Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Справу 14-ці” закрыюць?


Алесь Стральцоў і Алесь Чарнышоў у судзе Цэнтральнага раёну Менску.

Алесь Стральцоў і Алесь Чарнышоў у судзе Цэнтральнага раёну Менску.

Тром фігурантам “справы 14-ці” паабяцалі, што ім могуць зьмяніць умовы адбыцьця пакараньня на больш мяккія. Гэта тычыцца Міхаіла Субача, Алеся Стральцова і Алеся Чарнышова. Іншых удзельнікаў працэсу пакуль у суд не запрашалі.

14 актывістаў моладзевага дэмакратычнага руху пакаралі абмежаваньнем волі і штрафамі, абвінаваціўшы іх у арганізацыі групавых дзеяньняў, якія нібыта прывялі да масавых беспарадкаў падчас студзеньскіх акцый прадпрымальнікаў у 2008 годзе.

Сёньня Алесь Стральцоў і Алесь Чарнышоў у судзе Цэнтральнага раёну Менску азнаёміліся з пастановай інспэктара міліцыі. Паводле інспэктара, хлопцам можна зьмякчыць умовы адбыцьця пакараньня.

Алесь Чарнышоў
Алесь Чарнышоў лічыць, што ўлады пайшлі на такое рашэньне пасьля таго, як фігурантаў “справы 14-ці” міжнародныя праваабарончыя арганізацыі прызналі вязьнямі сумленьня.

“Мяркую, што гэта заяўленая лібэралізацыя дае свой плён. Зьмякчэньне адбыцьця пакараньня ёсьць наступствам абвешчанай лібэралізацыі.

Лічу, што, безумоўна, рашэньне “Amnesty International” прысвоіць нам статус вязьняў сумленьня зрабіла ціск на ўлады нашай краіны“.

Алесь Стральцоў
Алесь Стральцоў лічыць, што іншыя ўдзельнікі працэсу таксама ў хуткім часе наведаюць суды па месцы жыхарства, каб там разгледзелі пытаньне аб іх пераводзе на мякчэйшы рэжым адбыцьця пакараньня.

“Мы падпадаем пад амністыю, тыя, каго пакаралі арыштам. Каб закрыць гэтую тэму, трэба прыняць рашэньне наверсе. Таму што на сёньняшні момант два-тры чалавекі адпушчаныя, а іншых, магчыма, будуць яшчэ шмат гадоў валтузіць, судзіць іх і г.д. У бальшыні людзей, якіх пакаралі ў гэтай справе, сытуацыя толькі пагаршаецца”.

Пасьля суду мінуў год, але адбываць пакараньне ўдзельнікі працэсу пачалі толькі са жніўня. Аляксандра Баразенку, апошняга фігуранта справы, які ня мог своечасова прысутнічаць на судзе, бо вучыўся ў Польшчы, судзілі ў лістападзе.

Нагадаем: спачатку 11 чалавек, потым яшчэ трох судзілі летась вясной. На працэсе прысутнічалі палітыкі, грамадзкія дзеячы, прадстаўнікі амбасадаў ЗША і Заходняй Эўропы. Актывістаў абвінавацілі ў арганізацыі групавых дзеяньняў, якія нібыта мелі месца падчас студзеньскіх дэманстрацый прадпрымальнікаў.

Двух удзельнікаў працэсу, Антона Койпіша і Ўладзімера Сяргеева, пакаралі штрафамі. Іншых прысудзілі да абмежаваньня волі. Андрэй Кім, Міхаіл Пашкевіч, Тацяна Цішкевіч, Міхась Крываў, Аляксей Бондар, Арцём Дубскі, Міхаіл Субач, Максім Дашук і Павал Вінаградаў паводле прысуду мусілі адбываць пакараньне па месцы жыхарства.

Супраць Арцёма Дубскага і непаўналетняга Максіма Дашука распачалі новыя крымінальныя справы, абвінаваціўшы іх у парушэньні правілаў адбыцьця пакараньня. Падставай стала тое, што Арцём без дазволу інспэктара зьехаў ва Ўкраіну, а Максім дапамагаў працаваць сваёй маці і двойчы не пасьпеў дадому да 6 гадзіны вечара.

Судовае рашэньне ў справе Алеся Чарнышова і Алеся Стральцова будзе абвешчана 15 чэрвеня. Справу прадпрымальніка Міхаіла Субача будуць разглядаць пазьней.
XS
SM
MD
LG