Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дваццаць гадоў таму кітайскія вайсковыя аддзелы і танкі чакалі набліжэньня ночы, каб напасьці на дэмакратычных дэманстрантаў, якія ўжо больш за шэсьць тыдняў займалі плошчу Т’яньаньмэнь у цэнтры Пэкіну. Гэта сталася апошнім актам жахлівай драмы, падчас якой былі забітыя сотні няўзброеных грамадзянаў, якія дамагаліся палітычных рэформаў і спыненьня карупцыі ўладаў. Сёньня ў Кітаі забаронена адзначаць гадавіну трагедыі,. Але ноч, калі ў Кітаі была раздушаная дэмакратыя, не была забытая.

Два дзесяцігодзьдзі могуць падацца занадта доўгім часам, каб памяць аб Т’яньаньмэні захавалася ў Кітаі і ўва ўсім сьвеце.

Але здушэньне кітайскай дэмакратыі было такім жорсткім, і за ім з такой увагай сачылі тэлегледачы ўва ўсім сьвеце, што яно засталося адным з найбольш памятных момантаў найноўшай гісторыі.

Першым неверагодным фактам у гэтай драме, якая працягвалася шэсьць тыдняў да сваёй кульмінацыі 4 чэрвеня, была нечаканасьць і маштабы саміх пратэстаў.

Стыхійная хваля

Усё пачалося ў сярэдзіне красавіка падчас усенароднай жалобы па памерлым лідэру кампартыі Ху Яобану, рэфармісту, якога партыйныя дагматыкі двума гадамі раней адхілілі ад улады і публічна прынізілі. Яго прыхільнікі прыйшлі на плошчу Т’яньаньмэнь, каб аддаць яму пашану, і пасьля разышліся.

Але яшчэ праз тыдзень на плошчу прыйшло ўжо амаль 100 тысячаў чалавек, якія патрабавалі рэформаў і пратэставалі супраць карупцыі ва ўладзе. Пратэсты неўзабаве пашырыліся на іншыя гарады, і кампартыя пачала непакоіцца.



Калі па ўсім Кітаі да дэмакратычнага руху далучылася больш за мільён студэнтаў і рабочых, плошча Т’яньаньмэнь ператварылася ў лінію фронту. Дэманстранты збудавалі намётавае мястэчка, запатрабавалі большай дэмакратыі і паабяцалі застацца на плошчы, пакуль іх патрабаваньні ня будуць задаволеныя. Журналісты з усяго сьвету зьляцеліся ў Пэкін, бо ўсе адчулі, што Кітай апынуўся на раздарожжы.

Вырашалася пытаньне – ці партыя, якая пачала праводзіць эканамічную лібэралізацыю, адмовіцца і ад часткі сваёй палітычнай улады. Гэтая ўлада, як і вялікія дзяржаўныя прадпрыемствы краіны, знаходзілася выключна ў руках найвышэйшых партыйных кіраўнікоў і іх родных ды сваякоў – што і выклікала абвінавачаньні ў карупцыі ўладаў.

Здушыць бунт!


Напачатку думкі кіраўнікоў што да таго, як вырашыць крытычную сытуацыю, падзяліліся. Лідэр партыі, рэфарміст Чжао Цзыян заклікаў да стрыманасьці і асабіста зьвярнуўся да студэнтаў з заклікам пакінуць плошчу. Але прэм'ер Лі Пэн абвінаваціў іх у спробе дзяржаўнага перавароту і абвясьціў ваеннае становішча.

Гэтая нязгода ў кіраўніцтве скончылася адхіленьнем ад улады Чжао і іншых рэфармістаў. Дэн Сяўпін, які стаў новым кіраўніком партыі, даў загад сьцягнуць у Пэкін войскі зь іншых рэгіёнаў Кітаю, каб здушыць тое, што цяпер афіцыйна называлася “контрарэвалюцыйным бунтам”.

Разьвязка не прымусіла сябе чакаць. 3 чэрвеня войскі рушылі ў бок цэнтру Пэкіну, але студэнты і звычайныя жыхары Пэкіну стараліся затрымаць іх за некалькі кілямэтраў на захад ад плошчы.

Вайскоўцы адкрылі агонь, сотні людзей былі забітыя. Некаторыя дэманстранты ў адказ пачалі закідваць танкі бутэлькамі з бэнзінам. Бальшыня людзей, забітых падчас пратэстаў, загінулі менавіта ў гэты момант.

