Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print
“АБЛОГА. ТЫДЗЕНЬ З БЛОГЕРАМ” — летні праект сайту “Свабоды”, аўтарскі агляд самых цікавых публікацый, камэнтароў, дыскусій у беларускай блогафэры ад вядомых блогераў. Пяць разоў на тыдзень.

На гэтым тыдні цікавосткі ў фрэнд-стужцы, суполках Жывога Журналу і іншых плятформаў шукае і камэнтуе Budimir.


Пошукі беларускіх мільярдэраў

Калі вы валодаеце інфармацыяй пра беларускіх мільярдэраў або прынамсі мультымільянэраў, якія маюць уласнасьць за мяжой, вы можаце паведаміць пра іх на правах адноснай ананімнасьці, гарантаванай інтэрнэтам, тут. Ужо цягам месяца стваральнік гэтае галінкі на форумах tut.by чакае зьвестак пра айчынных “крывасмокаў і міраедаў” і ня можа ніяк дачакацца.

Калі беларускі ВУП на душу насельніцтва параўнальны з расейскім, разважае ён, а ў леташні сьпіс мільярдэраў патрапіла аж 87 расейцаў, то ў Беларусі, няхай яе насельніцтва і меншае ў 14 разоў, хоць парачка заваляшчых мільярдэраў павінна знайсьціся.

Але ніводзін мільярдэр не пасьпяшаўся адкрыць сваё інкогніта. Таксама не знайшлося нікога, хто б мог дакладна назваць такога. Удзельнікі форуму казалі або пра тое, што Беларусь — “бедная краіна” і гэткія грошы тут зарабіць немажліва, або — што айчынныя мільярдэры вымушаныя кансьпіравацца, як той Карэйка.

Ініцыятар вышуку мільярдэраў аспрэчыў цьверджаньне “Беларусь — бедная краіна”, спаслаўшыся на дасьледаваньні ААН, згодна зь якімі за рысай беднасьці ($4 на дзень) жывуць 45% расейцаў, а беларусаў — толькі 15%. Хто ж, маўляў, пасьля гэтага бедны? Тым часам як у расейцаў адной толькі нерухомасьці за мяжой — на 200 млрд., а пра замежную ўласнасьць беларусаў нічога не вядома.

Стваральнік галінкі выводзіць простую залежнасьць: чым болей мільярдэраў, тым болей жабракоў. Каб у аднаго прыбавілася, у іншага непазьбежна адбярэцца.

А значыць, добра, што няма тых мільярдэраў, што дзяржава абмяжоўвае “норму эксплюатацыі” і вываз капіталу за мяжу? Хай сабе яна будуе “лядовыя палацы”, яны нідзе не падзенуцца, у краіне застануцца, усё ж лепей, чым прыватныя вілы ў Ніцы.

* * *

Пошукі Колі

Пакуль адныя шукаюць мільярдэраў, іншыя побач шукаюць Колю: “Мяне і маіх таварышаў вельмі непакоіць ягоная адсутнасьць у мэдыйнай прасторы. Кожнага дня мы радаваліся яго зьяўленьню ўва ўсіх СМІ. Такі мілы хлопчык! Хвалюемся, ці не захварэў ён? Мо хто ведае?”

У кожным жарце ёсьць частка жарту. Але — толькі частка. Грамадзкасьць насамрэч зацікавілася Колем і чакае на працяг сэрыялу “Бацька і сын”.

Жыў калісьці такі антычны афінскі палітык — Алківіяд. І ў яго быў прыгожы, вельмі дарагі сабака. Аднойчы гаспадар адсек таму сабаку хвост, сказаўшы: “Няхай лепей афіняне абмяркоўваюць гэта, чым сунуць нос куды ня трэба”.

Зроблена гэта было наўмысна або так атрымалася выпадкова, але хлопчык Коля аказаўся тым самым “хвастом” — штопраўда, не адсечаным, а наадварот — які добра адцягвае на сябе ўвагу. Больш за тое, нягледзячы на ўсе сьмешыкі і кпіны, да Колі ўсё ж ставяцца як да дзіцёнка — зь пяшчотай. І частка гэтае пяшчоты пераносіцца таксама на яго бацьку. Якога цяпер так і завуць — “Тата Колі”.

* * *

Пошукі архітэктурных уражаньняў

Аматар-дасьледчык менскай архітэктуры darriuss падаўся ў Літву шукаць архітэктурных уражаньняў.



Касьцёл Уваскрасеньня Гасподняга ў Каўнасе, шэдэўр міжваеннага мадэрнізму.

* * *

Пошукі віленскіх гопнікаў

Севярын Квяткоўскі распавядае маладафронтаўцу Кірылу Атаманчыку, дзе адшукаць у Вільні літоўска- і польскамоўных гопнікаў.

У сваім артыкуле пад назвай “Другі сорт” (насамрэч мелася быць “Другі гатунак”, але так у аўтара) Кірыл, які зараз жыве ў Вільні, напісаў, што віленскія “асацыяльныя элемэнты” карыстаюцца расейскай мовай.

Севярын адказвае Кірылу:

— Польская мова не зьяўляецца мовай мясцовых гопнікаў.

З гэтай тэзы я разумею, што публіцыст ніколі не бываў у старым віленскім раёне Ліпоўка, і ніколі не бадзяўся па ваколвакзальных вуліцах уначы. Tam jemu, kurwa, przetłumaczyli by o co chodzi w tym życiu, blać.

Усё больш і больш я шкадую, што гэту мову (расейскую) выкарыстоўваюць людзі, якія зьвяртаюць на сябе негатыўную ўвагу: асацыяльныя асобы ды вулічныя гопнікі.

Відаць, аўтар папросту недастаткова разумее літоўску, ці ніколі не адыходзіць ад маршруту інтэрнат-унівэр-бібліятэка. Літоўскія гапары дадуць фору якім хочаш. І я не разумею, чаму літоўскамоўны гапар лепшы за расейскамоўнага.

— Чаму да беларускай мовы адносіны абсалютна нармальныя? Да польскай? Да іншых? Ды таму што людзі сябе паводзяць прыстойна.

То бок атрымліваецца, што ўсе нярускамоўныя ў Літве (самі літоўцы найперш) не паводзяць сябе асацыяльна, ня лаюцца, ня чыняць злачынстваў?

Хочацца пажадаць аўтару падвучыць літоўскую мову, і паезьдзіць па віленскіх раёнах. Яшчэ лепей у які Панявежыс на начны дыскач выбрацца :)


Камэнтары чытачоў:

Справа ў тым, што насельніцтва Вільні не заўсёды лёгка падзяліць на “літоўскамоўнае” і “расейскамоўнае”. Большасьць людзей без праблемаў размаўляе на абодвух мовах, а многія яшчэ і па-польску ці нават па-ангельску (дзесьці палова моладзі гэтую мову ведае).

Для асацыялаў звычайна няма праблемаў размаўляць па-літоўску ці па-расейску, яны без цяжкасьцяў ужываюць тую мову, якая зручней у дадзены момант.

Дакладна ведаю аднаго прывакзальнага алкаша, які валодае ангельскай. Дарэчы, ён літовец і з расейскай у яго праблемаў таксама няма
.

На віленскім вакзале адзін валацуга прадэманстраваў мне шматмоўнасьць, выпрошваючы грошы. Спачатку па-літоўску — я галавоў пахітаў, маўляў не разумею, потым па-расейску — я ізноў хітаю, думаю цяпер адвяжацца, а ён паўтарыўся яшчэ па-польску і па-ангельску. Тут я несьцярпеў і кажу: “А па-беларуску можаш?” І ён змог, давялося даць грошаў :)

Артыкул пра:

— Люццы, не паганьце мову нашу расейскую сваімі паводзінамі!

А навогул, у Летувос Рэпубліцы ўсе выказваюцца так званым расейскім матам, калі лаюцца — незалежна ад сваёй асноўнай моўнасьці.


Сапраўды. Назіраў аднойчы ў Вільні такую сцэну. Кіроўца аўтобусу — літовец утаймоўваў сваіх суседзяў-прыбалтаў (латышоў або эстонцаў, ня ведаю), што ўзьнялі вэрхал падчас пасадкі, расейскім матам.

Тыя кажуць: мы не размаўляем па-расейску!

Ён: Я таксама не размаўляю па-расейску, але з вамi iначай нельга!

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG