Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Крызіс і спорт: каманды распадаюцца, гульцы ад'яжджаюць


На гэтым тыдні мужчынскі гандбольны клюб “Машэка” з Магілёва, а таксама жаночы з Горадні “Гараднічанка” адмовіліся выступаць у эўрапейскіх турнірах.

У кіраўніцтве гэтых спартовых камандаў заяўляюць пра “цяжкое матэрыяльнае становішча”. “Свабода” працягвае тэму ўплыву фінансавага крызісу на спорт у рэгіёнах.

Магілёў

У клюбаў няма грошай нават на абавязковыя складкі

З прычыны фінансавых праблемаў у сёлетнім чэмпіянаце Магілёўшчыны па футболе ня ўдзельнічаюць адзінаццаць камандаў.

Сёлета па-за спаборніцтвамі засталіся футбалісты Хоцімшчыны. Прычыны тлумачыць прадстаўнік мясцовага фізкультурна-спартовага клюбу:

“Уступны ўнёсак павялічыўся. Ён стаў большы за тры мільёны. Яго трэба аддаць для таго, каб мы проста паўдзельнічалі. А трэба ж яшчэ паезьдзіць па ўсёй вобласьці, і гульцам трэба плаціць. На ўсё гэта нам трэба прыкладна восем з паловай мільёнаў. А мне ўсяго далі на год дзесяць. Калі я стану ў футболе ўдзельнічаць, то больш ні ў якіх спаборніцтвах, ні раённых, ні абласных удзельнічаць я ня змагу”.

“Цяпер у прадпрыемстваў мала сродкаў, каб дапамагчы”

У абласной фэдэрацыі футболу прызнаюць, што каманды з раёнаў ня ўдзельнічаюць у чэмпіянаце з-за фінансавых цяжкасьцяў, а таксама з прычыны неразьвітасьці футболу.

“Спонсараў цяжка шукаць. Дый няма каму гэтым займацца. Цяпер у прадпрыемстваў мала вольных сродкаў, каб дапамагчы. Летась было прасьцей, але й тады даўжнікі засталіся. Дзьве каманды не пералічылі складак наагул”, — наракае прадстаўнік фэдэрацыі.

У параўнаньні зь леташнім чэмпіянатам уступныя складкі для ўдзельнікаў спаборніцтваў павялічыліся больш як на пяцьсот тысяч: цяпер іх памер — тры мільёны дзевяноста тысяч рублёў. Суразмоўца кажа, што гэтыя сродкі ідуць на плату судзьдзям і іншыя выдаткі. А ці дапамагае нацыянальная фэдэрацыя праводзіць абласныя спаборніцтвы? — пытаюся ў суразмоўніка:

“Дапамога, хутчэй, наадварот ідзе. За кошт камандаў-удзельнікаў існуе фэдэрацыя. Гэта асноўная крыніца даходаў. Менск жа пералічвае, па-мойму, мільён сто ў квартал”.

Судзьдзя першай катэгорыі Эдуард Брокараў цьвердзіць, што няўдзел раённых камандаў у абласных спаборніцтвах — сьведчаньне неразьвітасьці наагул масавага футболу ў глыбінцы:

“За дзесяць мільёнаў аддзел райвыканкаму, як бы ён ні стараўся, ня здолее арганізаваць нармальную фізкультурна-масавую працу. Работнікам з аддзелаў спорту, якія атрымліваюць неблагі заробак, гэтая сытуацыя ніяк не замінае. Ну, меней далі грошай. Значыць, у яго ёсьць падстава меней працаваць. На заробку гэта ніяк не адбіваецца”.

Фінансавыя цяжкасьці закранаюць ня толькі каманды-ўдзельніцы футбольнага чэмпіянату Магілёўшчыны. Летась нястача сродкаў прывяла да зьнікненьня магілёўскага клюбу “Савіт”. Каманду сфармавалі ў 2005 годзе, і яна нават пасьпела пагуляць у вышэйшай лізе. Па заканчэньні ж чэмпіянату 2008 году кіраўніцтва пастанавіла клюб ліквідаваць.

Горадня

На міжнародныя спаборніцтвы — за грошы бацькоў

На Гарадзеншчыне з пачаткам крызісу адчувальна зьменшыліся выезды юных спартоўцаў на міжнародныя турніры за мяжу.

Спартыўныя чыноўнікі ў райцэнтрах Гарадзеншчыны даволі аптымістычна заяўляюць, што крызіс на іх сфэры не адбіўся.

Да прыкладу, у Лідзе, са слоў загадчыка аддзелу фізкультуры і спорту райвыканкаму Івана Дубатоўкі, каляндарны плян спартовых мерапрыемстваў выконваецца, даволі шпарка будуецца лядовы палац.

Чыноўнік распавядае, што за апошнія гады нават аднавілася спартакіяда раёну паміж камандамі прадпрыемстваў, арганізацый і аграгарадкоў.

Праявы крызісу Іван Дубатоўка бачыць у тым, што стала значна даражэй адпраўляць дзіцячыя каманды на рэспубліканскія і міжнародныя спаборніцтвы:

“Вядома, што і харчаваньне, і пражываньне, праезд сталі даражэйшымі. Але пакуль мы ўсе спаборніцтвы закрываем згодна з календаром”.

А вось у гарадзенскай ДЮСШ па футболе, якой апякуецца прафкам прадпрыемства “Белкард”, сытуацыя выглядае зусім інакш. Намесьнік дырэктара школы Мікалай Емяльянчык кажа, што праблемы пачаліся пасьля таго, як крызіс прыйшоў на прадпрыемства:

“У асноўным усё ўпіраецца ў фінансы. Калі мы раней часта езьдзілі ўдзельнічаць у міжнародных спаборніцтвах, то цяпер адмаўляемся. Дый набыцьцё інвэнтару таксама праблема — ён дарагі, а грошай не стае”.

Спадар Емяльянчык як былы футбаліст кажа, што адсутнасьць міжнароднага досьведу заўважна адбіваецца на ўзроўні нават юнацкага футболу. Цяпер іх каманда выйграла першынство Беларусі ў сваёй узроставай групе, і цяпер ім удалося арганізаваць паездку на турнір у Каўнас:

“Пазьбіралі, пазьбіралі грошай і адправілі дзяцей. Але, вядома, галоўныя выдаткі — за кошт іх бацькоў”.

І плыўцы не трапляюць на міжнародныя спаборніцтвы

Намесьніца дырэктара СДЮШАР № 5 Кастрычніцкага раёну Горадні спадарыня Тэрэза кажа, што іхнім плыўцам таксама даводзіцца прапускаць міжнародныя спаборніцтвы:

“Мы цяпер абмежавалі ўдзел у спаборніцтвах: міжнародных стала на адно меней, а раённыя, абласныя і агульнанацыянальныя засталіся на тым самым узроўні. І болей залучаем бацькоўскіх грошай, калі дзеці некуды выяжджаюць на спаборніцтвы”.

Абодва спэцыялісты дадаюць, што не заўсёды бацькі здольных дзяцей могуць знайсьці грошы на тое, каб тыя маглі паехаць разам з камандай за мяжу.

Ганцавічы

Спыніла існаваньне адзіная каманда майстроў

Футбольная каманда “ПМК-7” з Ганцавічаў яшчэ нядаўна паказвала выдатныя вынікі. Аднак сёлета яна распалася.

Футбалісты з правінцыі — уладальнікі чатырох кубкаў Беларусі сярод аматарскіх камандаў, тройчы яны ўдзельнічалі ў турнірах. 12 гульцоў атрымалі званьне “майстар спорту”. Аднак сёлета каманда распалася, а гульцы мусілі разысьціся па іншых калектывах.

“Апошнія сем гадоў мы гралі бясплатна. Раней трымаліся, я стараўся выжываць. Ні капейкі не даваў горад. Мы проста гулялі ў футбол. Даў Бог сабраць такіх хлопцаў — фанатаў. Ні капейкі ім не плацілі”, — расказвае нядаўні трэнэр каманды Андрэй Жалезны.

Трэнэра чэмпіёнаў выціскаюць з раёну

За сваю працу трэнэр атрымлівае мізэрны заробак:

“Я ўтрымліваў стадыён. Мне плацілі 70 тысяч. А я ўкладаў 150 тысяч. Па ўказаньні старшыні выканкаму мяне ўсюды пазвальнялі. З чатырох працаў звольнілі”.

Але на гэтым, як кажа суразмоўца, не спыніліся:

“Была пагроза, што ў раёне месца ня будзе. Я не баюся, бо бяз працы. Калі дам інтэрвію, якое хачу даць, то маю жонку прыбяруць з працы. Было ўжо папярэджаньне. А ў мяне двое дзяцей”.

Андрэй Жалезны не разумее адносінаў да яго з боку ўлады:

“Ідзе маса людзей. Мы зьбіралі паўтары-дзьве тысячы на футбольны матч. Гэта каб якая палітыка, ці што. Не перашкаджайце нам! Я перадаў 37 кубкаў у музэй. У нас самая тытулаваная каманда ў былым СССР”.

У аддзеле фізычнай культуры, спорту й турызму Ганцавіцкага райвыканкаму прызнаюць, што не чыноўнікі клапаціліся пра каманду:

“Трохі падтрымлівала ПМК-7 — будаўнічая арганізацыя, прыватныя асобы, спонсары фінансавалі. Хлопцы шмат не атрымлівалі: на харчаваньне, і ўсё. Ім прапанавалі цяпер лепшыя грошы: палова сышла ў Пружанскі раён, частка — у Баранавічы”, — паведамляе супрацоўнік аддзелу Павел Сідаровіч.

Ён кажа пра прычыны:

“Каб каманду стварыць, у нас няма ніводнай прамысловай арганізацыі, каб магла ўтрымліваць каманду. А пра сельскую гаспадарку і казаць няма чаго”.

Камэнтар “Свабоды. Пра магчымыя наступствы фінансавага крызісу для беларускага спорту разважае тройчы алімпійскі чэмпіён Уладзімер Парфяновіч:

“Гэта — як адлюстраваньне ў люстэрку. Паглядзеў на эканоміку — і бачыш, чаго чакаць у спорце.

У Беларусі будуць вялікія лядовыя палацы. Цяперашняя ўлада імкнецца ўразіць усе краіны сьвету, нягледзячы на маленькую эканоміку ў крызісны час. Упэўнены, што нічога добрага ў разьвіцьці масавага спорту ў бліжэйшы час не пабачым”.
XS
SM
MD
LG