Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Малочная вайна Расеі зь Беларусьсю


Ад 6 чэрвеня Расея ўводзіць забарону на абарот 500 відаў малочнай прадукцыі зь Беларусі, паведаміў "Інтэрфаксу" кіраўнік расейскай Службы спажывецкага нагляду, галоўны дзяржаўны санітарны лекар Расеі Генадзь Анішчанка.

"Гэта 500 відаў малочнай прадукцыі розных вытворцаў і відаў, абарот якіх будзе спынены", - паведаміў ён.

Паводле Анішчанкі, такое рашэньне зьвязанае з тым, што ў сьнежні мінулага году ў Расеі ўвялі новы тэхнічны рэглямэнт на малочную прадукцыю, і Беларусь яго не выконвае.

"Забарона ўведзеная зь сёньняшняга дня", - адзначыў Анішчанка.

"Я рабіў папярэджаньне Беларусі. Але мінуў месяц, а сытуацыя прынцыпова не зьмянілася. Адчуваньне, што выконваць расейскае заканадаўства яны не сьпяшаюцца", - сказаў Анішчанка.

На пытаньне пра тое, што будзе з ужо ўвезенай малочнай прадукцыяй зь Беларусі, Анішчанка адказаў: "Абарот будзе спынены".

5 чэрвеня ў Белгародзкай вобласьці на сустрэчы з губэрнатарамі шэрагу цэнтральных абласьцей краіны і прадстаўнікамі сельгаспрадпрыемстваў кіраўнік ураду Расеі Ўладзімер Пуцін даў зразумець, што Расея гатова прыняць меры па абароне сваіх вытворцаў.

Вячаслаў Ніканаў
Забарона на ўвоз і абарот ў Расеі 500 відаў малочнай прадукцыі зь Беларусі можна разглядаць, як эканамічныя санкцыі Масквы супраць Менску, лічыць прэзыдэнт фонду "Палітыка" Вячаслаў Ніканаў. "Гэта ўжо санкцыі, і досыць сур'ёзныя", - сказаў Вячаслаў Ніканаў "Інтэрфаксу".

"Верагодна, тут ёсьць і незадаволенасьць палітыкай Беларусі. Акрамя таго, Беларусь моцна субсыдавала ўласных вытворцаў. Мабыць, у прынятым рашэньні ёсьць і ціск расейскага малочнага лобі. Тут усё разам", - сказаў палітоляг.

Пры гэтым Ніканаў выказаў меркаваньне, што забарона на ўвоз у Расею 500 найменьняў малочнай прадукцыі зь Беларусі можа нэгатыўна паўплываць на працэс фармаваньня Мытнага саюзу Расеі, Беларусі і Казахстану.

Іван Бамбіза
Намесьнік прэм'ер-міністра Беларусі Іван Бамбіза заявіў, што ўвядзеньне Расеяй забароны на ўвоз і абарот 500 відаў малочнай прадукцыі зь Беларусі "ёсьць паўсядзённая праца па прывядзеньні дазвольных дакумэнтаў у адпаведнасьць з рэглямэнтам Расейскай Фэдэрацыі"

____________________________________________________
Беларуска-расейская малочная вайна ў лічбах:


Датацыі вытворцам цэльнага малака: Беларусь - 24%, Расея - 3% (прэм'ер-міністар Уладзімер Пуцін)

Імпарт цэльнага малака зь Беларусі ў Расею – 2 млн. тонаў за год (губэрнатар Белгарадзкай вобласьці Яўгені Саўчанка)

Аб'ём паставак малочнай прадукцыі зь Беларусі ў Расею ў 2008 годзе – больш за 1 мільярд даляраў (кіраўнік расейскага Нацыянальнага саюзу вытворцаў малака (“Саюзмалако”) Андрэй Даніленка)

Доля імпартнай малочнай прадукцыі на расейскім рынку – каля 30%. Доля Беларусі ў аб'ёме расейскага імпарту малочнай прадукцыі - 60%-70% (кіраўнік расейскага Нацыянальнага саюзу вытворцаў малака (“Саюзмалако”) Андрэй Даніленка)
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG