Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апазыцыянэры і міліцыянты камэнтуюць прызначэньне Куляшова


Анатоль Куляшоў

Анатоль Куляшоў

Генэрал-маёр міліцыі Анатоль Куляшоў першы дзень на службе ў якасьці міністра ўнутраных спраў Беларусі. Апазыцыянэры добра ведаюць яго як кіраўніка менскай міліцыі. На час ягонага кіраваньня прыпалі выбары і рэфэрэндум 2004 году, а таксама вулічныя падзеі падчас прэзыдэнцкай кампаніі 2006 году.

Апазыцыянэры і падначаленыя Анатоля Куляшова па-рознаму ацэньваюць прафэсійныя якасьці былога кіраўніка менскай міліцыі, прызначанага міністрам.

Імя Анатоля Куляшова стала вядома апазыцыянэрам у 2004 годзе, калі ў Менску былі жорстка здушаныя стыхійныя дэманстрацыі супраць фальсыфікацыі вынікаў выбараў і рэфэрэндуму.

Лідэр АГП Анатоль Лябедзька быў зьбіты ў рэстарацыі “Patio-Pizza”, калі разганялі акцыю, у якой ён удзельнічаў. Пасьля гэтага ён трапіў у шпіталь і намагаўся прыцягнуць да крымінальнай адказнасьці супрацоўнікаў АМАП, якія яго затрымлівалі.

Анатоль Лябедзька
“На чале міліцыі ставіліся людзі жорсткага складу. Тут мараліст ніколі ня мог затрымацца, таму што трэба было ўвесь час дэманстраваць жорсткасьць пры разгоне вулічных маніфэстацый. Гэта людзі, якіх асабіста адбіраў Аляксандар Лукашэнка.

Кар’ера таго ж Куляшова не выклікае ніякага зьдзіўленьня. Ён ішоў па гэтай лесьвіцы як чалавек, адданы рэжыму, а не закону. Ён сябе паводзіў як цьвёрды кулак, які выканае ўсё, што яму загадаюць“.

Падчас прэзыдэнцкай кампаніі 2006 году, калі тысячы людзей на знак пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў стаялі трое сутак на Кастрычніцкай плошчы, міліцыянты затрымалі больш за дзьве тысячы чалавек. Амаль кожнага абвінавацілі ў дробным хуліганстве. На падыходах да плошчы яны шукалі харчы і цёплыя рэчы, каб не было падтрымкі людзям, якія заставаліся ў намётавым гарадку.

Гаворыць намесьніца лідэра “Маладога фронту” Наста Палажанка:

Наста Палажанка
“Падчас “Плошчы” міліцыянты ўсіх абшуквалі. Маладзёны прыдумлялі розныя рэчы, каб прынесьці на плошчу ежу ці цёплыя рэчы.

Міліцыянты задзейнічалі такую тактыку, што чалавека, які выйшаў з кола ў прыбіральню ці дадому, каб пераапрануцца, — яго затрымлівалі і кідалі ў спэцпрыёмнік.

Тагачасны галоўны менскі міліцыянт паказаў сябе як добры выканаўца загадаў, якія зыходзілі ад КДБ і адміністрацыі прэзыдэнта”.

Супрацоўнікі міліцыі, якія служылі пад камандаваньнем Анатоля Куляшова, характарызуюць яго як добрага прафэсіянала і справядлівага начальніка.

Гаворыць былы камандзір палка спэцназу міліцыі Юры Падабед:

Юры Падабед
“Вельмі прынцыповы, сумленны, прыстойны афіцэр перш за ўсё. На мяне ён ніколі не крычаў. З АМАПам, калі я служыў, ніколі ніякіх праблемаў і прэтэнзій не было. У дачыненьні да падразьдзяленьня, якім кіраваў я, больш справядлівага кіраўніка, напэўна, не было.

Я яго вельмі паважаю, бо адношу яго да катэгорыі сваіх настаўнікаў“.

Генэрал-маёра міліцыі Анатоля Куляшова былыя калегі па службе характарызуюць і як добрага “опэра”. Тыя міліцыянты, якія працавалі пад ягоным кіраўніцтвам у аддзелах міліцыі Заводзкага і Фрунзэнскага раёнаў, лічаць яго добрым кіраўніком, які добразычліва ставіўся да сваіх падначаленых.

Лідэр кампаніі “Эўрапейская Беларусь” Яўген Афнагель абвінавачвае Анатоля Куляшова ў тым, што той не спыніў ганебную практыку, калі міліцыянты ў судах даюць ілжывыя паказаньні:
Яўген Афнагель


“Тое, што апазыцыянэраў затрымлівалі і абвінавачвалі ў прыдуманых правапарушэньнях, нібыта за нецэнзурную лаянку, — гэта, відаць, зыходзіла не ад Куляшова. Гэта быў загад нейкага вышэйшага начальства.

Але не заўсёды міліцыянты толькі выконваюць загад. Яны часта праяўляюць ініцыятыву, каб паступіць больш жорстка.

Практыка ілжывых паказаньняў з боку супрацоўнікаў міліцыі існуе вельмі даўно, яшчэ з савецкіх часоў, калі трэба было каго-небудзь накіраваць на “суткі” за краты. Іншая справа, што апазыцыя з гэтым сутыкнулася на пачатку 2000-х гадоў. Кіраўнік менскай міліцыі гэтую практыку не спыніў”.

Удзельнікі вулічных акцый лічаць, што з прызначэньнем новаг міністра ўнутраных спраў Беларусі мала што зьменіцца. Яны перакананыя, што загад разагнаць тую ці іншую мірную дэманстрацыю аддаецца не ў Міністэрстве ўнутраных спраў. Але разьлічваюць, што з прызначэньнем прафэсіянала на пасаду міністра крымінагенная сытуацыя ў краіне можа палепшыцца.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG