нейкае іншае абвінавачаньне?”

Сапелка: “Не”.

Карэспандэнт: “Ці атрымлівае ён пошту? Вы раней казалі, што з гэтым праблемы”.

Сапелка: “Мы сёньня не размаўлялі на бытавыя тэмы”.

Карэспандэнт: “Ставяць яму кропельніцу ці не?”

Сапелка: “Ня ведаю, не ўдакладняў”.

Адвакат Павал Сапелка сказаў, што зноў плянуе убачыцца з Мікалаем Аўтуховічам у канцы гэтага тыдня. Будзе гэта нейкае сьледчае дзеяньне ці ён проста наведае свайго падабароннага, — спадар Сапелка не удакладніў. Паводле адваката, Мікалая Аўтуховіча па-ранейшаму трымаюць у мэдычнай частцы ізалятара, дзе лекары сочаць за ягоным здароўем.

Сёньня ж у першай палове дня Павал Сапелка накіраваў у пракуратуру Беларусі скаргу на дзеяньні сьледчага Віталія Кухаронка, які вядзе справу Мікалая Аўтуховіча. На што дакладна ён скардзіўся, адвакат Сапелка не паведаміў, спаслаўшыся на таямніцу сьледзтва.



Мікалаю Аўтуховічу выставілі абвінавачаньне ў падпале дому міліцыянта ў 2005 годзе. Між тым за гэтае злачынства ўжо адбыў пакараньне іншы чалавек, а сам пацярпелы ня мае прэтэнзій да Аўтуховіча. Юрыя Лявонава і Ўладзімера Асіпенку падазраюць ў садзейнічаньні Аўтуховічу. Прадпрымальнік патрабуе альбо накіраваць справу ў суд, альбо вызваліць яго, а таксама Лявонава і Асіпенку пад падпіску пра нявыезд.

Справу Аўтуховіча вядзе сьледчы з гарадзенскай міліцыі Віталь Кухаронак, які адмаўляецца ад кантактаў з журналістамі.
XS
SM
MD
LG