Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міліцыя ў цывільным сарвала пэрформанс людзей у масках


5 чэрвеня група маладых актывістаў Беларускага Хэльсынскага камітэту зрабіла спробу правесьці ў Менску, каля Дому мод на скрыжаваньні праспэкту Пераможцаў і вуліцы Нямігі, пэрформанс за адмену ў Беларусі сьмяротнай кары.

Акторы-мімы ў масках мелі нагадаць мінакам, што ў нашай краіне ўсё яшчэ існуе сьмяротная кара, а іншыя ўдзельнікі акцыі — раздаваць ім інфармацыйныя матэрыялы.

Аднак ледзь пэрформанс пачаўся, да ўдзельнікаў падышоў супрацоўнік міліцыі ў цывільным і запатрабаваў зьняць маскі і спыніць правядзеньне акцыі:

“Я вас папярэджваю пра адказнасьць за парушэньне грамадзкага парадку, у прыватнасьці закону аб масавых мерапрыемствах”. Спробы актывістаў растлумачыць, што гэта зусім ня “масавае мерапрыемства”, а мастацкі акт, выніку не далі.

На вуліцы ў масках нельга… Тут ходзяць дзяўчаты, дзеці — вы іх палохаеце”, — патлумачыў міліцыянт. Ягоны калега здымаў усё, што адбывалася, на відэакамеру, а недалёка дзяжурылі яшчэ некалькі супрацоўнікаў міліцыі.

У інтэрвію БелаПАН каардынатарка пэрформансу Валерыя Саўчанкава патлумачыла:

“Цяпер праходзіць праваабарончая кампанія за адмену сьмяротнай кары ў Беларусі. Беларускі Хэльсынскі камітэт вырашыў у мастацкай форме зладзіць пэрформанс — раздаць людзям паштоўкі і з дапамогай актораў, якія паказваюць Сьмерць, Ката і Вайскоўца — сучаснага чалавека, які прыводзіць у выкананьне сьмяротныя прысуды, зьвярнуць увагу людзей на праблему…”

Акцыя ўсё ж была праведзеная — актывісты раздалі мінакам буклеты, але без удзелу актораў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG