Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эмануіл Зэльцэр аб’явіў галадоўку

  • БелаПАН

Амэрыканскі грамадзянін Эмануіл Зэльцэр, які адбывае трохгадовы тэрмін зьняволеньня ў магілёўскай калёніі, сёньня аб’явіў галадоўку.


У інтэрвію БелаПАН адвакат Дзьмітры Гарачка паведаміў, што галадоўкаю Эмануіл Зэльцэр спрабуе зьвярнуць увагу на факт неўгрунтаванага, на ягоную думку, зацягваньня выдачы даведкі Менскім гарадзкім судом, безь якой адміністрацыя калёніі ня можа разгледзець пытаньня аб ужыцьці ў адносінах да асуджанага амністыі. Гарачка выказаў занепакоенасьць, што галадоўка падарве і так слабое здароўе Зэльцэра, які з моманту памяшчэньня ў калёнію знаходзіцца ў бальнічным аддзяленьні.

Адвакат лічыць, што Зэльцэр падпадае пад дзеяньне закону аб амністыі, падпісанага Аляксандрам Лукашэнкам 5 траўня.

Эмануіл Зэльцэр і яго сакратарка Ўладлена Функ былі затрыманыя па прыбыцьці ў Менск 12 сакавіка 2008 году. 11 жніўня мінулага году па абвінавачаньні за выкарыстаньне заведама фальшывых дакумэнтаў і спробу камэрцыйнага шпіянажу Зэльцэр быў засуджаны на тры гады пазбаўленьня волі, Функ – на адзін год. Сваёй віны асуджаныя не прызналі. Уладлена Функ адбыла тэрмін пакараньня і 20 сакавіка вярнулася дадому ў ЗША.

ЗША неаднаразова заклікалі беларускія ўлады вызваліць Эмануіла Зэльцэра зь меркаваньняў гуманнасьці, бо ў зьняволеньні яго здароўе сур'ёзна пагоршылася.

XS
SM
MD
LG