Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Радзе Эўропы спадзяюцца на вызваленьне Аўтуховіча


Самуэль Жбогар
Самуэль Жбогар

Старшыня Камітэту міністраў Рады Эўропы Самуэль Жбогар, які адначасова зьяўляецца міністрам замежных спраў Славеніі, на прэсавай канфэрэнцыі ў Менску выказаў спадзеў на хуткае вызваленьне Мікалая Аўтуховіча і іншых палітвязьняў, а таксама заклікаў беларускі ўрад увесьці мараторый на выкананьне сьмяротнага пакараньня.


СЛУХАЦЬ:


Самуэль Жбогар да пазытыўных зьменаў у Беларусі аднёс вызваленьне палітвязьняў, рэгістрацыю руху “За свабоду”, стварэньне грамадзкіх радаў пры адміністрацыі прэзыдэнта з удзелам прадстаўнікоў няўрадавых арганізацый, вяртаньне ў друкарні і сыстэму “Саюздруку” дзьвюх незалежных газэт. Спадар Жбогар адмовіўся нейкім чынам пакрытыкаваць беларускія ўлады за апошнія парушэньні правоў чалавека ці несумленна праведзеныя парлямэнцкія выбары, спаслаўшыся на тое, што як госьцю яму гэта няёмка рабіць. Тым ня меней ён выказаў пажаданьне:

“Але мы хацелі б і спадзяваліся б, што будзе зрух у праблеме сьмяротнага пакараньня. Гэта вельмі важнае пытаньне для Эўропы. На ім будуецца Рада Эўропы і ўся Эўропа. Гэта вельмі важная каштоўнасьць, першае права чалавека — жыць. І мы спадзяемся на рух з боку Беларусі. Магчыма, не адразу скасаваньня сьмяротнага пакараньня, але хаця б першага кроку ў кірунку мараторыю на сьмяротнае пакараньне. Гэта было б знакам зь беларускага боку”.

На пытаньне пра тое, што ў Беларусі зноў зьявіліся палітвязьні, адзін зь якіх, Мікалай Аўтуховіч, галадае за кратамі больш за 50 дзён, спадар Жбогар адказаў:

“Мы спадзяёмся, што гэтае пытаньне будзе вырашана і ўсе новыя палітвязьні, якіх нядаўна забралі ў турмы, будуць вызваленыя”.

Спадар Жбогар таксама зазначыў, што днямі Парлямэнцкая Асамблея Рады Эўропы будзе разглядаць пытаньне аднаўленьня статусу адмыслова запрошанага для беларускага парлямэнту. Ён прызнаў, што міжнародныя інстытуты не прызналі мінулыя парлямэнцкія выбары ў Беларусі свабоднымі. Паводле Самуэля Жбогара, пры разглядзе гэтай праблемы ў ПАРЭ будуць імкнуцца знайсьці магчымасьць прыцягнуць да працы ў асамблеі і беларускую апазыцыю.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG