Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Абама – за новыя адносіны з ісламскім сьветам


Прэзыдэнт ЗША Барак Абама сёньня заклікаў адгарнуць новую старонку ў стасунках сваёй краіны з ісламскім сьветам.

Выступаючы зь вялікай прамовай у Каірскім унівэрсытэце, Абама сказаў, што гэтыя стасункі могуць грунтавацца на ўзаемных інтарэсах і пашане:

"Я прыехаў сюды ў Каір, каб паспрабаваць даць новы пачатак адносінам паміж Злучанымі Штатамі і мусульманамі ва ўсім сьвеце — пачатак, які б грунтаваўся на ўзаемных інтарэсах і ўзаемнай пашане, на той ісьціне, што Амэрыка і іслам не выключаюць адно аднаго і ня мусяць супернічаць адно з адным. Наадварот, яны перакрываюцца і падзяляюць агульныя прынцыпы — прынцыпы справядлівасьці і прагрэсу, талерантнасьці і годнасьці ўсіх людзей".

Абама сказаў, што Амэрыка ня хоча, каб яе войскі заставаліся ў Аўганістане, і не плянуе пакідаць там вайсковыя базы. Але ён даў выразна зразумець, што пакуль у Аўганістане будуць экстрэмісты і пакуль Пакістан будзе ставіцца варожа да Амэрыкі, Вашынгтон утрымае сваю вайсковую прысутнасьць у Аўганістане.

Адначасова Абама запэўніў, што ЗША плянуюць выдаткоўваць 1,5 мільярда даляраў штогод цягам бліжэйшых пяці гадоў, каб будаваць школы, шпіталі і дарогі ў Пакістане, ды таксама прызначаць сотні мільёнаў даляраў на дапамогу тым людзям, якія апынуліся ў Пакістане ў выніку ваенных дзеяньняў у Аўганістане. Абама прыгадаў, што Вашынгтон ужо пачаў выдзяляць эканамічную дапамогу Аўганістану на агульную суму 2,8 мільярдаў даляраў.

Гаворачы аб Іраку, амэрыканскі прэзыдэнт пацьвердзіў сваё выбарчае абяцаньне, што ЗША маюць намер вывесьці свае войскі з гэтай краіны і дапамагчы іракцам забясьпечыць "больш пасьпяховую будучыню".

Зьвяртаючыся да ізраільска-палестынскай праблемы, Абама падтрымаў ідэю вырашэньня канфлікту шляхам стварэньня дзьвюх дзяржаваў. І ён заклікаў Ізраіль спыніць пабудову новых пасяленьняў на палестынскай тэрыторыі:

"Ізраільцы мусяць прызнаць, што так як нельга адмаўляць права на існаваньне Ізраілю, так сама нельга яго адмаўляць Палестыне. Злучаныя Штаты не прызнаюць законнасьці пабудовы новых ізраільскіх пасяленьняў. Гэтая пабудова парушае ранейшыя дамоўленасьці і падрывае намаганьні дасягнуць мір. Час спыніць пабудову пасяленьняў".

Закранаючы адносіны ЗША з Іранам, Абама прызнаў, што абодвум бакам будзе вельмі цяжка пераадолець "дзесяцігодзьдзі недаверу", але ён запэўніў, што Вашынгтон будзе імкнуцца да гэтага з "мужнасьцю, шчырасьцю і рашучасьцю".

Гаворачы пра іранскую ядзерную праграму, Абама падкрэсьліў, што Вашынгтон будзе працягваць намаганьні ў кірунку яе ўрэгуляваньня, але пры тым дадаў, што Іран, як і ўсе іншыя краіны, мае права на распрацоўку мірнай атамнай праграмы.
XS
SM
MD
LG