Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Лукашэнка чарговым разам дыстанцыюецца ад Крамля


Аляксандар Лукашэнка

Аляксандар Лукашэнка

Канфлікт паміж Менскам і Масквой працягваецца. Для вывучэньня напружанай сытуацыі расейскую сталіцу на гэтым тыдні наведае міністар замежных спраў Беларусі Сяргей Мартынаў, піша нямецкае выданьне Frankfurter Rundschau.

Большасьць беларусаў “дасталі” няспынныя канфлікты Менску з суседзямі на ўсходзе ды захадзе. Паводле дадзеных Інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў у Менску, тры чвэрці беларускага насельніцтва ня хочуць належаць ні да ЭЗ, ні да зьвязу з Расеяй, а жадаюць жыць у незалежнай Беларусі.

Што да прэзыдэнта Беларусі, то, паводле Frankfurter Rundschau, ён, праўдападобна, чарговым разам вырашыў дыстанцыявацца ад Крамля. Сваю пазыцыю на ўласьцівай яму недыпляматычнай мове ён агучыў днямі ў часе перамоваў з высокімі маскоўскімі прадстаўнікамі.

У адказ на сумнеў расейскага міністра фінансаў у платаздольнасьці Беларусі з вуснаў беларускага кіраўніка прагучала: Кудрын салідарызаваўся зь мясцовымі “адмарозкамі”. Лукашэнка меў на ўвазе беларускую апазыцыю. Імкнучыся, каб яго пасыл зразумелі дакладна, беларускі кіраўнік дадаў, што такая лінія Крамля — не падстава для горкіх сьлёз: сваё шчасьце Беларусь знойдзе і зь іншымі краінамі. Лукашэнка намякаў у тым ліку і на супрацоўніцтва Менску з ЭЗ у рамках праграмы “Ўсходняе партнэрства”.

У сваю чаргу, Масква дакладна прадэманстравала Беларусі, наколькі тая залежыць ад Крамля. У расейскім урадзе заявілі, што выдача Менску крэдыту ў 6,5 мільярда даляраў для будаўніцтва АЭС (якая мае стаць своеасаблівай альтэрнатывай расейскім нафце і газу) была б заўчасным крокам.

Для вывучэньня напружанай сытуацыі Маскву на гэтым тыдні наведае міністар замежных спраў Сяргей Мартынаў. Паводле беларускага МЗС, у цэнтры яго перамоваў з расейскімі калегамі — пытаньні “двухбаковых дачыненьняў”. У перакладзе з дыпляматычнай мовы гэта азначае: “канфлікт працягваецца”.
XS
SM
MD
LG