Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

“Сідорскі стаў кладаўшчыком малочнай прадукцыі ўсёй Беларусі”


Адмова Расеі выдзеліць Беларусі крэдыт, забарона на ўвоз на расейскую тэрыторыю беларускай малочнай прадукцыі, падрыхтоўка да прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі — у сёньняшніх тэлефанаваньнях на “Свабоду”.


Міністар замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў заявіў, што забарона на ўвоз малочнай прадукцыі зь Беларусі — ня санкцыі, а клопат пра здароўе сваіх спажыўцоў. Нагадаю, што Масква забараніла ўвоз на сваю тэрыторыю 600 гатункаў беларускай малочнай прадукцыі. Зараз гаворка вядзецца пра магчымую забарону яшчэ 800 гатункаў. Гэтаму папярэднічалі адмова расейскага ўраду выдзеліць Беларусі крэдыт і ўзаемныя вінавачаньні высокапастаўленых чыноўнікаў. Выказваньні слухачоў на гэтую тэму:

Валер Курневіч, Барысаў:

“Некалі цыганы кралі ў суседзяў каней.
Наш прэзыдэнт гэтую справу робіць ямчэй.
Усё крэдыты просіць і просіць,
але, відаць, ён думкі іншыя носіць.
Потым, каб даўгі не аддаваць,
відаць, будзе ў Вэнэсуэле адпачываць.
Выказаў думку слухач з Барысава, зь Пячэй.
А можа, прэзыдэнт зробіць справу раздачы пазык неяк ямчэй?
Тады буду за яго доўга галасаваць,
бо лепшага прэзыдэнта на Беларусі ня знойдзеш, відаць”.


Спадар: “Сідорскі ў сваіх выказваньнях пра міністра фінансаў Расеі Кудрына сказаў, што ён -- кладаўшчык. А сам стаў кладаўшчыком малочнай прадукцыі ўсёй Беларусі, якая не адпавядае стандартам Расеі і папраўкам 2008 году. Праспалі, спадарства. Відаць, пасяўная з крызісам перашкодзілі. Ці цукар чайнай лыжкай прадавалі. Час пакажа. Аддзел кадраў пры прэзыдэнце краіны павінен накіраваць двух кіраўнікоў краіны на курсы падвышэньня кваліфікацыі на тэму “Дыпляматычная этыка”. Як сказаў Мядзьведзеў, яна адсутнічае ў нашых найбліжэйшых партнэраў. Жыхар Беларусі”.

Выказваньне камэнтуе палітык і эканаміст Аляксей Янукевіч:

“Безумоўна, нельга падзяляць гэтыя дыпляматычныя і гандлёвыя войны, бо гэта ўсё ў адным рэчышчы. І тут няма ніякага сэнсу накіроўваць чыноўнікаў беларускага ўраду на дыпляматычныя курсы, бо трэба проста мяняць гэты ўрад. Калі казаць пра стасункі з Расеяй, то працягваецца тая ж самая палітыка — калі хочуць узяць як найбольш беларускай уласнасьці ва ўмовах, калі эканамічная сытуацыя пагаршаецца, у тым ліку і ў Беларусі. Адбываецца ціск на Лукашэнку, каб ён быў больш падатны і кіраваны. Зрэшты, я б не сказаў, што нешта новае адбываецца. Крыху абвастраецца выкарыстаньне тых самых мэтадаў, якія Расея выкарыстоўвае ў сваёй зьнешняй палітыцы незалежна ад таго, ці гэта Беларусь, ці іншыя краіны”.

На тэму прэзыдэнцкіх выбараў — наступнае тэлефанаваньне.

Спадарыня: “У нас ёсьць разумныя людзі, якія могуць кіраваць краінай, народныя лідэры: Казулін Аляксандар Уладзіслававіч, Мілінкевіч Аляксандар Уладзіміравіч. Мы ня будзем узважваць, хто зрабіў больш альбо менш для народу. Гэта культурныя людзі. Хопіць з нас зьдзекавацца, Лукашэнка, ідзі ў адстаўку. Усяго найлепшага, дарагая “Свабода”!”

Шаноўныя слухачы! Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: + 375 29 391 22 24. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.
XS
SM
MD
LG