Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рыбак нязгодны з крытыкай нарвэскіх праваабаронцаў


Аляксандар Рыбак у Менску

Аляксандар Рыбак у Менску

У размове з уплывовым швэдзкім выданьнем Svenska Dagbladet пераможца конкурсу “Эўрабачаньне-2009”, нарвэскі сьпявак беларускага паходжаньня называе цынічнай крытыку праваабаронцаў у сувязі зь ягонай паездкай на мінулым тыдні на радзіму ў Менск.

Тады прадстаўнікі Amnesty Norge і нарвэскай філіі Amnesty International палічылі, што ў многіх беларусаў у сувязі з гэтым магло скласьціся ўражаньне, быццам Рыбака запрасіў у Менск сам прэзыдэнт Лукашэнка, які мае ня надта добрую рэпутацыю ў дэмакратычных колах. Праваабаронцы таксама заявілі, што паездка Рыбака можа быць выкарыстана беларускім рэжымам дзеля прапаганды, бо “ўсё, што адбываецца на афіцыйнай беларускай сцэне, ня можа ня мець на сабе прапагандысцкага адбітку. Лукашэнка вельмі добра выкарыстоўвае ў сваіх мэтах дзеячаў культуры і спорту. А ўдзел у гэтых шоў замежных артыстаў можа быць растлумачаны як легітымізацыя рэжыму”.

“Я ехаў дзеля спатканьня са сваёй краінай. Усе, у тым ліку і праваабаронцы, ведаюць гэта, — кажа Аляксандар Рыбак. — Таму ня думаю, што мяне неяк цынічна выкарыстоўваюць. Я не палітык. Я лічу вельмі добрым тое, што магу вярнуцца туды, дзе нарадзіўся. Мае бацькі такога не маглі сабе дазволіць з прычыны страху. Яны не былі ўпэўнены ў тым, што, трапіўшы ў Беларусь, яны змогуць зь яе без усялякіх праблемаў выехаць”.

На пытаньне журналіста, ці бачыў ён нейкія рэпрэсіі на радзіме, Аляксандар адказвае адмоўна. Большую частку таго часу, што ён правёў у Менску, заняло судзейства ў конкурсе маладых сьпевакоў, у якім, дарэчы, выйграла салістка беларускага прэзыдэнцкага аркестру.

Тое, што за гэтым назірае беларускі прэзыдэнт, шмат каго вельмі палохала
“Я быў у журы і судзіў выступы канкурсантаў. Тое, што за гэтым назірае беларускі прэзыдэнт, шмат каго вельмі палохала”, — сьмяецца Рыбак.

Паводле слоў музыканта, адзін дзень, праведзены ў Менску, не дае поўнага ўражаньня пра сытуацыю ў краіне. Каб атрымаць дакладную карціну, яму трэба “зноў наведаць краіну, прычым іншыя мясьціны, ня толькі Менск”.

23-гадовы юнак, які пакінуў Беларусь у 5-гадовым узросьце, спадзяецца, што зробіць гэта неўзабаве.

У адказ на пытаньне, ці стаў ён багатым у выніку перамогі на конкурсе “Эўрабачаньне”, Аляксандар кажа: “Я стаў фінансава незалежным, і цяпер мне ня трэба думаць, які гатунак сыру я магу сабе купіць”.

Чаго Аляксандар, паводле яго слоў, увогуле не чакаў ад перамогі на “Эўрабачаньні”, — дык гэта сапраўднага буму пародыяў на яго “Казку”.

“Вы сабе нават і ўявіць ня можаце, колькі людзей робяць на мяне пародыі ў Нарвэгіі”, — кажа юнак і дадае: “Але я ганаруся сваёй перамогай”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG