Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Уцёкі з турмаў: дрэнная ахова ці правакацыі?


Днямі з Жодзінскага суду ўцёк падсудны, якому пагражала 10 гадоў турмы за крадзяжы. Чаму людзі, рызыкуючы жыцьцём, уцякаюць з-пад варты і ці заўсёды гэта сапраўдныя ўцёкі?

Гэта адбылося 29 траўня ў Жодзіне. Паводле міліцэйскай справаздачы, жыхар Слуцку Сяргей Багдашоў, якога судзілі за шматлікія крадзяжы, патрапіў зьбегчы з суду, дзе яго трымалі пад аховай. Бардашоў нібыта напаў на канваіра, забраў у яго табэльную зброю і безь перашкод пакінуў будынак, які ахоўваецца міліцыяй. У той жа дзень па Менскай вобласьці быў абвешчаны плян “Сірэна”, які прадугледжвае адмысловыя захады дзеля пошуку ўцекачоў, а партрэты Бардашова хутка зьявіліся на дошках “Іх шукае міліцыя”.

Ці знойдзе?

Цімафей Дранчук
Сустаршыня Камітэту ў абарону правоў зьняволеных “Над бар’ерам” Цімафей Дранчук падказвае: найперш трэба зьвярнуць увагу на асобу ўцекача. Тое, што ён ужо быў судзімы і адбываў пакараньне ў беларускай турме, сьведчыць пра асаблівае нежаданьне туды зноў патрапіць, ды яшчэ на 10 гадоў, мяркуе былы палітвязень. Пагрозу атрымаць яшчэ 7 гадоў за ўцёкі Цімафей Дранчук лічыць неістотнай:

“Для нашых турмаў гэта вельмі шмат. Можа стацца так, што чалавек адтуль ужо ня выйдзе. Таму, ведаючы ўмовы ў нашых турмах, я лёгіку ягоную разумею: альбо зусім пазьбегнуць адказнасьці, альбо ў турму на 10 ды яшчэ 7 гадоў, што ўжо бяз розьніцы, ці нават заб’юць пры ўцёках”.

Нагадваю Цімафею Дранчуку пра бачанае ў судах Менску: падсудных водзяць у кайданках, публіку з калідора выдаляюць. Ці можна ў такіх умовах уцячы?

“Насамрэч вельмі моцна і падрыхтавана захоўваюць палітычных: і міліцыі мільён, і будынак суду ачэплены, сабакі, зброя і гэтак далей. А што да звычайных зьняволеных, то да іх часта ставяцца на парадак прасьцей. Неаднойчы бачыў у судох, што да іх аховы міліцыянты ставяцца вельмі расслаблена, як вартаўнікі на будоўлях ці заводах. А тыя ж насамрэч не ахоўваюць, а кніжку чытаюць, гарэлку п’юць ці сьпяць”.

Зьвяртаюся з аналягічнымі пытаньнямі да былога міліцыянта Сяргея Парсюкевіча, які мае таксама асабісты турэмны досьвед за палітычную актыўнасьць. Ён не ўяўляе, як можна было ўцячы з суду ад ахоўнікаў, абавязаных ужыць зброю пры спробе вязьня ўцячы:

Сяргей Парсюкевіч
“Відаць, ахова чамусьці расслабілася. Бо такія спробы ўцёкаў вельмі рэдкія. Тут жа пагроза, што заб’юць. Памятаю, калі я служыў на касмадроме Байканур, адзін арыштант спрабаваў уцячы з гаўптвахты. Дык салдат-канваір, які ніколі ў мішэнь не трапляў, першым жа стрэлам са ста мэтраў пацэліў у патыліцу. Во як бывае! Уцякаць у такіх умовах — вялікая рызыка”.

Тым ня менш зь беларускіх турмаў сапраўды зьбягаюць. У міністэрстве ўнутраных спраў пацьвердзілі сама меней два выпадкі з гісторыі ўжо незалежнай Беларусі: у канцы 1990-х гадоў адразу некалькі падсьледных уцяклі з раённага ізалятара ў Берасьцейскай вобласьці, а на пачатку 2000-х гадоў — падсьледны з турмы на Валадарскага: проста пералез цераз плот, скочыў на вуліцу, узяў таксоўку і зьехаў да сябра. Уцекача падвяла адсутнасьць грошай — таксіст пакрыўдзіўся на тое, што яму не заплацілі, ды пазваніў у міліцыю.

Адзін з суразмоўцаў згадаў ажно два выпадкі ўцёкаў і са славутай “Амэрыканкі” — турмы, якая разьмешчаная ў двары КДБ. Нібыта аднаго ўцекача пры затрыманьні застрэлілі, а другі пасьпяхова зьбег, скарыстаўшы прыёмы нейкай усходняй барацьбы. Ці гэта так? Прэсавы сакратар КДБ Валер Надтачаеў адказаў, што пра такія факты асабіста яму невядома, але прызнаў: пра падзеі даўняга часу ён можа і ня ведаць.

Андрэй Клімаў
Былы дэпутат Андрэй Клімаў не паверыў ніводнаму слову з афіцыйных паведамленьняў адносна ўцёкаў Сяргея Багдашова з будынку Жодзінскага суду. Адрэй Клімаў, які пабываў у дзьвюх калёніях і на “хіміі”, адмаўляецца верыць, што з-пад варты ў Беларусі можна “проста так” уцячы, і тлумачыць уцёкі палітычнымі інтрыгамі ў вышэйшым асяродзьдзі. Паводле спадара Клімава, гэтымі ўцёкамі нехта хацеў прадэманстраваць, што пасьля адстаўкі Ўладзімера Навумава з пасады міністра ўнутраных спраў барацьба са злачыннасьцю зусім прыйшла ў заняпад:

“Бачыў я фота гэтага ўцекача паўсюль: у крамах і гэтак далей. Ну… камусьці вельмі хочацца вярнуць Навумава на сваё былое месца. Але яны памыляюцца і не разумеюць, што гэта ўжо немагчыма. Адстаўкай Навумава кіраўніцтва дало зразумець, што ідзе на інтэграцыю з Эўразьвязам. А Навумаў быў апошнім чалавекам, хто дыскрэдытаваў гэтую ўладу, хто перашкаджаў ёй ісьці ў гэтым кірунку. Вось і ўсё”.

Андрэй Клімаў не выключае, што КДБ праявіць цікаўнасьць да выпадку з уцёкамі з Жодзінскага суду. “Гэта рэальная гісторыя, ня тое, што расьсьледуюць справы пра “дохлых пацукоў”, — мяркуе былы дэпутат.

Андрэй Клімаў лічыць: Сяргея Багдашова ня зловяць ніколі.

Сьвятлана Бароўская
Як вядуцца пошукі ўзброенага Сяргея Багдашова, які ва ўцёках ужо шосты дзень? Кіраўніца прэсавай службы МУС Сьвятлана Бароўская паведаміла Радыё Свабода, што пошукавы плян “Сірэна” адменены, а Багдашоў абвешчаны ў вышук у краінах СНД. Спадарыня Бароўская не выключае, што ўцякач ужо зьнік зь Беларусі.

“Так, магчыма. Ня факт, што ён зьехаў у далёкае замежжа, але зь Беларусі — магчыма”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG