Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Год цудаў 1989 (IIІ)


Беларускі выбарчы плякат на стэндзе тыднёвіка "Ніва", 1989
Беларускі выбарчы плякат на стэндзе тыднёвіка "Ніва", 1989

4 чэрвеня 1989 году ў камуністычнай Польшчы адбыліся часткова дэмакратычныя парлямэнцкія выбары. Вялікая падтрымка, якую атрымалі на выбарах кандыдаты апазыцыйнага прафсаюзу "Салідарнасьць", прывяла да сфармаваньня першага некамуністычнага ўраду ў Народнай Польшчы і да мірнага пераходу ад камуністычнай сыстэмы да дэмакратычнай.

У шырэйшым кантэксьце, польскія выбары фактычна справакавалі імклівы распад камунізму ў краінах гэтак званага "сацлягеру". Пад канец 1989 году, які атрымаў у гістарычна-палітычнай публіцыстыцы назву annus mirabilis (год цудаў), камуністычны пэрыяд сваёй гісторыі закончылі ўсе былыя сатэліты СССР ва Ўсходняй Эўропе. У чатырох кароткіх аглядах мы прыгадваем найважнейшыя падзеі таго знамянальнага году.


ІІІ. Беластоцкія беларусы ідуць у палітыку

У другой палове 1988 году, калі ў Польшчы ішла падрыхтоўка да размоваў за "круглым сталом" паміж камуністычнымі ўладамі і "Салідарнасьцю", у Беластоку ўзьнікла неафіцыйная, напалову падпольная структура, якая пайменавала сябе Беларускім клюбам. Была гэта група антыкамуністычна настроенай беларускай інтэлігенцыі, якая пастанавіла разабрацца ў тым, што адбывалася ў краіне, і выпрацаваць, так бы мовіць, "беларускую пазыцыю" адносна палітычнай сытуацыі.

Тое, што пачалося як дыскусійны інтэлігенцкі форум, імпэтам падзей першай паловы 1989 году было ўцягнутае ў гушчу рэгіянальнай палітыкі на Падляшшы. Беларускі клюб дабіўся стварэньня Беларускага выбарчага камітэту і выставіў на выбарах 4 чэрвеня 1989 двух сваіх кандыдатаў. Калі ўлічыць, што беларусы ў Польшчы як самастойная сіла апошні раз удзельнічалі у выбарах ў 1930-х гадах, зьдзяйсьненьне Беларускага клюбу заслугоўвае назвы "малога цуду", або прынамсі асобнай згадкі ў гэтым аглядзе падзей 20-гадовай даўніны.

Касьцяк клюбу складалі пісьменьнік Сакрат Яновіч, гісторыкі Юры Туронак, Алег Латышонак, браты Яўген і Антон Мірановічы, студэнт Яўген Вапа, старшыня Беларускага аб’яднаньня студэнтаў (БАС), якое ўлады зарэгістравалі ў лістападзе 1988 году, ды аўтар гэтых слоў, які тады працаваў інструктарам у Беларускім грамадзка-культурным таварыстве (БГКТ), а потым журналістам у "Ніве".

Ажно да рэгістрацыі БАСу ў 1988 годзе "манапалістам" у беларускім руху ў Народнай Польшчы было БГКТ, якое ўзьнікла ў 1956 годзе. У супрацьстаяньні ўладаў з "Салідарнасьцю" БГКТ стаяла цьвёрда на баку камуністаў, куды, дарэчы, хіліліся сымпатыі і большасьці беларускага насельніцтва на Беласточчыне. Справа ў тым, што беластоцкія беларусы — на 100 працэнтаў праваслаўныя — зь недаверам, а то і варожа ставіліся да "Салідарнасьці", якая вельмі моцна падкрэсьлівала сваю "каталіцкую ідэнтычнасьць", асабліва ў такіх бедных рэгіёнах, як Падляшша.

Беларускі клюб прыняў рашэньне ўтварыць незалежны ад БГКТ Беларускі выбарчы камітэт і выставіць Сакрата Яновіча кандыдатам у Сэнат, а Яўгена Мірановіча кандыдатам у Сэйм. Мясцовыя камуністы і БГКТ спахапіліся запозна — ні спробы расстроіць акцыю Беларускага клюбу, ні намаганьні стварыць пракамуністычны выбарчы камітэт на базе БГКТ не прынесьлі посьпехаў.

У Беларускага клюбу не было ні спонсараў, ні грошай. Але сябры клюбу зь сямейных бюджэтаў неяк наскрэблі патрэбную суму, каб выдаць некалькі соцень плякатаў. На адным зь іх на тле бел-чырвона-белага трыкалёру стаялі словы: Беларусы! Пра нашы справы будзем гаварыць самі! Eugeniusz Mironowicz Sokrat Janowicz". Кірыліца і беларускі нацыянальны трыкалёр на плякатах у шматлікіх жыхароў Беластоку, як палякаў, так і беларусаў, выклікалі эмацыянальны шок.

4 чэрвеня 1989 году Сакрат Яновіч атрымаў 22,5 тысячы галасоў, а Яўген Мірановіч — 14 тысяч. Як і паўсюды, на Беласточчыне змаганьне за свабодныя мандаты выйграла "Салідарнасьць", на другім месцы апынуліся "непартыйныя" кандыдаты, якіх падтрымоўвалі камуністы, але на трэцім апынуліся незалежныя беларускія кандыдаты.

Вынік Беларускага выбарчага камітэту быў адназначна ацэнены Беларускім клюбам як вялікі посьпех. Клюб самараспусьціўся, а яго сябры сталі арганізоўваць палітычную партыю — Беларускае дэмакратычнае аб’яднаньне (БДА), якое правяло ўстаноўчы кангрэс у пачатку 1990 году. Але гэта ўжо крыху іншая гісторыя, якая выходзіць за рамкі сёньняшняй тэмы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG