Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ваша онлайн-канфэрэнцыя: адкажыце на пытаньні з Азэрбайджану.

Азэрбайджанская служба Радыё Свабода перадала нам пытаньні сваіх слухачоў пра Беларусь, на якія мы просім адказаць вас. Калі ласка, пры адказе пазначайце нумар пытаньня.

1. Ватандаш, Баку: Мой сваяк у Беларусі распавядае, што ў вас там па-ранейшаму ўсё як у савецкія часы. Дзяржава клапоціцца пра людзей. Пэнсіянэры атрымоўваюць прыстойныя пэнсіі, ахова здароўя на належным узроўні і значна таньней, чым у Азэрбайджане. А для пэнсіянэраў нават бясплатна. Узровень карупцыі мінімальны – можа, недзе ўверсе і бяруць хабар, але ня так, як у нас, дзе ўсе хабарнікі, ад начальніка ЖЭКу да дырэктара школы. Адным словам, зайздросьцім Беларусі. Вы можаце сабе ўявіць, якія ў нас справы, калі мы зайздросьцім нават Беларусі.

Піліп: Згодны толькі з тым што хабар ня так бяруць.
Валеры Грыцук: Так, у Азэрбайджане карупцыя, так ёсьць там дзясяткі палітычных зняволеных. Але там ёсьць апазыцыйная прэса і радыё, ёсьць шматлікія апазыцыйныя партыі і НУА, не 1250. Але там усходняя моцная кланавая-радавая сістэма - гэта традыцыя народная!
Аляксандар Лукашук: Галоўнае тут – як у савецкія часы. Менавіта так дзяржава і здольная клапаціцца, як за савецкім часам – на даволі прымітыўным паводле мерак цяперашняга часу узроўні, з чэргамі, з блатам, з хабарам. Узровень карупцыі паводле міжнародных ацэнак – летась 150-е месца ў сьвеце, а паводле меркаваньня саміх людзей – значна лепшы, чым нават у суседняй Літве. У дэмакратычных сыстэмах супраць карупцыі працуюць закон і яго выканаўцы, выбарныя органы ўлады, прэса. У аўтарытарнай сыстэме выкрыцьцё карупцыянэраў – справа царскай ласкі.
Дарэчы, міжнародная арганізацыя “Transparency International” рыхтуе штогадовую справаздачу аб узроўні карупцыі. І вось як там выглядае Беларусь:
У 1998–2002 гадах – сярод 50 краінаў з найменшай карупцыяй у сьвеце,
2003 – 53 месца
2004 – 74 месца
2005 – 107 месца
2006 – 151 месца
2007 – 150 месца.
2008 год:
Беларусь – 150 месца
Расея – 147 месца
Украіна – 134 месца
Польшча – 58 месца
Латвія – 52 месца
Літва – 58 месца.
Настасься: Ахова здарoўя ў Беларусі на належным узроўні??? Не сьмяшыце мяне! У шпіталь трэба класьціся са сваімі лекамі, посудам і перавязачным матэрыялам, а медыкаменты выпісваюць ня тыя, што лечаць, а тыя, якія вырабляюць беларускія вытворцы! Ну, а тое, што без паднашэньня да ніводнага доктара ня ходзяць – гэта і школьніку вядома…
Алесь: Беларускія ўлады доўгі час былі здольныя захоўваць больш-менш прыстойную сацыяльную абарону насельніцтва, бо мелі вялікія датацыі і прэфэрэнцыі ад Расеі ў абмен на здачу нацыянальнай культуры і палітычную патрымку для Расеі. А цяпер Расея хоча ў адказ большага, так што сацыяльнай дзяржавы ўсё меней.
Піўны чалавек: Да слоў спадара Лукашука пра "савецкія стандарты" можна дадаць хібп што адно -- у паліклініцы, у ЖЭКУ, і г.д. шакалад "Алёнушка" замянілі канвэрты з грашыма. Гэта -- на пабытовым узроўні. Мне падаецца, што ўзровень хабарніцтва ў Менску і ў Баку прыблізна аднолькавы. Паглядзіце на колькасьць шыкоўных аўто на цэнтральных праспэктах Менску. Потым прасачыце, хто іх уладальнікі. 9 з 10 будуць мець сваякоў у адміністрацыі (раёну, горада, краіны). За 15 гадоў лукашэнкавага кіраўніцтва склалася каста з 1000-1500 семьяў, якія кантралююць усё і ўся. Вы скажаце, што гэта, паводле клясычнага вызначэньня, не карупцыя? Тады, агчыма, падыдзе іншы тэрмін -- мафія.

2. Раб аўтакратыі
: Ільхам Аліеў спрабуе выглядаць гэткім элітарным чалавекам, які, у адрозьненьне ад, напрыклад, прэзыдэнта Зімбабвэ Мугабэ, падзяляе заходнія каштоўнасьці. Напрыклад, запрашае ў Баку Элтана Джона і хваліцца, маўляў, глядзіце, я ж такі, як і вы. А ў сваіх інтэрвію замежным тэлеканалам кажа, што ягоны ўласны народ адсталы і застаўся ледзь не ў фэадалізме, і нельга яму даваць дэмакратыі. Пытаньне: ці выкарыстоўвае Лукашэнка такія мэтады? Ці запрашае ў Менск такіх зорак, як Стынг ці Элтан Джон? Ці заяўляе, што народ Беларусі не падрыхтаваны да дэмакратыі?

Піліп: Для Лукашэнкі галоўная каштоўнасьць - улада, ён будзе лавіраваць паміж Усходам і Захадам каб толькі застацца пры ёй, а калі спатрэбіцца то і д'яблу душу прадасьць.
Аляксандар Лукашук: Лукашэнка некалі заявіў: “За цывілізаваным сьветам я свой народ не павяду”. У выніку яго самога перасталі пускаць у цывілізаваны сьвет. Беларускі прэзыдэнт шмат гадоў ня мог выехаць у Эўропу і ЗША – візавыя санкцыі за парушэньні правоў чалавека і фальсыфікацыю выбараў забаранялі падарожжы ў гэтыя краіны дзясяткам высокапастаўленых беларускіх чыноўнікаў, тым часам як лідэры палітычнай апазыцыі былі гасьцямі Белага дому ў ЗША і роўнымі суразмоўцамі з кіраўніцтвам Эўразьвязу. У Беларусь прыяжджаюць час ад часу заходнія зоркі, але іх мала, за апошнія пяць гадоў, П'ер Кардэн, адзін-два сьпевакі. Пераважна з Лукашэнкам любяць фатаграфавацца госьці з Расеі.
Begemot Svislach: У Лукашэнкі крыху іншая біяграфія. Ілхам – з “залатой моладзі”, ўсё ў жыцьці атрымліваў перавязанае банцікам. А Лукашэнка сваё месца пад сонейкам выгрызаў зубамі. Ну і густы адпаведныя. Што яму гэтыя Элтаны Джоны, яму б песьню “Валенкі” паслухаць:-) Што, дарэчы, неабавязкова кепска. Ягоныя густы прыкладна такія ж, як і сярэдняга беларуса.
Піўны чалавек: Я сумняюся, што Лукашэнка ведае,хто такі Элтан Джон , ці Пол Макартні. Ягоная вяршыня -- Філя Кіркораў і "Славянскі базар".

3. Мармі, Баку
: А ў вас рэлігійныя лідэры гэтаксама займаюцца бізнэсам?

Піліп: Пра такое ня чуў.

Аляксандар Лукашук: Беларускі экзархат Расейскай праваслаўнай царквы – буйная эканамічная структура, якая адзін час нават мела права бязмытнага ўвозу алькаголю і зарабіла мільёны даляраў, якія, паводле афіцыйных зьвестак, ішлі на будаўніцтва храмаў. Але пра асабісты бізнэс рэлігійных кіраўнікоў мне не вядома.
Піўны чалавек: На жаль, некаторыя нашыя папы ня толькі пасярэднікі паміж чалавекам і Богам, але і пасярэднікі пры камэрцыйных зьдзелках. Хаця ім далёка да тав. Гудзіліна, які рассякаў па Маскве на джыпе, і ў Смаленск лётаў на ўласным самалёце, аж пакуль не быў ўзьведзены ў ранг патрыярха.


4. Борхалі: Я думаю, што ў вас там народ жадае пераменаў. Але Расея супраць гэтых пераменаў. А ў нас народ больш пасіўны. Ці згодны Вы са мной?

Піліп: Думаю, у прынцыпе, сытуацыя аднолькавая. Дый калі нас болей чым на адно жаданьне не хапае, перамены самы сабою не наступяць.
Аляксандар Лукашук: Расейская палітыка апошніх 15 гадоў сапраўды накіраваная на захаваньне рэжыму А. Лукашэнкі. Беларусь штогод фактычна атрымлівала шматмільярдныя датацыі з Масквы, на якіх трымалася сацыялістычная мадэль беларускай эканомікі. Расея плаціла Лукашэнку за яго абдымкі і пацалункі.
Пра народы – які больш пасіўны, які менш – казаць больш складана. Жаданьні народаў цяжка параўноўваць. Частка беларускага грамадзтва, і на маю асабістую думку, лепшая частка, змагаецца за перамены – за права жыць свабодна, за сумленныя выбары, за эканамічныя роўныя правы для ўсіх, за агульначалавечыя ўнівэрсальныя каштоўнасьці. Але ёсьць і шмат такіх, хто шчыра падтрымлівае прэзыдэнта Лукашэнку, хто лічыць, што лепш быць з Расеяй, ёсьць вялікі слой намэнклятуры, які па-рознаму ставіцца да Лукашэнкі, але ня хоча ніякіх пераменаў. Я быў у Баку і сустракаўся зь вядомымі дзеячамі апазыцыі, з журналістамі. Яны мяне вельмі ўразілі – сваімі каштоўнасьцямі, сваёй сьмеласьцю, сваёй мудрасьцю. У нас нашмат больш агульнага, у тым ліку і будучыня, якая будзе свабоднай.
Begemot Svislach: Калі народ жадае пераменаў, дык яны наступаюць і любыя, самыя жорсткія дыктатуры абрынаюцца. Ужо нашто непахісным здаваўся СССР – увесь сьвет яго баяўся, магутная ідэалёгія была, сродкі і гвалту і запалохваньня несувымерна больш моцныя, чым што ў вашай, што ў нашай традыцыйных дэспатыях. Але прыйшоў час і абрынуўся, як картачны дамок. Так што мяркую, што справа не ў Расеі, а ў беларусах і ў азэрбайджанцах. Наконт пасіўнасьці азэрбайджанцаў, большай, чым у беларусаў – гэта спрэчна. Пераменаў няма ні ў нас, ні ў вас. Але ў вас ёсьць вельмі моцны культурна вам блізкі вэстэрнізатарскі гэапалітычны “магніт” – Турцыя. Для беларусаў Расея культурна блізкая, але ня надта сама вэстэрнізаваная, а, скажам, у Польшчы з вэстэрнізацыяй усё у парадку, яна ўжо і ёсьць частка Захаду, але культурная дыстанцыя паміж Беларусьсю і Польшчай , так падаецца, значна большая, чым паміж Азэрбайджанам і Турцыяй.
Піўны чалавек:. Крэмль ніклі не падтрымліваў у Беларусі дэмакратыю. Зрэшты, ён нідзе яе не падтрымліваў.


5. Рафаэль Тыбуці: Пра што Вы... у нас прэзыдэнт умее кіраваць аўтобусам. А ў вас?

Аляксандар Лукашук: А ваш прэзыдэнт умее кіраваць надвор'ем? Лукашэнка – умее: ён заявіў аднойчы па тэлебачаньні аднаму кіраўніку вобласьці – ты прасіў дождж – я даў табе дождж. Вось Аліеў можа даць дождж? Беларускі прэзыдэнт умее кіраваць усім: войскам – ён галоўнакамандуючы, спортам – ён галоўны хакеіст Беларусі і лыжнік і старшыня Алімпійскага камітэту, кіруе гісторыяй, якую ствараюць нанова – ён паводле адукацыі гісторык, ён кіруе сельскай гаспадаркай – ён былы дырэктар саўгасу, ён кіруе нават Расеяй – як старшыня Саюзнай дзяржавы. Можа і аўтобусам умее, хто яго ведае – добрая прафэсія, бяз працы не прападзеш калі што.
Ганна: У Беларусі прэзыдэнт умее граць на гармоніку, перабіраць бульбу, сядзець на канцэртах паміж бландынкай і брунэткай, рабіць дзяцей, езьдзіць на роліках, граць у хакей і яшчэ шмат-шмат чаго, але надакучыла за ўсім гэтым назіраць
Піўны чалавек: Можа, і аўтобусам Лукашэнка можа кіраваць, але кіраўнік краінай ён дрэнны.


6. Фуад: Прабачце, у вас, як і ў нас, людзі як быццам белыя, але жывуць як у рабстве.

Піліп: Ну не зусім як у рабстве, выбар заусёды ёсьць.

Аляксандар Лукашук: Індывідуальныя свабоды ў Беларусі ёсьць, але яны абмежаваны адной жорсткай рысай: Лукашэнка і яго ўлада па-за межамі рэальнага абмеркаваньня і ўплыву з боку грамадзтва. У палітычным сэнсе людзі сапраўды ня маюць свабоды.
Піўны чалавек: Адчуваньне свабоды не залежыць ад колеру скуры. Ад нацыянальнсьці таксама.

7. Санчо Захатала: У Азэрбайджане вялізныя грошы ідуць на футбол. Але ўсё ж разьвіцьцё беларускага футболу на галаву вышэйшае. Прыгадаем таго ж Аляксандра Глеба. Чым Вы тлумачыце гэта – які фактар матэрыяльных затратаў пры разьвіцьці футболу?

Піліп: Думаю, што лепшыя часы азэрбайджанскага футболу яшчэ наперадзе.Мо варта яшчэ крыху пачакаць?
Аляксандар Лукашук: Усе дыктатары любяць і падтрымліваюць спорт. Але спорт ня надта любіць дыктатараў. Асаблівых дасягненьняў у беларускага футболу няма – зборная каманда ні разу ня выйшла у значны эўрапейскі ці сусьветны турнір, узровень гульні спрабуюць вырашаць запросінамі замежных гульцоў, ёсьць асобныя таленавітыя спартоўцы. Беларускі прэзыдэнт аддае перавагу хакею – туды ўкладаюцца велізарныя сродкі – па ўсёй краіне пабудаваныя лядовыя палацы, і тут у беларускай зборнай большыя посьпехі. Сумняваюся, аднак, што затраты вартыя аддачы.
Алесь: Футбол беларускі быў крыху мацнейшы яшчэ з савецкіх часоў -- усё ж такі менскае "Дынама" мае больш чым пахваліцца, чым бакінскія "нафтавікі"
Піўны чалавек: Лепш бы і ў Беларусі, і ў Азэрбайджане грошы ішлі на дзіцячыя дамы, шпіталі, школы і бібліятэкі.


8. Эхлі, Баку: Я згодны з Вамі, што Лукашэнка мацнейшы за Аліева. Хаця ён і дыктатар, але ўсё ж мае пэўны аўтарытэт. Ягоная дыктатура не абапіраецца, як у нас, на карупцыю, яна абапіраецца на асабісты аўтарытэт і на сілу. Значыць, дыктатура ў Беларусі базуецца на гвалце, у той час як у нас – на карупцыі. Вы з гэтым згодны?

Піліп: Можа быць, але гвалт нікому ня робіць чэсьці.

Аляксандар Лукашук: Цікавая заўвага. Дыктатура мае некалькі апірышчаў, але сапраўды ня можа існаваць бяз страху і сілы, якая ўжываецца дзеля падтрыманьня страху.
Begemot Svislach: Любая дыктатура базуецца перш за ўсё на гатоўнасьці людзей ахвяраваць свабодай за бясьпеку, парадак, дабрабыт. Магчыма, Лукашэнка і Аліеў забясьпечваюць гэты кантракт у рознай ступені і па-рознаму, ваша нафта – магчыма і ваш паратунак і ваш праклён. Але і тая і другая краіна – не сталінскі СССР і не Паўночная Карэя, беларускі і азэрбайджанскі рэжымы існуюць, бо існуе негалосная здзелка з маўклівай большасьцю. Калі людзі больш не захочуць абменьваць сваю свабоду на падачкі рэжымаў, тады і пачнуцца зьмены.
Піўны чалавек: Дыктатура ў Беларусі якраз і будуецца на карупцыі -- на пагадненьні (няпісаным) Лукашэнкі і чынавенцтва, якому ён дае зарабляць вялікія грошы.

9. Айнур Адыльсаў, Баку: У нас хабар прапануюць нават самому Госпаду Богу, а ў вас?

Піліп: :) І бярэ???:)
Аляксандар Лукашук: І як, бярэ? Мы часам задаем гэтае пытаньне на вуліцах прахожым – пераважна ўсе адказваюць, што не давалі. Праўда, у Беларусі ня толькі браць, але і даваць хабар – крымінальнае злачынства.
Піўны чалавек: Азэрбайджан тут не першаадкрывальнік. У сярэднявечнай Эўропе індульгенцыю можна таксама разглядаць як хабар).


10. Аслан, Баку: Пасьля сьмерці Гейдара Аліева нашыя чыноўнікі сабраліся і падзялілі грамадзтва паміж сабой на сфэры ўплыву. І кіруюць ім. А ў вас Лукашэнка, можа, і дыктатар, але ўсе законы дзейнічаюць, карупцыя, хабарніцтва і падхалімства не такія моцныя, як у нас.

Аляксандар Лукашук: Законы дзейнічаюць, але не для ўсіх, і ў гэтым беларуская праблема. Да прыкладу, былая кіраўніца спраў адміністрацыі прэзыдэнта Галіна Жураўкова была асуджаная за крадзеж больш як трох мільёнаў даляраў. Але пасьля таго, як папрасіла прабачэньня ў Лукашэнкі – яна была выпушчаная на волю.
Настасься: Калі няма незалежнага суду і сьведчаньні міліцыянтаў маюць перавагу перад незалежнымі сьведкамі – пра якое дзеяньне законаў можа ісьці мова? Напярэдадні любой акцыі апазыцыі людзей пачкамі саджаюць за краты – нібыта за нецэнзурную лаянку ў грамадзкіх месцах. Хаця праўда, што прынамсі не расстрэльваюць…
Піўны чалавек: У вас - падзялілі паміж чыноўнікамі, а ў нас Лукашэнка кіруе азін. А дакладней -- валодае ўсім непадзельна.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG