Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кадравы чацьвер


Юры Чавусаў
Юры Чавусаў
Сёньня Аляксандар Лукашэнка зрабіў шэраг кадравых прызначэньняў. Паводле ўказу, міністрам культуры стаў Павал Латушка, былы пасол Беларусі ў Польшчы. А былы пасол Беларусі ў ЗША Міхаіл Хвастоў прызначаны сталым прадстаўніком Беларусі пры ААН і іншых міжнародных арганізацыях у Жэнэве. Хто прыйшоў ва ўрад і адміністрацыю прэзыдэнта? Пра гэта Алесь Дашчынскі гутарыць з палітолягам Юр’ем Чавусавым.

Дашчынскі: “А.Лукашэнка абяцаў не адпраўляць урад у адстаўку, а памяняць некаторых міністраў. Пра што ж сьведчаць перастаноўкі ва ўрадзе? Віцэ-прэм’ерам па сацыяльных пытаньнях прызначаны былы міністар працы і сацыяльнай абароны Уладзімер Патупчык. Міністрам культуры — Павал Латушка”.

Чавусаў: “Бачна, наколькі кароткая лава запасных у кіраўніка дзяржавы. І пры правядзеньні кадравых ратацый даводзіцца тасаваць адну і тую ж калоду кіраўнікоў. Што да агульнай ацэнкі гэтых прызначэньняў, то можна сказаць, што адбываецца некаторая — не сказаць лібэралізацыя, але прасоўваньне на першыя ролі ў дзяржаўным кіраўніцтве тых асобаў, якія не былі заўважаны ў больш адыёзных дзеяньнях, у зьневажальных акцыях супраць грамадзянскай супольнасьці, супраць апазыцыйных палітыкаў. Прызначаюцца людзі, не засьвечаныя асабліва, але якія раней працавалі ў гэтай сыстэме на другіх ролях. Адбываецца кадравая ратацыя. Гэта вось новая рэдакцыя ўраду Сідорскага, якая павінна вырашаць некалькі супярэчлівых задачаў, зьвязаных з эканамічнай лібэралізацыяй і з правядзеньнем наступнай палітычнай кампаніі — прэзыдэнцкіх выбараў. Я мяркую, што будуць яшчэ прызначэньні. Гэта першыя прыкідкі, якія пачынаюць кадравую ратацыю перад будучымі прэзыдэнцкімі выбарамі”.

Дашчынскі: “Але ж згадаем, як той жа спадар Латушка на пасадзе пасла ў Польшчы хацеў „даць у морду“ аднаму з польскіх тэлежурналістаў. І вядомая ягоная пазыцыя ў канфлікце вакол Саюзу палякаў Беларусі пад кіраўніцтвам Анжалікі Борыс…”

Чавусаў: “Якраз прызначэньне спадара Латушкі можа праліваць сьвятло на агульны напрамак гэтых кадравых прызначэньняў. Прызначаецца асоба, якая была ў прынцыпе чужой у дыпляматычным корпусе. Але, зь іншага боку, яна шмат кім успрымаецца як асоба лібэральная, нягледзячы на агульную адданасьць дзейнай палітычнай сыстэме.
Гэта людзі, якія рабілі ўсё тое, што загадваў Лукашэнка, але пры гэтым давалі зразумець, што яны хутчэй належаць да лібэральнага крыла каманды.
Гэта людзі, якія рабілі ўсё тое, што загадваў Лукашэнка, але пры гэтым рознымі рытарычнымі фігурамі ці кулюарнымі заявамі давалі зразумець, што яны хутчэй належаць да лібэральнага крыла каманды. Ёсьць камэнтар, які вітае прызначэньне, нарэшце, беларускамоўнага міністра культуры. Таму гэта можна разглядаць як жэст, які скіраваны на тое, каб злагодзіць гэты напрамак, каб там было менш патэнцыйных нечаканасьцяў”.

Дашчынскі: “А што наконт прызначэньня Валерыя Міцкевіча, які дагэтуль кіраваў Нацыянальным цэнтрам заканадаўства і прававых дасьледаваньняў, намесьнікам кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі Ўладзімера Макея?”

Чавусаў: “Адміністрацыя прэзыдэнта — больш уплывовая, чым урад. Адтуль аддаюць загады ўраду. Дык туды ўключаецца чалавек з такім харошым юрыдычным бэкграўндам, свой для юрыдычнай сыстэмы. Тут узмацненьне юрыдычнага напрамку. Бо не аднойчы ўжо чуліся галасы, што Натальля Пяткевіч, паколькі яна не свая для юрыдычнай супольнасьці, не магла адэкватна курыраваць галіну юрыдычнага характару, у тым ліку зьвязаную з кадравымі прызначэньнямі. Да таго ж у пэрыяд эканамічнага крызісу і зьвязанай зь ім эканамічнай лібэралізацыі якраз будзе вельмі важнае прававое забесьпячэньне рэформаў, якія хочаш ня хочаш павінны адбывацца. Гэта таксама важнае прызначэньне, якое пралівае сьвятло на тыя працэсы, якія будуць разгортвацца ў Беларусі і ў пэрыяд прэзыдэнцкіх выбараў, і пасьля іх”.

Дашчынскі: “І ўрэшце — былы пасол Беларусі ў ЗША Міхаіл Хвастоў, які вярнуўся ў Менск падчас канфлікту з ЗША, прызначаны сталым прадстаўніком Беларусі пры ААН і іншых міжнародных арганізацыях у Жэнэве. Ці ёсьць гэта нейкім ускосным знакам стану беларуска-амэрыканскіх стасункаў?”

Чавусаў: “Гэты вялацякучы канфлікт, як і раней, працягваецца. Нягледзячы ні на што, афіцыйна бакі не дасягаюць кампрамісу. Зь іншага боку, магчыма, гэты крок адкліканьня Хвастова стане нагодай, каб прыняць рашэньне наконт вяртаньня паслоў у свае рэзыдэнцыі ў Вашынгтоне і Менску. Я хутчэй разглядаў бы прызначэньне Хвастова ў кантэксьце не беларуска-амэрыканскіх дачыненьняў, а ўзмацненьня жэнэўскага цэнтру міжнароднай палітыкі. На парадку дня зараз стаіць пытаньне вяртаньня гандлёвых прэфэрэнцыяў ЭЗ, і тут дыпляматычны досьвед Хвастова будзе як ніколі дарэчы”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG