Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Буйныя прамысловыя прадпрыемствы Беларусі сустрэлі лета “аблегчаным” рэжымам працы і абмежаваньнем выплатаў працаўнікам. Так, за травень завод “Амкадор” прадаў у Расею толькі 2 пагрузчыкі, а на МАЗе і МТЗ людзі занятыя 3—4 дні на тыдзень. Менскі “Атлант” працуе пераважна на склад. Каб рэалізаваць прадукцыю, шмат якія вытворцы абвяшчаюць пра зьніжэньне коштаў — аднак і гэта не дапамагае. З эканамічным аглядам — Ігар Карней.


Паводле дадзеных Нацыянальнага статыстычнага камітэту, у беларускай эканоміцы найгорш стаяць справы з рэалізацыяй грузавых аўтамабіляў, трактароў, спэцыялізаванай тэхнікі. Так, аўтамабіляў назапашана ў 3,2 раза больш за сярэднямесячны аб’ём вытворчасьці. Самая праблемная ў гэтым сэнсе сытуацыя — на Менскім аўтазаводзе і на заводзе спэцыяльнай тэхнікі “Амкадор”. Майстар цэху “Амкадору” расказаў: ад 1 ліпеня прадпрыемства пераходзіць на 6-гадзінны працоўны дзень:

“Працы няма фактычна ўвогуле! Раней у пляне было 20 машын, зараз толькі 5. Увогуле па галаўным прадпрыемстве скарачэньне аб’ёму вытворчасьці — у 2,5 раза. Адпраўлялі пераважна на Расею, але цяпер Расея ўвогуле нічога не бярэ — толькі два пагрузчыкі за травень расейцы набылі. Таму загружанасьці няма, у асноўным ідзе давядзеньне да ладу ўжо зробленага — аднекуль прыганяюць машыну на дапрацоўку, і ўсё, новага амаль няма. Дарэчы, у каго кантракты заканчваюцца летам, нікому яны ўжо не падаўжаюцца”.

Супрацоўнікі Менскага трактарнага заводу спадзяваліся ўтрымацца за кошт саюзных сельгаспраграм з Расеяй, аднак стратэгічны рынак паступова закрываецца: прадстаўнікі расейскай улады заяўляюць, што больш ня могуць лабіраваць інтарэсы беларускіх вытворцаў на шкоду сваім. Міністар сельскай гаспадаркі Расеі Алена Скрыньнік удакладніла: 11-ці тысяч трактароў “Беларус”, якія штогод зьбіраюцца ў Расеі, дастаткова, каб задаволіць попыт аграрнай галіны. Гэта азначае, што спадзяваньні на пастаўку ў Расею амаль 50 тысяч трактароў могуць ня спраўдзіцца.

Ад 1 чэрвеня ўлады Беларусі абяцалі падвысіць заробкі бюджэтнікам. Пра гэта ў апошнія дні траўня заявіў віцэ-прэм’ер беларускага ўраду Іван Бамбіза:

Іван Бамбіза
“На стымуляваньне спажывецкага попыту скіраваны ўжо падрыхтаваны ва ўрадзе праект пастановы. Дакумэнт прадугледжвае павелічэньне ад 1 чэрвеня тарыфнай стаўкі першага разраду з 77 да 83 тысяч рублёў. То бок яна ўзрасьце на 6 тысяч рублёў”.

Рост тарыфнай стаўкі аўтаматычна цягне за сабой павелічэньне акладаў. Менавіта на гэтым і акцэнтаваў увагу Бамбіза: маўляў, нягледзячы на крызіс, урад дае людзям дадатковыя грошы, каб яны больш куплялі беларускіх тавараў. Цяпер іх асела на складах амаль месячная норма.

Аднак у прэсавых службах міністэрстваў і ведамстваў на пытаньне пра павелічэньне заробкаў адказвалі аднолькава: “Пакуль афіцыйнае рашэньне па гэтым пытаньні не прынятае”.

Незалежны эканаміст Леў Марголін лічыць, што ва ўрадзе знайшлася разумная галава, якая прытрымала такое рашэньне:

“У кагосьці спрацаваў інстынкт самазахаваньня. Бо тое, што прапаноўвалася, гэта нішто іншае, як раскрутка інфляцыйнай сьпіралі. Схема вядомая — мы падвышаем заробкі, спадзяемся, што будзе падвышацца попыт. Але ж попыт на беларускія тавары ўнутры краіны не залежыць ад заробку, а залежыць ад іх якасьці. І таму насамрэч попыт будзе падвышацца толькі на валюту і на імпартныя тавары. А гэта, у сваю чаргу, будзе азначаць новы віток інфляцыі. А потым трэба зноў павялічваць заробкі...”

Беларусам ужо другі раз за час крызісу абяцаюць падвысіць заробкі. Пры канцы мінулага году чыноўнікі спачатку падвысілі стаўку больш чым на 20%, але празь некалькі тыдняў “адкруцілі” яе на 16% назад. Тады зразаньне заробкаў растлумачылі патрабаваньнямі Міжнароднага валютнага фонду.

Грандыёзным скандалам завяршылася чаканьне чарговага крэдыту з Расеі памерам паўмільярда даляраў. Міністар фінансаў Расеі Аляксей Кудрын папярэдзіў: каб атрымаць грошы, афіцыйны Менск павінен выканаць пэўныя ўмовы. Спадар Кудрын заклікаў беларускі ўрад зрабіць адпаведныя захады, каб прадухіліць разьвіцьцё падзеяў у эканоміцы па нэгатыўным сцэнары. Ён адзначыў: Беларусі быў дадзены “беспрэцэдэнтны аб’ём падтрымкі”, якая, аднак, можа стацца “безвыніковай і неэфэктыўнай”.

Кіраўнік аналітычнага цэнтру “ЕСООМ” Сяргей Мусіенка лічыць, што Беларусь слушна не прымае ўмоваў, на якіх Расея выдзяляе крэдыты:

Сяргей Мусіенка
“Гэтыя крэдыты не праядаюцца, каб проста заткнуць нейкую дзірку. Калі б была такая сытуацыя, то, натуральна, пагадзіліся б на ўмовы Расеі і ўзялі б гэтыя 500 мільёнаў расейскімі рублямі. Просты адказ: калі патрэбныя грошы, возьмеш любыя. А калі адмовіліся, значыць, запас трываласьці ёсьць. Умовы па расейскіх рублях таксама былі неадэкватныя. Хацелі нас ашукаць. А калі гэта не ўдалося, то пачалася такая шумная эпапэя”.

Былы старшыня Нацбанку Станіслаў Багданкевіч у асноўным падзяляе пазыцыю Аляксея Кудрына адносна таго, што Беларусь можа сутыкнуцца зь фінансавымі праблемамі. Таксама ён адзначае, што, нягледзячы на значныя крэдыты, узровень жыцьця насельніцтва будзе пагаршацца:

Станіслаў Багданкевіч
“Бо трэба вырашаць праблему дэфіцыту гандлёвага балянсу. Мы сёньня праядаем на 4,6 мільярда больш, чым зарабляем. Пакуль аплачваем гэта за кошт зьнешніх крэдытаў. А гэтыя крэдыты да канца году будуць даваць больш асьцярожна, пад канкрэтны праект. Цяпер жа нам увесь сьвет дае крэдыты безь ніякага праекту. Проста бярэм і праядаем”.

Аляксей Кудрын падчас знаходжаньня ў Менску заявіў, што Беларусь можа стаць неплатаздольнай. Ён лічыць, што ідзе штучнае адцягваньне крызісных зьяваў за кошт масіраванай крэдытнай падтрымкі. Таксама Кудрын зьвязаў выдзяленьне Менску апошняй траншы расейскага крэдыту памерам у 500 мільёнаў даляраў з антыкрызіснымі дзеяньнямі беларускага ўраду. Лукашэнка, у сваю чаргу, нэрвова адрэагаваў на выказваньні Кудрына, заявіўшы, што той “цалкам кансалідаваўся з нашымі адмарозкамі, якія на заходнія грошы вякаюць і пачынаюць вучыць працаваць”.

Агульная праблема ўсіх прамысловых прадпрыемстваў Беларусі — згортваньне экспартных паставак. Гандлёвы балянс Рэспублікі Беларусь за студзень-красавік 2009 году зьменшыўся напалову: аб’ём зьнешняга гандлю ў частцы экспарту склаў толькі 51% да ўзроўню таго ж пэрыяду мінулага году. Як кажа эканаміст Леанід Злотнікаў, пры тым, што беларускія тавары за мяжой усё менш запатрабаваныя, заводы працягваюць штампаваць прадукцыю, якая з канвэера накіроўваецца наўпрост на склад:

Леанід Злотнікаў
“У лёгкай прамысловасьці, у вытворчасьці тых жа пральных машынаў, пыласосаў такая тэндэнцыя назіралася і раней — вельмі вялікая доля асядала на складзе. Але нашмат значней для нас тое, што адбываецца з прадукцыяй машынабудаваньня — кардынальна павялічаныя лічбы менавіта па гэтай галіне. Тут яны канкуруюць хіба з ростам у галіне вытворчасьці будаўнічых матэрыялаў. Але, зрэшты, гэта тое, што і чакалася”.

Менскі завод “Атлант” працуе перадусім на склад. Асноўная прадукцыя — лядоўні і маразільнікі — пераважна акумулюецца ў складзкіх памяшканьнях. Практычна няма попыту на пыласосы і пральныя машыны, якія коштамі перавышаюць нават некаторыя замежныя аналягі. Штосьці адгружаецца на Расею, але аб’ёмы ўжо зусім ня тыя, як раней.

Ня трэба гадаць, ці задавальняе сёньняшняя сытуацыя работнікаў прамысловых прадпрыемстваў. Аднак, як лічыць доктар псыхалягічных навук Ігар Фурманаў, чакаць актыўных дзеяньняў з боку бюджэтнікаў наўрад ці выпадае — па інэрцыі будуць чакаць, калі горшыя часы пройдуць самі па сабе:

“Да катэгорыі тых, хто ўсяляк супрацьстаіць крызісу, напэўна, можна аднесьці людзей, якія штосьці маюць. У кагосьці свой бізнэс, у кагосьці свае капіталы; гэтыя людзі, ратуючы сябе, ратуючы свой дабрабыт і звыклы лад жыцьця, будуць рабіць нейкія захады. Але, як вы разумееце, большасьць насельніцтва ў Беларусі нічога ня мае, гэта ў асноўным бюджэтнікі, якія сядзяць на заробку. Таму ад такіх людзей наўрад ці можна чакаць нейкіх актыўных дзеяньняў у сэнсе падвышэньня іх актыўнасьці. Хутчэй за ўсё, і надалей будуць чакаць цуду — зоймуць традыцыйна чакальную пазыцыю. То бок будуць чакаць, пакуль крызіс сам сабой ня скончыцца”.

Нявызначаны эканамічны статус наўпрост адбіваецца на псыхалягічным стане беларусаў. Паводле Ўсясьветнай арганізацыі аховы здароўя, Беларусь уваходзіць у першую пяцёрку краінаў з найбольшай колькасьцю самагубстваў: кожны год тут добраахвотна разьвітваюцца з жыцьцём каля 3 тысяч чалавек. Ці ўплывае на ўзровень самазабойстваў эканамічны крызіс?

На Магілёўшчыне мэдыкі адзначаюць рост спробаў самагубства ў людзей працаздольнага веку. Добраахвотна разьвітваюцца з жыцьцём найчасьцей тыя, хто апынуўся ў дэпрэсіўным стане.

Прыкладам, летась у Слаўгарадзкім раёне скончылі жыцьцё самагубствам 10 чалавек. Сярэдні ўзрост мясцовых самагубцаў — крыху большы за 30 гадоў. Спэцыфічныя нюансы паведаміў супрацоўнік Магілёўскай псыхіятрычнай бальніцы:

“У цэлым працаздольны ўзрост падрос, асабліва ў гарадах. Тут запатрабаваньні ўва ўсіх вышэйшыя. Усё гэта пазнаецца ў параўнаньні. У сельскай мясцовасьці таксама шмат суіцыдаў. У асноўным гэта з-за п’янства адбываецца. Рабіць няма чаго. На дадатак алькагалізацыя ўсяго насельніцтва”.

Пра тое, што сытуацыя з самагубствамі ў рэгіёне далёкая ад пазытыўнай, сьведчыць і адмысловая нарада, якую правялі ў абласной пракуратуры. Яе супрацоўнікі да п’янства як асноўнай прычыны суіцыдаў дадалі канфлікты на працы, якія прыводзяць чалавека ў дэпрэсіўны стан. Сярод іх — праблемы працаўладкаваньня. Псыхолягі ўсё часьцей зьвязваюць рост спробаў добраахвотна пайсьці з жыцьця з крызісам у эканоміцы.

На думку экспэртаў, калі эканамічная сытуацыя ня зьменіцца, Беларусі наканавана зьмірыцца з статусам адной з самых суіцыдальных краін сьвету — 20 выпадкаў на 100 тысяч насельніцтва.
XS
SM
MD
LG