Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У менскім выдавецтве “Лімарыюс” пабачыла сьвет кніга “Паслаў бы табе душу…” – ліставаньне Рыгора Барадуліна з маці. У зборнік увайшлі лісты амаль за два дзясяткі гадоў, пачынаючы з 1954-га, калі будучы народны паэт стаў студэнтам Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту і зьехаў з Вушачы ў Менск. З сынам пра маці Куліну Андрэеўну Барадуліну мы пагаварылі напярэдадні 10 чэрвеня, калі прыпадаюць 100-я ўгодкі зь дня яе народзінаў.


Міхась Скобла
Міхась Скобла:
“Спадар Рыгор, найперш віншую вас з выхадам такой незвычайнай кнігі. Думаю, што ў пераліку ўсіх вашых кніг “Паслаў бы табе душу…” зойме нейкае асаблівае месца. Калі вы ўпершыню зразумелі, што ваша перапіска з маці, па сутнасьці, вельмі інтымная, будзе мець яшчэ і літаратурнае значэньне?”

Рыгор Барадулін: “У 90-я гады я працаваў у выдавецтве “Мастацкая літаратура” і аднойчы прынёс некалькі паштовак ад мамы, некалькі лістоў. І рэдактар Наташа Давыдзенка сказала, што можна вельмі цікавую кнігу выдаць. Прайшоў немалы час, ідэя гэтая мяне не пакідала, і я неяк паехаў у Вушачу, забраў свае лісты, пералапаціў тое, што было тут ад мамы. Наташа Давыдзенка ўзялася за падрыхтоўку тэкстаў, потым да яе далучыўся Сяргей Шапран. Практычна, удвух яны гэта і асілілі. Калі б не было падтрымкі, калі б не было ўвагі з боку добрых людзей, то кніжка ня выйшла б. Я хачу падзякаваць Андрэю Дубіцкаму, Андрэю Маркаву і Глебу Лабадзенку – за дапамогу. Дзякую таксама выдаўцам, якія выдалі гэтую кніжку. А асаблівую падзяку, самы нізкі паклон хачу адрасаваць фундатару выданьня Ўладзімеру Эдуардавічу Двоскіну. Як у нас гаварылі – каб ён быў багаты і касматы”.

Скобла: “Вы пісалі маці з нечуванай шчырасьцю. Ствараецца ўражаньне, што яна ведала ўсё пра свайго сына ў Менску. А пра што вы стараліся не пісаць маці?”

Барадулін: “Я, бывала, да чаркі прыкладаўся, вучыцца ленаваўся. А ў лістах стараўся быць трошку прыгажэйшым, чым быў насамрэч. Але мама адчувала сэрдцам – усё-усё. І адразу пісала мне: “Не дурэй!”. Для мяне мама была ўсё: і сьвет, і жыцьцё”.

Скобла: “Вы зьбераглі ўсе матчыны лісты, усе паштоўкі?”

Барадулін: “Я стараўся. Пераяжджаючы з кватэры на кватэру, я, канешне ж, імкнуўся і лісьціначкі не згубіць, таму што гэта – самае дарагое, што засталося ад мамы. Цяпер чытаю кнігу – як быццам гавару зноў з мамай. Некалі Васіль Быкаў расказваў мне, як ён вярнуўся да беларускай мовы. Ён на Далёкім Усходзе ўспамінаў, як гаварыла яго мама – і так прыйшоў ізноў да беларускай мовы. Так і я. У мяне мова маёй мамы. Усё, што ёсьць ува мне добрае – гэта ад мамы, а што дрэннае – дык гэта асабіста ад мяне”.

Скобла: “Рэдактары беражна аднесьліся да мовы вашай маці, яна пакінутая ў першапачатковым выглядзе. “Было в школе сабрание, наставники гаварыли аб цибе: харашо учывся, вот и паступил у харошае места. И я рада – пускай и на нашай вуліцы кирмаш. На школу я цяпер и не гляжу, думаю: стаи сабе здаровая, а мой сынок пайшов выше…” Відно, што маці сынам ганарылася. А за што – дакарала?”

Барадулін: “Аднойчы па суседзтве прыехала з Латвіі дзяўчына і вучыла мяне цалавацца. Маме гэта не зусім падабалася. А пасьля прыехала ўзначальваць мастацкую самадзейнасьць нейкая Марыя, і я часта вечарам да яе бегаў. Дык мама нас разганяла розгамі, каб, ня дай Бог, я не ажаніўся раней часу. У маладыя гады мяне цягнула да чаркі, а мама ўсё гэта адчувала, у якіх бы ружовых фарбах я ёй ні апісваў сваё жыцьцё – яна ўсё адчувала”.

Скобла: “Маці пісала вам на вушацкай трасянцы. А ў 1954 годзе папрасіла: “Сынок, пишы мне па-руску, а то знаеш, какий я грамацей, не магу разабрать”. І сын пісаў “па-руску” – з 1954 па 1956 год. А што адбылося ў 1956-м?”

Барадулін: “У Казахстан я трапіў, на цаліну. І ўжо адтуль пісаць дадому па-расейску ну аніяк не выпадала. Але з мамай я заўсёды размаўляў толькі па-беларуску. Мы зь ёю праходзілі ўвесь курс беларускай літаратуры: я часта чытаў ёй услых. Яна дужа любіла, калі я чытаў ёй “Новую зямлю” Якуба Коласа. Так, практычна, мама заканчвала са мной курс сярэдняй школы па беларускай літаратуры. Яна па-расейску не гаварыла. Ёй спачатку было цяжкавата прывыкнуць да беларускай літаратурнай мовы, а потым прывыкла, і ўсё стала нармальна. Мама выдатна ведала беларускую мову. Я ад яе вучыў і песьні, і частушкі, і казкі, і прыказкі, карацей кажучы, мама была для мяне энцыкляпэдыяй беларускасьці. З вушацкім ухілам”.

Скобла: “Я зьвярнуў увагу, што вы падрабязна пісалі ня толькі пра свой побыт, пра тое, што наеты і абуты, але і пра справы літаратурныя: надрукаваўся ў “Вожыку”, рыхтуецца падборка вершаў у “Полымі”, выйдзе зборнік у Маскве… Наколькі ўсё гэта цікавіла вашу маці?”

Барадулін: “Мама любіла вершы, асабліва вершы з усьмешкай, лірыку, апісаньні прыроды, яна разумела паэзію душой. Я проста стараўся парадаваць яе, маўляў, выбіваюся ў людзі, заадно хацеў трошкі пахваліцца, паказаць, што я станаўлюся такім, якім яна і хацела мяне бачыць. Маму гэта дужа радавала, асабліва, калі я пасылаў ёй падборкі сваіх вершаў. Асабліва яна любіла слухаць сынавы вершы па радыё – тады яшчэ мяне давалі па дзяржаўным радыё”.

Скобла: “Уладзімер Някляеў у прадмове да кнігі згадвае, як крытык Рыгор Бярозкін у свой час вас папракаў: “Ты, Грыша, як дзіця: мама, мама, мама…” Як вы лічыце, калі б Бярозкін пабачыў гэтую кнігу, калі б пачытаў ваш зборнік “Эвангельле ад Мамы”, ён зьмяніў бы сваю думку?”

Барадулін: “Рыгор Саламонавіч Бярозкін быў унікальны чалавек, ён паэзію адчуваў, як ніхто. І калі ён часам папракаў, то гэта адбывалася з вясёлым гумарам. Я думаю, што ён проста хацеў, каб я шырэй на сьвет глянуў. Мяркую, калі б ён пабачыў гэтую кнігу, то памяняў бы сваю думку”.

Скобла: “Вы вазілі многіх сваіх сяброў ва Ўшачу, у матчыну хату, да мамы. А роўна сорак гадоў таму, 10 чэрвеня 1969 году, вашу маці з 60-годзьдзем калектыўнай тэлеграмай віншавалі Васіль Быкаў, Янка Брыль, Уладзімер Караткевіч, Міхась Стральцоў, Адам Мальдзіс, Генадзь Бураўкін, Генадзь Аўсянікаў і яшчэ больш за дваццаць вашых сяброў. Хто зь іх найбольш прыйшоўся даспадобы Куліне Андрэеўне?”

Барадулін: “Каго толькі ні было ў нашай вушацкай хаце! Васіль Быкаў, Барыс Забораў, Ігар Шклярэўскі, Караткевіч… Былі і баўгары – Георгій Вылчаў, напрыклад. Мама мне заўсёды раіла браць прыклад з Быкава. Дужа любіла мама Караткевіча – як сына, любіла Валянціна Ждановіча, які многа здымкаў зрабіў, дужа паважала Янку Брыля. Сапраўды па-сыноўску любіў маю маму Валодзя Караткевіч. Ён быў унікальны чалавек: унікальны як творца, унікальны па сваёй непасрэднасьці, шчырасьці, ён ніколі не падкрэсьліваў, што ён – пісьменьнік, паэт, што ён – Уладзімер Караткевіч. Ён быў шчыры, як дзіця, і гэтым ён, канешне, падкупляў усіх, і мама яго дужа-дужа любіла. Заўсёды ў мамы была бражка для гасьцей. Заўсёды было што і зьесьці, і выпіць, і месца спаць. Можна сказаць, што ў матчынай хаце ў Вушачы быў сапраўдны літаратурны салён”.

Скобла: “Асобную кнігу склала ваша перапіска з Васілём Быкавым, яна называецца “Дажыць да зялёнай травы”. Цяпер вось выйшла ліставаньне з мамай. Каму вы сёньня пішаце лісты, ці ўжо абыходзіцеся тэлефонам?”

Барадулін: “Цяпер ужо амаль няма каму пісаць. Рука ўжо ня піша. Гэта страшная рэч – інтэрнэт, кампутары. Зьнікае непасрэднасьць, шчырасьць, знікаюць рысы быту, часу – такія маленькія драбязінкі, якія апішаш толькі ў пісьме. Біблія не магла быць напісаная на кампутары – я гэтага не ўяўляю. Таму што рука зьвязаная з мозгам і перадае ўсе пачуцьці. Невыпадкова раней пісалі гусіным пяром, не мэталічным, а менавіта гусіным – гусі ж за аблокі лётаюць, і пяро гусінае перадае адначасова і палёт, і вышыню думкі. Васіль Быкаў расказваў, што самым першым у яго было менавіта гусінае пяро, каторае яму зрабіў бацька. Я думаю, што “прагрэс прагрыз” шмат непатрэбных дзірак у чалавечых адносінах, усё стала зручным, ня трэба лішне рухацца, націснуў кнопку – і гатова. Паэт Уладзіслаў Лапушын прыяжджаў нядаўна з Амэрыкі і расказваў, што там нават подпіс за цябе кампутар ставіць. Сучасную паэзію бяз рыфмы, бяз рытму можна, напэўна, і на кампутары пісаць. Яе і перакладаць лёгка – пераказвай даслоўна і ўсё. Я ня супраць такой літаратуры – у гаспадарцы ўсё спатрэбіцца, а час выявіць сапраўдныя вартасьці”.

Скобла: “У лістах да маці вы надзвычай пяшчотны і адданы сын. А за што вам хацелася б папрасіць у маці прабачэньня?”

Барадулін: “Я кожны вечар, калі малюся, прашу ў мамы прабачэньня, каб яна мне даравала маю няўвагу. Мне здавалася, што мама вечная. Цяпер я зразумеў, што трэба было кожную хвіліну думаць пра маму. Нанач, калі кладуся спаць, паўтараю словы малітвы, якую гаварыла мама: “Абнясі, Божа, тынам ад зямлі да неба, сахрані мяне, Божа, адныні і да веку”. Мамачка мая родная, няхай будзе табе Царства Нябеснае, пухам табе зямелька родная вушацкая. Мамачка мая ранішняя, мамачка мая сьветлая, мамачка мая родная, пашлі мне імгненьне спакою, даруй мне, даруй мне, даруй мне, мамачка, дзякуй, дзякуй, дзякуй”.

Сувязь з аўтарам перадачы: m.skobla@tut.by

Здымкі з архіву Рыгора Барадуліна для нашага сайту

Куліна Андрэеўна Барадуліна

Рыгор Барадулін. Подпіс на адвароце: “Маёй зязюльцы шэрай, маёй любай маме – ад сына Грышы”

Маці і сын

  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

XS
SM
MD
LG