Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Брат Зэльцэра піша аб “правакацыі”


Эмануіл Зэльцэр

Эмануіл Зэльцэр

Брат зьняволенага амэрыканца Эмануіла Зэльцэра Марк Зэльцэр, які жыве ў Нью-Ёрку, накіраваў факсам звароты дзяржсакратару беларускага Саўбезу Юрыю Жадобіну, старшыні КДБ Вадзіму Зайцаву, генэральнаму пракурору Рыгору Васілевічу, міністру ўнутраных спраў Анатолю Куляшову, міністру замежных спраў Сяргею Мартынаву і кіраўніку адміністрацыі прэзыдэнта Ўладзімеру Макею.


Марк Зэльцэр інфармуе высокіх беларускіх чыноўнікаў пра тэлефонныя званкі нейкага Сяргея Мікерава, які нібыта сядзеў у магілёўскай калёніі № 15, пазнаёміўся там зь ягоным братам Эмануілам Зэльцэрам і даведаўся пра магчымыя ўцёкі Зэльцэра з калёніі “на верталёце”.

Такіх званкоў ад Сяргея Мікерава, паводле Марка Зэльцэра, было некалькі, і працягваліся яны нават пасьля таго, як у красавіку Марк Зэльцэр праінфармаваў пра іх прадстаўнікоў уладаў ЗША і Беларусі. Апошні званок быў учора, 3 чэрвеня.

Марк Зэльцэр не выключае, што рыхтуецца правакацыя, “мэта якой —перашкодзіць вызваленьню Эмануіла Зэльцэра паводле амністыі”.

Сёньня, 4 чэрвеня, з Эмануілам Зэльцэрам у калёніі бачыўся адвакат Зьміцер Гарачка. “Мне няма чаго камэнтаваць, гэтую тэму мы зь ім ніколі не абмяркоўвалі, пра турэмнага знаёмага Мікерава Зэльцэр мне ніколі не распавядаў. Мой падабаронны спадзяецца толькі на амністыю і ні на што іншае”, — сказаў адвакат Зьміцер Гарачка Радыё Свабода.

Нагадаем, Эмануіл Зэльцэр быў арыштаваны ў сакавіку 2008 году ў менскім аэрапорце і ў жніўні асуджаны на 3 гады паводле абвінавачаньня ў камэрцыйным шпіянажы і падробцы дакумэнтаў. Сваёй віны Зэльцэр не прызнаў. Розныя крыніцы пішуць, што да арышту Зэльцэра ў Менску мае дачыненьне расейскі алігарх-уцякач Барыс Беразоўскі, які, у сваю чаргу, гэта абвяргае. Урад ЗША дамагаецца, каб яго вызвалілі на падставах гуманнасьці.
XS
SM
MD
LG