Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Жонка забітага пілёта: Ненавіджу прэзыдэнта Беларусі


Джон Ст'юарт-Джэрвіс

Джон Ст'юарт-Джэрвіс

На мінулым тыдні Джэфры Гедмін, прэзыдэнт нашага радыё, апублікаваў у "Wall Street Journal" артыкул "Апошняя дыктатура ў Эўропе", у якім ён прадставіў сваё бачаньне сытуацыі ў Беларусі. У артыкуле спадар Гедмін згадаў і пра зьбіцьцё спартовага паветранага шара беларускай паветранай абаронай у пачатку прэзыдэнцтва Аляксандра Лукашэнкі.

Выпадак здарыўся 12 верасьня 1995 году каля Бярозы ў Берасьцейскай вобласьці. Паводле афіцыйнай вэрсіі, вайсковы беларускі гелікоптэр, ня здолеўшы ўстанавіць сувязі зь пілётамі аэрастата, зьбіў яго. Загінулі два амэрыканцы, Джон Ст'юарт-Джэрвіс (68 гадоў) і Алан Фрэнкел (55 гадоў), якія 9 верасьня стартавалі са Швайцарыі ў гонцы за Кубак Гордана-Бэнэта (гэтыя спаборніцтвы паветраных шароў адбываюцца штогод, пачынаючы з 1906-га). Беларускі ўрад выказаў шкадаваньне з прычыны трагічнага выпадку, але не прызнаў сваёй віны і ня выбачыўся перад сем’ямі забітых пілётаў.

Кэралайн і Джон Ст'юарт-Джэрвіс у дзень вясельля, 1959
Артыкул Дж.Гедміна пра Беларусь прачытала Кэралайн Ст'юарт-Джэрвіс, удава па адным з забітых пілётаў, якая пазваніла на наша радыё. Спадарыня Ст'юарт-Джэрвіс, якая пераехала з мужам зь Вялікабрытаніі ў ЗША ў 1968 годзе, цяпер жыве ў Флорыдзе ў ЗША (ейны муж прыняў амэрыканскае грамадзянства, яна захавала брытанскае). Размову з Кэралайн Ст'юарт-Джэрвіс запісала карэспандэнтка нашага радыё Клэр Біг. Прапануем ніжэй урыўкі з гэтай размовы.

Пра пачатак фатальнай гонкі свайго мужа і яго калегі спадарыня Ст'юарт-Джэрвіс сказала наступнае:

Яны падняліся ў паветра ўначы, на здымках відаць амэрыканскі сьцяг, прымацаваны збоку, і знак, які інфармаваў, што яны ўдзельнічаюць у гонцы Гордана-Бэнэта. Яны былі надзвычай усхваляваныя, таму што гэта быў першы раз, калі яны маглі праляцець над краінамі, якія нядаўна здабылі незалежнасьць. Гэтыя краіны ўтварыліся пасьля распаду Савецкага Саюзу, і над усімі імі цяпер можна было праляцець".

Што спадарыня Ст'юарт-Джэрвіс думае пра сьледзтва, якое праводзіла міжнародная камісія, і пра апраўданьні беларускага боку?

"Там стварылася сьледчая камісія, у якой старшыняваў расеец. Я ня думаю, што шмат людзей пагадзілася з высновамі той камісіі. Беларускі бок абвінаваціў пілётаў у тым, што яны ня вывесілі сьцягу. Беларусы ў той час былі ў вельмі дрэнных адносінах з Польшчай, і яны думалі, што гэта польскі шпіёнскі шар. У іх былі свае апраўданьні, і зь цягам часу іх было штораз больш".

Як на гэты выпадак глядзіць афіцыйны амэрыканскі бок, у прыватнасьці, Дзярждэпартамэнт?

Джон Ст'юарт-Джэрвіс, 1986
"Яшчэ ў 2005 годзе ў Дзярждэпартамэнце казалі, што яны працягваюць займацца гэтай справай і прыгадваюць беларускаму ўраду аб ёй пры кожнай нагодзе, але што дачыненьні паміж дзьвюма краінамі вельмі дрэнныя. Мы не аказваем ім ніякай дапамогі, няма перніка, якім можна было б памахаць ім перад носам".

Што, на ейную думку, магло быць прычынай трагедыі?

"Па-нашаму, найбольш імаверна, што беларускі ўрад даў згоду на пралёт, але, праўдападобна, не перасьцярог вайскоўцаў. Гэта адна са здагадак, ня ведаю, праўдзівая ці не. Мы ніколі не даведаемся праўды".

Ці адчувае яна злосьць ці нянавісьць у адносінах да тых, хто вінаваты ў сьмерці яе мужа?

"Я не злапомная асоба. Здарылася як здарылася, ён любіў гэты спорт, лётаньне было ягоным жыцьцём, і для яго, магчыма, гэта быў найлепшы спосаб, каб сысьці з жыцьця — у кожным разе, я суцяшаю сябе гэтай думкай. Але я ненавіджу Беларусь. Не народ, а прэзыдэнта".

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG