Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СТРАТЫ. Тыдзень з блогерам Czerniec’ом


Czerniec
Czerniec
“АБЛОГА. ТЫДЗЕНЬ З БЛОГЕРАМ” — летні праект сайту “Свабоды”, аўтарскі агляд самых цікавых публікацый, камэнтароў, дыскусій у беларускай блогафэры ад вядомых блогераў. Пяць разоў на тыдзень.

На гэтым тыдні цікавосткі ў фрэнд-стужцы, суполках Жывога журналу і іншых плятформаў шукае і камэнтуе Czerniec.

Memento mori

“Doch als du gingst, da brach in diese Buehne ein Streifen Wirklichkeit…”, — сказаў нямецкі паэт Рыльке пра ўварваньне сьмерці ў абыдзённасьць: “Ты сыходзіш, і на гэтыя падмосткі прарываецца водбліск рэчаіснасьці…” У віртуальную супольнасьць насамрэч урываецца жыцьцё, калі ў яго ўрываецца сьмерць. 4 чэрвеня памёр філёзаф, выкладчык ЭГУ Ўладзімер Фурс. У сеціве мноства выпускнікоў гэтага ўнікальнага беларускага ўнівэрсытэту, яны актыўныя маральна і сацыяльна, яны і мітрэнжаць чытачоў сваёй стратай. Каб адчулі, што гэтая страта — супольная.

Пераканаўшыся, што сьмерць саракапяцігадовага навукоўцы — не “ціпа жарт такі постмадэрновы”, аднадушна выдыхнулі: “Жах…”. Zmagarka на старонках свайго блогу зьбірае нэкралёгі і ўспаміны пра настаўніка, сабрала разам тэксты Фурса, раскіданыя на прасторах інтэрнэту. Czy невясёла рэзюмуе: “Не пасьпела яшчэ дарасьці і пасталець пакаленьне, здольнае працягваць і разьвіваць тую справу, што распачаў ён. І ці ўскалосіцца пасеянае бязь пільнага дагляду сейбіта?”


Сьцены, якія памятаюць Каганца і Апалінэра

Яшчэ страты. Не імгненныя, а пакутліва-доўгія. Блогерка rubleuskaja пабывала на развалінах маёнтка роду Кастравіцкіх у вёсцы Вялікія Навасёлкі і зрабіла некалькі здымкаў гэтага цікавага будынка. Дагэтуль цагляны мур выглядае вельмі прыстойна; пра пэрспэктывы “рэканструкцыі” помніка (як яе прынята рабіць паўсюдна на Беларусі) і падумаць страшна — лепей паміраць годна, чым існаваць у выглядзе выпусташанага абтынкаванага пудзіла.

Найперш гэты сьціплы маёнтачак значны тым, што гэта радавое гняздо беларускага паэта мяжы XIX-XX стст. Каруся Каганца (Казіміра-Рафаіла Кастравіцкага), дзе, кажуць, жыў нейкі час ягоны афранцужаны сваяк Гіём Апалінэр (Вільгельм Альбэрт Уладзімер Апалінарый Кастравіцкі). Можа, таму і выглядаюць разваліны нагэтулькі паэтычна.


Памятайма пра сіротаў, хворых, старых

Лёсам найбольш неабароненых групаў насельніцтва занепакоіўся kurt_bielarus. “Меркаваны курс на «вызваленьне» дзяржавы ад «непатрэбнага цяжару» — сіротаў, хворых, старых — будзе ня толькі амаральным, але прывядзе толькі да далейшага духоўнага заняпаду краіны”. Блогер шукае выратавальнае выйсьце ў вызваленьні прыватнае ініцыятывы ад задушлівага ціску бюракратычнага апарату, але не забывае паўшчуваць і буйны бізнэс, вінаваты, на яго погляд, у цяперашнім эканамічным крызісе. Камэнтары чытачоў:

“Эканамічны лібэралізм у яго радыкальных праявах (якія патрабуюць «пазбаўленьня ад непатрэбных») нічым ня лепшы за нацызм”.

— “Курт, у цяперашнім крызісе ў першую чаргу вінаватыя менавіта сацыяльныя дзяржавы, якія вы заклікаеце будаваць. І ў папярэднім таксама. І ў перад-папярэднім”
.


Як бунтар робіцца канфармістам

_extraneus_ здабыў цікавы факт пра пачатак творчага шляху беларускага дэлегата на Эўрабачаньне Пятра Ялфімава. “Узгадайма ваяроў, // Па чыіх ідзем сьлядох, // Не аднойчы і ня двойчы // Яны білі там чужынцаў, // Ручаямі лілі кроў, // Па варожых йшлі касьцёх! // Крочым поплеч на Усход // Па шляхох Альгерда!” — вось такія агнядышныя словы некалі дзёрліся з гартані цяпер ручнога, прылашчанага дзяржавай сьпевака.



Звычайны выпадак у культурна-палітычнай гісторыі: астылы бунтар робіцца разважлівым канфармістам. “Ай да Пеця!” — піша _extraneus_“Сур’ёзны хлопец, пякельны ліцьвінскі імпэрац, закляты вораг масквінам. Аказваецца, і такая старонка была ў біяграфіі нашай star. А вы ўсё «эўравізія», «эўравізія»… Ад’”. Ад’ ня ад’, але гэтая штучка будзе мацнейшая за “Etis atis animatis”!

Аўтобус Харона

Блогер sp_olegman знайшоў на дарогах нашае радзімы транспартны сродак пад нумарам “666”, які хадзіў з жылога мікрараёну Чыжоўка ў нежылы раён Могілкі, то бок, меркавана, наўпрост у тагасьвет.



Выява ружовае ладзьдзі Харона пацьвярджае думку пра Менск як пра вузел трансцэндэнтных сілавых ліній і эзатэрычны цэнтар Эўропы.

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG