Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Правае” стаўленьне да Беларусі


У 25 з 27 краінаў, якія ў выходныя абіралі новых дэпутатаў Эўрапарлямэнту, перамогу атрымалі правацэнтрысцкія партыі.

Паводле папярэдняй інфармацыі, найбуйнейшае эўрапейскае наднацыянальнае палітычнае аб'яднаньне — Эўрапейская народная партыя будзе мець найбольшую колькасьць мандатаў: каля 270. Другой палітычнай сілай становяцца сацыялісты — каля 160 дэпутатаў. Як вынікі выбараў у Эўрапейскі парлямэнт могуць паўплываць на дачыненьні Эўразьвязу і Беларусі, высьвятляў Уладзімер Глод.

Аб’яднаная грамадзянская партыя і Партыя БНФ падтрымліваюць сталыя стасункі зь пераможцам выбарчай кампаніі — Эўрапейскай народнай партыяй. Кіраўнік АГП Анатоль Лябедзька называе вынікі выбараў “прыемнай навіной”:

Анатоль Лябедзька
“Таму што мы маем больш пляцовак для камунікацыяў з правацэнтрысцкімі сіламі, маючы статус у партыі народнікаў. Тут праводзяцца мерапрыемствы, на якіх можна больш актыўна працаваць з правымі. Але я прагназую, што зараз у Эўрапарлямэнце дэпутаты будуць дзяліцца на прыхільнікаў супрацоўніцтва з Лукашэнкам без усякіх умоў, без “дарожнай мапы”, без “хатняга заданьня”. І тых, хто ўсё ж такі будзе стаяць на прынцыповых пазыцыях, што “з раніцы грошы, а ўвечары – крэслы”. Гэта значыць — на падмурку эўрапейскіх каштоўнасьцяў і маральных прынцыпаў. І такі падзел не абавязкова можа прайсьці па прынцыпе “правыя — левыя”. Ён, найхутчэй, пройдзе і па правых, і па левых”.

Кіраўнік Асамблеі недзяржаўных арганізацыяў Беларусі Сяргей Мацкевіч адзначае: выбары ў Эўрапарлямэнт вельмі важныя, бо значэньне гэтай міжнароднай структуры ўвесь час расьце:

Сяргей Мацкевіч
“Больш важная сама тэндэнцыя павелічэньня ролі Эўрапарлямэнту. Ён быў адной са структураў, якія рабілі істотныя заявы пра парушэньні ў Беларусі. Таму можна спадзявацца, што новы склад будзе рабіць гэта нават трошачкі лепш, чым было раней. Роля Эўрапарлямэнту ўзрастае, і я думаю, што яна будзе расьці і пасьля гэтых выбараў”.

Міжнародны аглядальнік Раман Якаўлеўскі ў кантэксьце агульных выбараў зьвяртае ўвагу на вынікі галасаваньня ў Польшчы:

Раман Якаўлеўскі
“Агульнавядома, што ў Эўрапарлямэнце найбольш актыўна ў дачыненьні да беларускіх спраў выступала польская дэпутацыя. Аднак па выніках гэтых выбараў польскія дэпутаты ў такіх фракцыях, як, напрыклад, лібэралы і дэмакраты, не апынуліся. І гэта, на мой погляд, можа паслабіць пазыцыі беларускай дэмакратыі ў Эўрапарлямэнце.

Апошнім часам Эўрапарлямэнт больш жорстка за Эўракамісію ставіўся да палітыкі Лукашэнкі. Але ж паслабленьне польскай дэпутацыі можа паслабіць агульную крытычную плынь стаўленьня да Лукашэнкі”.

Спадар Якаўлеўскі кажа: шмат што ў дачыненьнях з афіцыйным Менскам будзе залежаць і ад асобы прэзыдэнта Эўрапарлямэнту. Сярод магчымых кандыдатаў на гэтую пасаду ад так званых новых чальцоў Эўразьвязу называюць былога прэм’ера Польшчы Ежы Бузака і былога старшыню літоўскага парлямэнту Вітаўтаса Ландсбергіса.

У Эўрапейскім парлямэнце працуюць 736 дэпутатаў. Іх абіраюць толькі ў тых 27 краінах, якія ўваходзяць у Эўразьвяз.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG