Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску зь візытам знаходзяцца дэлегацыі дзьвюх міжнародных фінансавых структураў — Усясьветнага банку і Эўрапейскага банку рэканструкцыі і разьвіцьця.


З Усясьветным банкам афіцыйны Менск падпісаў сёньня пагадненьне аб выдзяленьні крэдыту на 125 мільёнаў даляраў для рэалізацыі праекту падвышэньня энэргаэфэктыўнасьці.

Падпісаная сёньня дамова -- самы буйны праект за час супрацоўніцтва Ўсясьветнага банку зь Беларусьсю. Асноўная мэта -- пераўтварэньне дзейных ацяпляльных кацельняў у шэрагу гарадоў Беларусі ў ТЭЦ. Усталяваньне сучасных газатурбінных установак і газаматораў дазволіць атрымаць каля 90 МВт дадатковай электрычнай магутнасьці. Чакаецца, што эфэктыўнасьць вытворчасьці цяпла і электраэнэргіі на аб'ектах праекту павялічыцца на 30%. Паводле папярэдніх падлікаў, штогод будзе эканоміцца каля 90 млн.куб.м прыроднага газу, а гэта прыкладна 13 мільёнаў даляраў. Таксама рэалізацыя праекту прывядзе да скарачэньня выкідаў вуглякіслага газу на 165 тысяч тон у год.

Рэалізацыя праекту пачнецца ў 2009 годзе і зойме 5 гадоў. Крэдыт Усясьветнага банку будзе дадзены на ўмовах пагашэньня цягам 16 гадоў з адтэрміноўкай выплаты асноўнай сумы доўгу на 6 гадоў.

Падчас падпісаньня дамовы дырэктар па стратэгіі і апэрацыях Усясьветнага банку ў рэгіёне Эўропы і Цэнтральнай Азіі Тэд Алерс адзначыў, што банк разглядае магчымасьць пашырэньня дзейнасьці ў Беларусі, у тым ліку — павелічэньня фінансавай падтрымкі.

Адносна заяваў прадстаўнікоў ураду Расеі наконт пагрозы неплатаздольнасьці Беларусі спадар Алерс сказаў:

Тэд Алерс
“Запэўніваю, што Ўсясьветны банк не выдзяляе крэдытаў кліентам, якіх лічыць неплатаздольнымі. Крызіс зрабіў уплыў на Беларусь, як і на любую іншую краіну. На пачатку году ўлады прынялі эканамічную палітыку, накіраваную на вырашэньне праблемаў кароткатэрміновага ўзьдзеяньня такога крызісу. Цяпер мы абмяркоўваем з урадам такую эканамічную палітыку, якая б дазволіла аднавіць хуткі і ўстойлівы эканамічны рост, калі скончыцца спад у сусьветнай эканоміцы. У залежнасьці ад дамоўленасьцяў мы разглядаем пашырэньне тэхнічнага садзейнічаньня і фінансавай падтрымкі намаганьняў Беларусі”.

Таксама з кансультатыўным візытам у Менску знаходзіцца дэлегацыя рады дырэктараў Эўрапейскага банку рэканструкцыі і разьвіцьця (ЭБРР). На перамовах будуць абмяркоўвацца пэрспэктывы дзейнасьці банку ў Беларусі. Віцэ-прэм’ер Беларусі Андрэй Кабякоў раней падтрымаў пляны ЭБРР “па павелічэньні антыкрызіснага пакету фінансаваньня” і заклікаў банк пашырыць сваю дзейнасьць у Беларусі і фінансаваць ня толькі прыватны, але і дзяржаўны сэктар.

Ці азначае гэта, што афіцыйны Менск лічыць больш выгадным шукаць крэдыты не ў Расеі, а на Захадзе? Кіраўнік цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук адзначыў, што гэтыя крэдыты, у адрозьненьне ад расейскіх, ня пойдуць на падтрымку курсу рубля і сацыялістычнай эканомікі:

Яраслаў Раманчук
“Крэдыты Ўсясьветнага банку — гэта мадэрнізацыя энэргетыкі. Гэтыя грошы будуць таксама разьмеркаваны сярод беларускіх кампаній, якія будуць пастаўляць рознае абсталяваньне для беларускай энэргетыкі. Вядома, што беларуская энэргаёмістасьць у 2—3 разы горшая за сярэдні паказчык па Эўразьвязе. Таму гэты праект можа быць пасьпяховым, калі, безумоўна, кантроль за гэтымі грашыма будзе жорсткі.

А што да ЭБРР, ён тут мае свой банк, падтрымлівае малы бізнэс, і гэта тыя праекты, якія ў крызіснай сытуацыі даюць ня толькі грошы, але і досьвед. Такія праекты крыху штурхаюць наш урад па шляху лібэралізацыі. Дадуць больш ці не, будзе залежаць ад таго, як беларускі ўрад будзе ставіцца да рэформаў. Разьлічваць, што ЭБРР будзе даваць грошы на падтрыманьне курсу альбо на фінансаваньне інвэстыцыйных дзяржаўных праграмаў, нельга, бо ён у прынцыпе гэтага ня робіць.

Ад Расеі Лукашэнка і беларускі ўрад прызвычаіліся атрымліваць проста грошы, якія ніколі не былі прывязаныя да нейкіх умоваў. Але вось зьявіліся ўмовы, і таму такая нэрвовая рэакцыя”.
XS
SM
MD
LG