Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Патрабуюцца грошы. Пажадана — мільярд даляраў


Міністар фінансаў Андрэй&nbsp;Харкавец<br />&nbsp;

Міністар фінансаў Андрэй&nbsp;Харкавец<br />&nbsp;

У нядзелю, 7 чэрвеня ў Менск прыбудзе місія Ўсясьветнага банку. Пра гэта сёньня паведаміў міністар фінансаў Беларусі Андрэй Харкавец. Ён сказаў, што ўрад Беларусі будзе весьці перамовы аб пазыцы памерам 200 мільёнаў даляраў “на мэты разьвіцьця”. Міністар таксама паведаміў, што ўрад працягвае перамовы зь Міжнародным валютным фондам наконт атрыманьня чарговай траншы крэдыту.

Сёньня міністар фінансаў Андрэй Харкавец выступаў у Палаце прадстаўнікоў. Дэпутаты зацьвердзілі, як ён і прасіў, выкананьне бюджэту за 2008 год. У сваім выступе міністр казаў, што нэгатыўныя тэндэнцыі ў эканоміцы Беларусі сталі заўважнымі з апошняга кварталу мінулага году. Гэта — скарачэньне попыту на беларускія тавары, павелічэньне складзкіх запасаў, зьніжэньне фінансаваньня эканомікі банкамі і г.д.

Журналістам у перапынку паседжаньня міністар Харкавец паведаміў, што місію Ўсясьветнага банку ў Менску чакаюць 7 чэрвеня. Перамовы пойдуць пра крэдыт у 200 мільёнаў даляраў ЗША. Раней у Менску казалі пра жаданьне атрымаць крэдыт ад гэтага банку памерам аж мільярд даляраў. Чаму сума крэдыту істотна зьменшаная, міністар не патлумачыў:

“Перамовы толькі пачнуцца бліжэйшым часам. Давайце пачакаем літаральна некалькі дзён. У нядзелю місія Ўсясьветнага банку прыбывае і пачнуцца перамовы. І па выніках гэтай працы мы можам зрабіць больш канкрэтныя высновы”.

Станіслаў Багданкевіч
Былы кіраўнік праўленьня Нацыянальнага банку Беларусі Станіслаў Багданкевіч не выключае: жаданьне атрымаць мільярд прагучала таму, што беларускае кіраўніцтва спачатку не разабралася, на што трацяцца пазычаныя грошы:

“Усясьветны банк звычайна дае крэдыты пад канкрэтныя праекты. Дзеля гэтага яго і стварылі. Прыкладам, будаваць электрастанцыі, пракладаць дарогі, лячыць нацыю ад сухотаў і г.д. І таму гэты крэдыт ужо будзе (калі будзе выдадзены), так бы мовіць, вытворчым, не на спажываньне. Ён звычайна даецца на ахову здароўя, на адукацыю, на тыя аб’екты, за якія прыватны бізнэс, як правіла, не бярэцца з-за працяглай акупнасьці”.

Міністар Харкавец таксама паведаміў, што ўрад Беларусі працягвае перамовы зь Міжнародным валютным фондам наконт атрыманьня чарговай траншы крэдыту:

“Я думаю, што бліжэйшае абмеркаваньне парамэтраў і прапановаў, якія мы сфармулявалі разам зь місіяй Валютнага фонду, на бліжэйшым паседжаньні Рады дырэктараў МВФ будзе на карысьць Рэспублікі Беларусь”.

Андрэй Харкавец сказаў, што ўрад разьлічвае атрымаць грошы ад МВФ у чэрвені, магчыма ў ліпені. А на пытаньне журналістаў, ці праўда, што Беларусь просіць МВФ выдаць ня толькі чарговы транш, а і наступны адначасова, міністар прызнаў, што гэта адна з тэмаў перамоўнага працэсу.

Прафэсар Багданкевіч выказвае сваё меркаваньне пра такую просьбу:

“Гэта значыць, што ў эканоміцы нічога добрага не назіраецца. МВФ жа звычайна, адрозна ад Усясьветнага банку, дае крэдыты на дэфіцыт гандлёвага балянсу, на падтрыманьне абменнага курсу, узнаўленьне рэзэрваў… І таму трэба меркаваць, што працягваецца дэфіцыт гандлёвага балянсу, таюць рэзэрвы, расьце ажыятаж на валюту… Паведамляецца, што на валютнай біржы попыт на валюту перавышае яе паступленьне ў 2-3, а то і ў 5 разоў”.
XS
SM
MD
LG