Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жаліба: “Бюджэт ідзе з прафіцытам”


Барыс Жаліба

Барыс Жаліба

У інтэрвію расейскім мэдыям, якое апублікавалі таксама і беларускія дзяржаўныя выданьні, кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка згадаў пра апошнюю траншу расейскага крэдыту на 500 мільёнаў даляраў.

Ён заявіў, што расейскі ўрад абяцаў выдзеліць яго яшчэ ў красавіку. “Прайшло колькі часу… Ну мы ж у бюджэт унесьлі, мы ж спадзяваліся, мы не прасілі нідзе больш гэтых грошай”, — заявіў Лукашэнка. Як можа адбіцца запавольваньне паступленьня крэдытаў на бюджэце? І ці зможа беларускі ўрад выканаць бездэфіцытны бюджэт, які прадугледжаны ўказам прэзыдэнта № 264 ад 28 траўня? Пра гэта Алесь Дашчынскі гутарыць з эканамістам Барысам Жалібам.

Дашчынскі: Чаму ж Аляксандар Лукашэнка згадаў пра бюджэт? Ці давядзецца зноў перапісваць лічбы? Відаць, ёсьць нейкая няпэўнасьць у кіраўніцтва краіны?

Жаліба: У эканоміцы ўсё зьвязана паміж сабой. Апошні візыт Кудрына з Пуціным чым скончыўся? Мы чакалі ў траўні чарговай траншы ад МВФ на 400 мільёнаў даляраў. І мы чакалі апошняй траншы з 2-мільярднага крэдыту — 500 мільёнаў ад расейскага ўраду. На жаль, ні тое, ні другое не паступіла і ніякіх пэрспэктываў пакуль не відаць. Нашы мэдыі паведамляюць, што з МВФ усё ж дамовяцца. А калі не, то гэта адаб’ецца на ўсім. І на рэчах бюджэтных. Бо гэтыя крэдыты накіраваныя на падтрымку рубля і на валютнае крэдытаваньне рэальнага сэктару. І вось мы 900 мільёнаў даляраў не атрымалі ў траўні. Гэта дзірка вялікая. І чым яе залатаць? Гэта, несумненна, адаб’ецца на бюджэце. Мы разьлічвалі на гэтыя крэдыты, а іх пакуль няма. І ўсё ж, я думаю, сёлета мы гэтыя крэдыты атрымаем. Але тут пытаньне часу вельмі важнае, бо маем ужо дзіркі ў бюджэце і валютная сытуацыя вельмі напружаная. Сытуацыя вельмі нэрвовая ва ўрадзе. Тут не пазайздросьціш.

Дашчынскі: Дагэтуль указ прэзыдэнта пра бездэфіцытны бюджэт не апублікаваны. Інфармацыя паступае дазавана. Нават дэпутаты занепакоеныя тым, што Міністэрства фінансаў не накіравала ў Палату прадстаўнікоў законапраекту аб карэктаваньні нацыянальнага бюджэту на гэты год. Да прыкладу, Міністэрства фінансаў паведаміла, што сёлета скарачэньне выдаткаў нацыянальнага бюджэту Беларусі на фінансаваньне бюджэтных арганізацыяў, правядзеньне розных мерапрыемстваў і іншыя мэты складзе 11 трыльёнаў рублёў. Хоць пры гэтым абяцана захаваць рост выдаткаў на ахову здароўя і адукацыю.

Жаліба: У нас бюджэтных арганізацыяў шмат — улада заканадаўчая, улада выканаўчая, улада судовая, сфэра адукацыі, мэдыцына. Калі адукацыя, ахова здароўя не пацярпяць, тады пацярпець могуць міністэрствы, урад, улада выканаўчая на месцах… Тады пагражае скарачэньне артыкулаў, можа, матэрыяльных, заробкавых, можа, скарачэньне штату. Крызіс уплывае і далей на нас. Такія аптымістычныя выказваньні кіраўнікоў нашых, што вось мы ўжо найгоршае пераадолелі, глыбіню прайшлі, занадта пасьпешлівыя. Крызіс працягвае ўплываць. 11 трыльёнаў рублёў — гэта вялізнае скарачэньне. Усё, што лічыцца на беларускія трыльёны, — гэта велічыня не малая. Наколькі я памятаю, нехта зь віцэ-прэм’ераў абяцаў, што ад 1-га чэрвеня ў бюджэтнікаў будуць павышаныя заробкі. І вось ідзе чэрвень, а падвышэньня заробку няма. Гэта ўплыў крызісу, стан эканомікі не палепшыўся.

Дашчынскі: Нават у Палаце прадстаўнікоў дэпутаты занепакоеныя тым, што ўзьнікаюць праблемы зь фінансаваньнем бюджэтных выдаткаў у рэгіёнах. А гэта вядзе да таго, што выконваецца праца без адпаведнага фінансаваньня, расьце запазычанасьць перад падрадчыкамі. Дэпутаты кажуць: маўляў, калі так пойдзе і далей, то праграма выкананьня будзе сарваная...

Жаліба: Міністар фінансаў даклаў, што выкананьне бюджэту па даходах і расходах ідзе горш, чым летась. Прычыны зьвязаныя з крызісам. Па-другое, выкананьне бюджэту нацыянальнага і, я думаю, кансалідаванага, ідзе з прафіцытам. Апошнія гады заўсёды перавыконвалі пляны па прыбытках. Бачыце, два бакі. Зьбіраем грошай меней і выдаём грошай менш, чым у мінулым годзе, а ўсё ж такі бюджэт ідзе з прафіцытам. Няма тых грошай сёньня, якія мы мелі ў мінулым годзе. І нехта тут будзе, так бы мовіць, апошнім. Нехта і пацярпіць”.
XS
SM
MD
LG