Уначы на 4 чэрвеня войска рушыла на плошчу Т’яньаньмэнь, дзе на той час знаходзіліся тысячы людзей. Было адключанае сьвятло, плошча патанала ў цемры, на дэманстрантаў ехалі танкі. Пратэстоўцы пачалі ўцякаць, колькі людзей было ў гэты момант забіта на плошчы і на прылеглых вуліцах – дагэтуль невядома.

20-ая гадавіна: інфармацыйная блякада


Сёньня бура міжнародных пратэстаў з прычыны забойства дэманстрантаў і арыштаў дысыдэнтаў збольшага сунялася. Летась Пэкін прымаў летнюю Алімпіяду, асаблівай крытыкі Захаду з нагоды парушэньня правоў чалавека ў Кітаі чуваць не было.

Сёлета, напярэдадні 20-ай гадавіны трагічных падзеяў, Кітай ужыў надзвычайныя захады, каб асьвятленьне гадавіны Т’яньаньмэню сусьветнымі мэдыямі ня трапіла на вочы кітайскаму грамадзтву. Афіцыйныя ўстановы забараняюць продаж замежных газэт, перапыняюць вяшчаньне спадарожнікавых тэлеканалаў, уводзяць цэнзуру ў інтэрнэце.

Але і ў самым Кітаі шмат сьведчыць аб тым, што памяць пра здушэньне пратэстаў ня сьцерлася.

Група дысыдэнтаў летась у лістападзе апублікавала “Хартыю-2008” з заклікам стварэньня “свабоднай, дэмакратычнай і канстытуцыйнай дзяржавы”. Арганізатар “Хартыі“, пісьменьнік Лі Сяўбо, быў арыштаваны. Але 303 кітайскія дысыдэнты, якія падпісалі гэты дакумэнт, створаны на ўзор чэхаславацкай “Хартыі-77”, спадзяюцца, што вакол іх згуртуюцца іншыя прыхільнікі дэмакратыі ў Кітаі.

Адзін з падпісантаў “Хартыі-2008”, праваабаронец Лі Байгуан у нядаўнім інтэрвію агенцтву "Ройтэрс" так вызначае мэты руху: “За апошнія дваццаць гадоў рабіліся ўсё мацнейшыя і мацнейшыя, тым часам як моц звычайных грамадзянаў зусім не расла. Гэта сьведчыць пра тое, якімі наіўнымі мы былі ў тыя часы. Але цяпер, калі нам супрацьстаіць уся моц улады, як нам будаваць дэмакратыю? Трэба рабіць гэта знутры – разьвіваць прававую дзяржаву, бараніць правы чалавека, стрымваць улады з дапамогай законаў”.

Плошча Т’яньаньмэнь не забытая?


Сёлета дысыдэнты арганізавалі выданьне за мяжою кнігі, якая, на іх думку, дапаможа ім у барацьбе за справядлівасьць у справе аб здушэньні дэмакратычнага руху на плошчы Т’яньаньмэнь. Гэтая кніга – сакрэтныя мэмуары камуністычнага лідэра, які як мог заклікаў да стрыманасьці – Чжао Цзыяна.

У апублікаваных пасьмяротна мэмуарах Чжао, які памёр у 2005 годзе, адкрыта кідае выклік афіцыйнаму цьверджаньню, нібыта шматпартыйная дэмакратыя яшчэ доўгія дзесяцігодзьдзі ня можа быць прынятая ў Кітаю, бо эканамічнае разьвіцьцё важнейшае за палітычныя рэформы.

“Калі краіна хоча мадэрнізацыі, яна ня толькі мусіць увесьці рынкавую эканоміку, яна таксама павінна прыняць у якасьці палітычнай сыстэмы парлямэнцкую дэмакратыю”, – пісаў Чжао.

Пытаньне ў тым, ці новае пакаленьне кітайскіх студэнтаў прачытае гэтыя радкі, ці яно пагодзіцца зь імі або не.

У сувязі з падзеямі 20-гадовай даўніны на плошчы Т’яньаньмэнь кітайцы найбольш памятаюць пра дзьве рэчы: пра сілу ўладаў пры здушэньні дэмакратыі і пра несправядлівую жорсткасьць, ужытую для захаваньня ўлады. Толькі самі студэнты ведаюць, што вызначыць іх пазыцыю ў будучыні. Пакуль жа яны захоўваюць маўчаньне.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG