Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Удзельнічае гісторык Алесь Краўцэвіч. Эфір 4 чэрвеня 2009 году.

Вялікае Княства Літоўскае, Рускае і Жамойцкае — сярэднявечная дзяржава на тэрыторыі сучасных Беларусі, Літвы, Украіны, часткі Расеі. Утворанае ў 1248 годзе. Сталіца — Вільня.

ВКЛ — гэта гістарычны міт, які дапамог беларусам у ХХ стагодзьдзі адрадзіць сваю дзяржаўнасьць, але ня быў цалкам рэалізаваны.

Вячаслаў Ракіцкі
Алесь Краўцэвіч


Вячаслаў Ракіцкі: Вялікае Княства Літоўскае цалкам зьнікла з эўрапейскай мапы пасьля падзелаў Рэчы Паспалітай пры канцы ХУІІІ стагодзьдзя. Калі ж і ў зьвязку з чым адраджаецца гэтае дзяржаўнае ўтварэньне ў сьвядомасьці беларусаў на ўзроўні міталягічным?

Алесь Краўцэвіч: Міт ВКЛ стаў найбольш патрэбным беларусам у другой палове ХІХ — пачатку ХХ стагодзьдзя, калі пачаў афармляцца беларускі нацыянальны рух. Якраз у тыя часы ў нашым рэгіёне Эўропы, менавіта ў Сярэдняй Эўропе, усе недзяржаўныя народы (чэхі, палякі, славакі, славенцы, харваты, летувісы і іншыя) фармавалі праграму ўласнага дзяржаўнага быту, нацыянальную праграму на будучыню. Надзвычай важнай складной часткай той праграмы ва ўсіх народаў была гістарычная парадыгма — пошукі даўняй сярэднявечнай дзяржаўнай традыцыі. Яны імкнуліся абаперціся на нейкую даўнюю дзяржаву. Чэхі — на слаўнае сярэднявечнае Чэскае каралеўства, і вугорцы, і палякі, і харваты — на свае каралеўствы. А летувісы — на Вялікае Княства Літоўскае. Тыя народы, якія не маглі знайсьці ў мінулым уласную дзяржаву, мусілі шукаць іншыя доказы, чаму яны ў навейшы час павінны атрымаць незалежнасьць і, як правіла, такія нацыянальныя рухі адставалі ад іншых.
На ролю гістарычнага падмурку беларускага нацыяналізму найбольш прыдатным быў міт ВКЛ.
Такі лёс і беларусаў. Сёньня можна сьцьвярджаць, што аб’ектыўна на ролю гістарычнага падмурку беларускага нацыяналізму найбольш прыдатным быў міт ВКЛ. Гаворка, натуральна, пра міт у сэнсе культуралягічным.

Ракіцкі: Дык беларусы ня здолелі, ці не пасьпелі на пачатку ХХ стагодзьдзя абаперці нацыянальную ідэалёгію на гістарычным міце ВКЛ? Чаму яны не знайшлі сваю дзяржаву ў Сярэднявеччы?

Краўцэвіч: На жаль, стварыць беларускі міт пра ВКЛ, загаспадарыць яго дзяржаўную традыцыю, беларускія дзеячы не пасьпелі. На гэта склалася некалькі прычынаў. Хіба што, галоўная зь іх у тым, што ўся тэрыторыя Беларусі трапіла пад Расею. У нас не было гэтак званага культурнага П’емонту як Клайпедскі край (Малая Літва) у летувісаў у Прусіі, Галіцыя у палякаў і ўкраінцаў, дзе ў гэтых нацыянальных анклявах працавалі школы, тэатры, выдаваліся кнігі, газэты, часопісы і кантрабандай перавозіліся на тэрыторыю Расейскай імпэрыі і распаўсюджваліся сярод суайчыньнікаў. У Расеі было забароненае нават пачатковае беларускае школьніцтва, беларускае выдаўніцтва і нават сама назва Беларусь. У нас не было той нацыянальнай царквы, чые дзеячы зашчаплялі б у народную масу нацыянальную ідэю, як уніяцкая царква ў Заходняй Украіне, польскі ці летувіскі каталіцкі касьцёл. Царква і касьцёл там паўсюль мелі свае структуры, яны даходзілі да кожнага чалавека. У нас такога не было. Таму мы спазьніліся, і ВКЛ зрабілі сваім мітам летувісы.

Ракіцкі: Ці сапраўды Вялікае Княства Літоўскае было магутнай і ўплывовай дзяржавай у Эўропе?

Краўцэвіч: Вялікае Княства Літоўскае нельга назваць супэрдзяржавай, якая ўдзельнічала ў эўрапейскай палітыцы напоўніцу. Але, напрыклад у ХУ стагодзьдзі, калі гаспадарыў Вітаўт, яго запрашалі чэскім каралём. Зь ім падпісвалі дамовы Вэнэцыянская рэспубліка, Вугорскае каралеўства. Былі часы, калі Вялікае Княства Літоўскае было тэрытарыяльна найвялікшай дзяржавай у Эўропе. Канешне, яна была ўскрайкам эўрапейскай цывілізацыі, але была ў эўрапейскай цывілізацыі.

Ракіцкі: Зь якой дзяржавай ВКЛ можна было б параўнаць?

Краўцэвіч: З гледзішча ўплываў, ВКЛ можна параўнаць зь іншымі сярэднеэўрапейскімі дзяржавамі — Вугорскім, Чэскім, Польскім каралеўствамі.

І, натуральна, яна была вельмі важным чыньнікам ва Ўсходняй Эўропе.

Ракіцкі: Наколькі культура гэтай дзяржавы была самабытнай і вядомай у Эўропе?

Краўцэвіч: Культура ВКЛ разьвівалася ў заходнеэўрапейскіх, хрысьціянскіх традыцыях.
Культура ВКЛ разьвівалася ў заходнеэўрапейскіх, хрысьціянскіх традыцыях.
Яна не была асабліва вядомай у сьвеце. Яна становіцца шырока вядомай толькі цяпер, дзякуючы таму, што з пазыцыяў сучаснага гуманістычнага грамадзтва мы бачым, якім багатым быў сынтэз гэтых дзьвюх эўрапейскіх культурных традыцыяў — усходняй і заходняй.

Ракіцкі: Чаму ВКЛ — старажытная беларуская дзяржава — так доўга не ўспрымалася як беларуская? Чаму нават расейцы яе гатовыя былі называць сваёй дзяржавай, ня кажучы ўжо пра сучасных літоўцаў?

Краўцэвіч: Расейцы называлі Вялікае Княства руска-літоўскай дзяржавай. Казалі, што палітычна там дамінавалі летувісы, а культуру вызначалі рускія. “Рускі” азначала “расейскі”, бо беларусаў і украінцаў у Імпэрыі не лічылі самастойнымі народамі, а толькі паасобнымі галінамі “рускага племя”. Расейскія гісторыкі падкрэсьлівалі дамінаваньне ў ВКЛ “рускай культуры” і гэтым абгрунтоўвалі гістарычнае права Імпэрыі на валоданьне землямі былога Вялікага Княства пасьля захопу гэтых зямель. Беларусам была прыдуманая казачка пра захоп іх летувісамі і прыгнёт пад летувіскімі, потым яшчэ і польскімі, панамі ды адвечнае імкненьне ўзьяднацца зь вялікім расейскім народам. Цікава, што адначасна расейская навука даказвала, што беларускі народ сфармаваўся ў ХІV — ХVІІ стагодзьдзях, гэта значыць, менавіта ў складзе ВКЛ. Але паколькі беларусы “былі там прыгнечаным народам”, то атрымлівалася, што само фармаваньне народу набывала нэгатыўнае адценьне — народ пад прыгнётам.

Ракіцкі: І сёньня можна пачуць, перадусім, ад расейцаў, што беларусы і ўкраінцы — несамастойныя нацыі. Ці можна праз ВКЛ даказаць, што беларусы — самастойная нацыя?

Краўцэвіч: У тым ліку і праз ВКЛ, і праз будаваньне ўласнай дзяржаўнасьці. Прыкладам, апошнім часам пра ўкраінцаў расейцы нашмат радзей гавораць, што яны несамастойныя. Таму што ва Ўкраіне будуецца дзяржава паводле нацыянальнай канцэпцыі. І з гэтым мусяць лічыцца суседзі, улучна з расейцамі. І пакуль мы не пачнём усур’ёз будаваць уласную нацыянальную дзяржаву і не пачнём самі сябе паважаць ва ўласным доме, нас ня будуць паважаць і суседзі.

Ракіцкі: Якія падставы ёсьць для таго, каб лічыць ВКЛ беларускай дзяржавай?

Краўцэвіч: ВКЛ — было сапраўды вялікай дзяржавай, існавала больш пяці стагодзьдзяў; некалькі стагодзьдзяў (прынамсі ХІУ — ХУ) дамінавала ва Ўсходняй Эўропе, аб’ядноўвала большасьць усходнеславянскіх зямель — сёньняшнія Беларусь і Ўкраіну і значную частку карэннай Расеі. Пасьля Люблінскай уніі 1569 году, калі Ўкраіна адышла да Польскага каралеўства, менавіта беларускія землі да самага канца дзяржавы ў 1795 годзе заставаліся галоўнай цэнтральнай часткай гэтай дзяржавы.
Ад сярэдзіны ХІІІ і да канца ХУІІ стагодзьдзя беларуская мова заставалася дзяржаўнай мовай і мовай культуры.
І самае галоўнае — ад сярэдзіны ХІІІ і да канца ХУІІ стагодзьдзя беларуская мова заставалася дзяржаўнай мовай і мовай культуры. Яна ахоплівала ўсю сацыяльную структуру грамадзтва ВКЛ — ад сялян да вялікіх князёў. Менавіта таму называюць ХУ — ХУІ стагодзьдзі залатым векам беларускай культуры. Ад тых часоў засталася агромністая пісьмовая спадчына (летапісы, акты, прыватныя лісты, мэмуары, падарожныя дзёньнікі), спадчына, якая да сёньня вельмі дрэнна вывучаная і не засвоеная беларускай культурай. Мову гэтую тады называлі рускай (русінскай), а ў Маскоўскай дзяржаве яе называлі літоўскай.

Ракіцкі: А як адбывалася вяртаньне ВКЛ беларусам? Калі і з чаго адбывалася міталягізацыя ВКЛ як беларускай дзяржавы?

Краўцэвіч: Мы спазьніліся: толькі ў пачатку ХХ стагодзьдзя. Можам назваць “Кароткую гісторыю Беларусі” Вацлава Ластоўскага, працы Мітрафана Доўнар-Запольскага, у пэўнай ступені нават працы Мацея Любаўскага ў 1920-я гады ў пару беларусізацыі. Пачалося паступовае набываньне намі гэтага міту. Але не пасьпелі гэтага зрабіць з прычыны таго, што ўсе творцы, усе дасьледчыкі гісторыі былі фізычна вынішчаныя сталінскім рэжымам. Толькі адзін прадстаўнік той вялікай гістарычнай школы ацалеў — Мікалай Улашчык, якога да канца ягоных дзён не пусьцілі ў Менск, каб хоць бы прачытаў адзіную лекцыю ва ўнівэрсытэце.

Ракіцкі: Дык ці рэалізаваны ў Беларусі міт ВКЛ? Ці стаў ён набыткам беларускай нацыянальнай ідэалёгіі і культуры?

Краўцэвіч: Паўтаруся, міт ВКЛ рэалізаваны ў Беларусі толькі часткова. Дзякуючы настойлівым намаганьням гісторыкаў (маю на ўвазе сапраўдных гісторыкаў, а не афіцыёзных прыслужнікаў рэжыму) спадчына ВКЛ трывала засвоена толькі ў колах інтэлігенцыі. Але міт можна назваць рэалізаваным толькі тады, калі ён авалодае масамі. Якраз гэтага ў нас няма.
ВКЛ практычна не існуе ў масавай сьвядомасьці беларусаў як іх законная гістарычная спадчына.
ВКЛ практычна не існуе ў масавай сьвядомасьці беларусаў як іх законная гістарычная спадчына і найчасьцей атаясамліваецца з сучаснай Летувай. Яго месца займае міт царскай Расеі. Паглядзіце, як у Менску і іншых нашых гарадох зьяўляюцца назвы рэстарацыяў, прадуктаў харчаваньня па-расейску зь “яцямі”. Паглядзіце, як у новых падручніках па гісторыі Беларусі ўсхваляецца Мураўёў-вешальнік (“добры адміністратар”) і ахайваецца Кастусь Каліноўскі. Я перакананы, што дзяржаўная палітыка сённяшняй беларускай улады праводзіцца нават не Лукашэнкам, а надалей кіруецца з Масквы.

Ракіцкі: Міт ВКЛ, відавочна, утрымлівае ў сабе яшчэ шэраг мітаў. Вы вось зараз узгадалі падзеі, зьвязаныя з вайсковай славай… Якія культурніцкія з’явы вартыя шырокай міталягізацыі?

Краўцэвіч: Несумненна, гэта залаты век беларускай культуры (ХV — ХVІ стагодзьдзі). Абавязкова павінен быць міталягізаваны сынтэз культураў на памежжы ўсходняй і заходняй. Гэта наш унёсак ва ўсясьветную спадчыну. Абавязкова павінна быць міталягізаваная талерантнасьць беларусаў. У значнай ступені гэты міт ужо рэалізуецца як даўняя гістарычная традыцыя. Вартая міталягізацыі беларуская вайсковая слава. Гаворка пра тое, што гэтыя культурніцкія міты павінны стварацца на саліднай навуковай аснове. Тады яны маюць шанцы жыць доўга. Міты штучныя раней ці пазьней будуць разбураныя маладымі пакаленьнямі.

Ракіцкі: А ці можа міт ВКЛ нарэшце рэалізавацца ў Беларусі? Што, з вашага гледзішча, для гэтага трэба зрабіць?

Краўцэвіч: Найперш трэба зрабіць нацыянальную дзяржаву. Я ўсё яшчэ веру ў магчымасьць рэалізацыі гэтага міту. І галоўнай прыкметай для мяне будзе нават не вяртаньне беларускай мовы ў штодзённае жыцьцё, але новы адміністрацыйны падзел краіны, калі замест абласьцей і іх “губэрнатараў” зьявяцца ваяводзтвы і ваяводы; калі нашым гарадам і вёскам будуць вернутыя сапраўдныя назвы, што засталіся ад ВКЛ: Менск, Наваградак, Гародня, Берасце, Янава замест Іванава. І ўрэшце, калі наш прэзыдэнт будзе езьдзіць 15 ліпеня на Грунвальдзкае поле, а 8 верасьня — на Крапіўнае, пад Воршу.
  • 16x9 Image

    Вячаслаў Ракіцкі

    Вячаслаў Ракіцкі – беларускі журналіст, тэатральны і кінакрытык, рэжысэр і сцэнарыст дакумэнтальнага кіно, перакладчык. Кандыдат мастацтвазнаўства. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускай асацыяцыі журналістаў. Аўтар Радыё Свабода з 1997 году.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG