Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Марцін Угла: “Гаварыць аб прагрэсе ў Беларусі пакуль нельга”


Марцін Угла

Марцін Угла

Швэдзкая праваабарончая арганізацыя Östgruppen заклікала ўрады Швэцыі ды іншых краін-сябраў ЭЗ падтрымаць распачатую ў Беларусі кампанію за адмену артыкула Крымінальнага кодэксу 193-1, які прадугледжвае крымінальную адказнасьць за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі.

“Гэты артыкул — грубае парушэньне Канвэнцыі ААН аб грамадзянскіх і палітычных правах. Усе законапаслухмяныя грамадзяне маюць права аб’ядноўвацца ў грамадзкія рухі. У Беларусі ж падобныя ініцыятывы сустракаюць ціск і перасьлед з боку ўладаў”, — заявіў у размове са “Свабодай” лідэр швэдзкай Östgruppen Марцін Угла.

Наша размова з Марцінам Углам адбываецца па-беларуску. Гэтую мову ён вывучыў, як ён кажа, дзякуючы Радыё Свабода, якую штодня слухае і чытае ў Інтэрнэце. Таксама Марцін Угла вядомы як аўтар публікацыяў пра Беларусь у швэдзкіх вэб-выданьнях. Пытаньнямі палітычнага разьвіцьця краіны Марцін Угла цікавіцца ўжо дзевяць гадоў.

Струвэ: “Ці спадзеяцеся вы, што ўрады краін ЭЗ адгукнуцца на заклік Östgruppen і паспрабуюць паўплываць на сытуацыю зь няўрадавымі арганізацыямі ў Беларусі?” — пытаюся я ў суразмоўцы.

Угла: “Мы, канечне, спадзяемся, што будзе станоўчая рэакцыя на наш заклік з боку ЭЗ і з боку Швэцыі таксама. Ва ўсялякім разе, неабходна, каб такая рэакцыя была. Бо сытуацыя зь няўрадавымі арганізацыямі ў Беларусі сёньня вельмі складаная. Тое, што мы бачым у Беларусі, ёсьць сьведчаньнем таго, што ўлады ня хочуць незалежных арганізацый у краіне. У Швэцыі ці іншых краінах рэгістравацца элемэнтарна. Лічыцца, што ў кожнай арганізацыі ёсьць абсалютнае права на існаваньне”.

Струвэ: “Заходнія праваабаронцы крытыкуюць свае ўрады за заўчасную лібэралізацыю беларускай палітыкі. Якога разьвіцьця вы чакаеце ў бліжэйшыя паўгода, калі прэзыдэнтам ЭЗ стане Швэцыя?”

Угла: “Калі ў ЭЗ зьмякчалі санкцыі ў дачыненьні да Менску, казалі, што існуе магчымасьць іх зноў увесьці. Калі беларускія ўлады ня будуць гарантаваць правы чалавека ў краіне, то іх, сапраўды, трэба будзе ўвесьці.

Хачу падкрэсьліць, што абсалютна ня супраць дыялёгу ЭЗ зь беларускімі ўладамі. Проста такі дыялёг павінен быць сканцэнтраваны на пытаньні правоў чалавека. Зразумела, беларускія ўлады зрабілі нейкія крокі, каб палепшыць стан правоў чалавека. Але ж размова ідзе пра касмэтычныя зьмены. Для дэмакратызацыі патрэбнае рэфармаваньне заканадаўства. Трэба рэфармаваць законы, трэба рабіць, каб прававая сыстэма была б незалежнай ад уладаў. Тады можна гаварыць пра дэмакратычны прагрэс”.

Струвэ: “Ня так даўно ў СМІ была зьмешчаная нэгатыўная рэакцыя праваабаронцаў Швэцыі ды іншых скандынаўскіх краін адносна правядзеньня чэмпіянату сьвету па хакеі ў Менску, паездкі ў Беларусь ляўрэата “Эўрабачаньня 2009” Аляксандра Рыбака. Ці лічыце вы, што заходнія зоркі павінны ўстрымлівацца ад наведваньня краіны, дзе існуе антыдэмакратычны рэжым?”

Угла: “Складанае пытаньне. У кожным выпадку трэба падыходзіць па-рознаму. Калі ўзяць Аляксандра Рыбака, то разумею, што ён хоча наведваць Беларусь, але ж улады ўсё ж скарысталі ў сваіх мэтах тое, што ён прыехаў. У гэтым праблема. Што тычыцца хакею — таксама разумею, як хочуць беларусы правядзеньня чэмпіянату ў сваёй краіне, — то гэты спорт вельмі зьвязаны з палітыкай. Сьведчаньне таму, што старшыня фэдэрацыі хакею Беларусі — Уладзімер Навумаў. Пакуль ён мае гэту пасаду, пакуль пытаньне са зьнікненьнем вядомых беларускіх апазыцыянэраў ня вырашанае належным чынам, думаю, што спартовым зоркам нельга пагаджацца на ўдзел у такім чэмпіянаце”.
XS
SM
MD
LG