Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лябедзька: “Лукашэнка з кожным днём слабее”


У інтэрвію расейскім СМІ, якое надрукавала сёньня афіцыйная беларуская прэса, Аляксандар Лукашэнка адмовіў магчымасьць далучэньня Беларусі да Расеі. Таксама ён выказаў незадаволенасьць, што Расея патрабуе ад Беларусі прызнаць незалежнасьць Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі і ўвязвае з гэтым выдзяленьне апошняй траншы 2-мільярднага крэдыту.

Паводле Аляксандра Лукашэнкі, далучэньне Беларусі было б для Расеі шкодным. Ён заявіў, што “тут жа нашы „адмарозкі“, іх няшмат, хай 2-3%, але гэта самыя актыўныя, самыя амбітныя. Яны гатовыя разгарнуць „нацыянальна-вызваленчую вайну“. Вы што, хочаце стварыць яшчэ адну Чачню тут? Я не хачу”. Камэнтуючы гэтыя выказваньні, старшыня АГП Анатоль Лябедзька адзначыў:

Анатоль Лябедзька
“Лукашэнка з кожным днём слабее. Ён знаходзіць нейкія новыя апраўданьні па пытаньні пэрспэктывы стварэньня нейкіх саюзных дзяржаў. Гэта быў праект Лукашэнкі, ён палітычна ўжо свой рэсурс выпрацаваў. Ідзе ціск з боку Расеі і палітычны, і эканамічны. Прычым яны нагадваюць, што ён быў адным з пачынальнікаў гэтай ініцыятывы аб’яднаньня, а зараз мяняе сваю пазыцыю. І тут ён пераводзіць стрэлкі на сваіх апанэнтаў. І ён мае рацыю. Калі сёньня паспрабаваць інкарпараваць Беларусь, гэта прывядзе да дэстабілізацыі сытуацыі, і будуць не 2-3% людзей, гатовых абараняць сваю незалежнасьць, а значна больш. Незалежнасьць і сувэрэнітэт, дзякуючы гэтым „адмарозкам“, сталі каштоўнасьцю для многіх людзей. Больш правільна проста нагадваць сацыялёгію. Падтрымліваюць уваход у склад Расеі, па самых аптымістычных апошніх дасьледаваньнях, каля 14%. На гэтым ні саюзную дзяржаву, ні нейкае палітычнае аб’яднаньне не пабудуеш”.

Андрэй Фёдараў
Таксама Лукашэнка ў інтэрвію расейскім газэтам заявіў, што Расея патрабуе ад Беларусі прызнаць незалежнасьць Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі і ўвязвае з гэтым выдзяленьне апошняй траншы 2-мільярднага крэдыту. Палітоляг Андрэй Фёдараў мяркуе, што пагаршэньне эканамічнай сытуацыі можа прымусіць афіцыйны Менск пайсьці на прызнаньне грузінскіх тэрыторый. Якія гэта будзе мець наступствы для Беларусі?

“Ад Расеі, напэўна, будуць нейкія прэфэрэнцыі, дадатковыя паблажкі. Што да Захаду, то гэта ня будзе ўспрынята добра. І гэта нейкім чынам сапсуе стасункі Беларусі з Эўразьвязам і, больш за тое, з ЗША. Але казаць, што з-за гэтага будуць разарваныя ўсе стасункі, я ня стаў бы. З „Усходняга партнэрства“ нас ня выключаць, але яно будзе менш інтэнсіўна разьвівацца, чым магло б пры адсутнасьці такога прызнаньня”.

Таксама Аляксандар Лукашэнка закрануў у сваім інтэрвію самыя балючыя пытаньні двухбаковага гандлю, калі Расея фактычна зачыніла рынак для беларускіх тавараў. Ён нагадаў, што за паўтара года, падвысіўшы цану на газ у тры разы, Расея выпампавала зь Беларусі 10 мільярдаў даляраў. А крэдыт у 2 мільярды дала пад шалёны працэнт. Нават крэдыт МВФ у 3 разы больш выгадны. Таксама Лукашэнка параіў расейскаму міністру Аляксею Кудрыну “падлячыцца”. Камэнтуючы гэтыя выказваньні, кіраўнік цэнтру “Стратэгія” Леанід Заіка адзначыў:

Леанід Заіка
“Я лічу, што для прэзыдэнта абмяркоўваць 500 мільёнаў даляраў — гэта вельмі невялікая сума. І гэта ня вельмі прэстыжна трапляць у залежнасьць ад нейкага расейскага міністра. Быў бы я прэзыдэнтам, я наагул гэтыя 500 мільёнаў і не прасіў бы. У насельніцтва каля 10 мільярдаў на руках даляраў. І насельніцтва іх уклала б і выкарыстала эфэктыўна. Чаму гэта ня робіцца? Навошта мы лезем да Кудрына, калі ў нас у саміх мільярды ў кішэнях рассаваныя? Я лічу, што Лукашэнка зрабіў памылку: прасіць грошы ў расейцаў ня трэба было. Гэта плач Яраслаўны. І прызнаньне таго, што трэба было праводзіць іншую эканамічную палітыку”.

Аляксандар Казулін
Гаворачы пра сябе, Лукашэнка адзначыў, што за 15 гадоў нічога добрага ў асабістым жыцьці ня бачыў. І не было лёгкіх часоўу жыцьці. І за гэтыя 15 гадоў ён пражыў “свае там 75 ці 80-90”. Камэнтуючы гэта выказваньне, былы кандыдат на прэзыдэнта Аляксандар Казулін сказаў:

“Зараз для яго настаў момант ісьціны. Калі сыстэма, якую ён будаваў, аказваецца няздольнай процістаяць выклікам часу, калі тая сыстэма павінна адказаць на выклікі крызісу, часу. Калі яна будавалася толькі на загадзе, на страху, то зараз яна ня можа працаваць далей і можа ў кожны момант абрынуцца. І яго эмацыйны ўсплёск на выказваньні Кудрына паказвае, што Кудрын трапіў у самую кропку”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG