Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выстава маладых фотакарэспандэнтаў адкрылася ў Менску


У Менску, у кінатэатры “Перамога” адкрылася выстава “Маладая прэс-фатаграфія Беларусі”. У выставе удзельнічае 8 беларускіх фотарэпарцёраў. Выстава сталася вынікам працы фоташколы “5W”, а таксама спробай арганізаваць прафэсійны конкурс для фотарэпарцёраў Беларусі.

На фатаздымках — сьвяткаваньне Купальля ў Строчыцах, сьвята Вадохрошча, закрыцьцё сэзону сноўдборду на Якуцкіх гарах, вогненныя шоў, краявіды, партрэты.

“Мы ўсе па 8 здымкаў выбіралі, цяжка было выбраць — шмат гігабайтаў прагледжана, шмат думалася — тое гэта ці ня тое, што лепей. Выбраў урэшце напэўна тое, што бліжэй самому, што самому асабліва падабаецца, а можа — кіраваўся тым, як асабіста я разумею прэс-фота. Цікава будзе пачуць водгукі людзей ужо пасьля — як, каму што і чаму спадабалася болей — і сярод звычайных людзей, — гледачоў, і сярод калегаў-журналістаў, і фатографаў, якія займаюцца фатаграфіяй па-за СМІ”, - сказаў адзін з удзельнікаў выставы Уладзь Грыдзін.

Ініцыятар выставы фатограф Андрэй Лянкевіч спадзяецца, што сёньняшняя выстава стане рэгулярнай. Бо экспазыцыі такога кшталту ў Беларусі пакуль няма:

“Была ідэя зрабіць падобную выставу, каб паказаць, хто мы, што мы, — з аднаго боку. Зь іншага боку, фотажурналістыка ў Беларусі існуе. Але мала газэт, мала часопісаў… І іх няма проста дзе паказваць. Фармат такіх здымкаў, на жаль, проста не падыходзіць да тых месцаў, дзе працуюць людзі. І таму гэта абавязкова трэба паказваць і казаць: мы ёсьць, мы робім, мы працуем”.

На думку адной з наведніц, выстава яскрава дэманструе галоўную місію фотажурналістаў: паказваць рчаіснасьць так, як ёсьць:

“Ведаю, што гэтая выстава ўжо паезьдзіла па сьвеце, сумна, што толькі цяпер беларускія маладыя фотарэпарцёры, вядомыя сярод калег, выстаўляюцца нарэшце і ў Менску. Адзначыла для сябе, гледзячы на працы, што яны адлюстроўваюць менавіта сапраўдную Беларусь, яе рэаліі, — з усімі плюсамі, мінусамі… Гэта рэальная краіна як яна ёсьць, бяз патасу”.
XS
SM
MD
LG