Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галіна Сямдзянава адказвае чытачам сайту Радыё Свабода


Галіна Сямдзянава
Галіна Сямдзянава
Група вядомых актывістаў ПБНФ зьвярнулася да фронтаўцаў з заклікам “падтрымаць маральную нацыянальна-дэмакратычную пазыцыю”. Зварот на нашым сайце прадставіла дэпутат Апазыцыі БНФ у Вярхоўным Савеце 12-га скліканьня Галіна Сямдзянава. Сп-ня Сямдзянава адказвае на камэнтары, дасланыя наведнікамі сайту svaboda.org.

Імя:: АДС

02.06.2009 20:09

Гэтыя людзі ўжо 15 год пасьпяхова "змагаюцца" з рэжымам. Бачна, што гэтая справа ім так спадабалась, што збіраюцца змагацца яшчэ год пятнаццаць.


Імя:: Alies'

02.06.2009 22:23

Heta aposhnija sudarahi "barac'bitaw". Dzyakuj im. I usiaho im najlepshaha. Para na pakoj.


Імя:: VadziK Горад:: Mensk

03.06.2009 00:19

Складана знайсьці чорную котку, у цёмным пакоі, асабліва калі яе там няма :(.

Маразм і параноя крапчалі...


Імя:: Димыч

02.06.2009 20:59

Пламенная экс-коммунистка Семдянова на защите националистических ценностей.:)) Это круто! Однако видимые результаты БНФ просто катастрофические.

Сямдзянава: “Па першае, не 15 год, а 19. А БНФ наогул 20 гадоў. Кожны разумее ўсё па-свойму. Калі нехта лічыць, што нам гэта так падабалася, што мы хочам працягваць, то гэта яго праблемы. Наогул, трэба проста зважаць на рэальную сытуацыю. Нашы паплечнікі — памяркоўныя — пагадзіліся на тое, што ў 1994 годзе адбыліся прэзыдэнцкія выбары, быў абраны той, хто быў абраны. Іншыя памяркоўныя ў 1996 годзе падпісалі пагадненьне з расейцамі і пачалі лічыць, што можна неяк нешта зьмяніць. Усё гэта палкі ў колы нам. Бо мы выступалі рашуча супраць рэжыму і за зьмену рэжыму. А калі з усіх бакоў увесь час ідуць такія моцныя перашкоды, то, канечне, можна змагацца яшчэ і сто гадоў.

А ці былі нейкія станоўчыя водгукі на гэты ліст? Бо, пачуўшы гэтыя допісы, я ведаю, куды трэба зьвяртацца з адказамі. І тэксты, і словы, усё гэта вельмі знаёма...

Я даўно кажу, што моладзь павінна працаваць. Але яна павінна працаваць абараняючы інтарэсы Беларусі, а ня дзеля таго, каб атрымаць нейкі кавалак дзеля карыта і пасьля гэтага супакоіцца. Калі ты хочаш працягваць барацьбу за Беларусь, няхай іншымі спосабамі, але рабіць гэта трэба з чыстымі рукамі. І не каля карыта. І калі ты гэта будзеш рабіць, я ўздыму абедзьве рукі за тое, каб гэта былі маладыя. Але, наколькі я ведаю, Мілінкевіч са мной аднаго ўзросту і быў у той самай КПСС, у якой была і я. Але пасьля гэтага я прайшла вельмі шмат інстанцыяў, дзе са мной змагаліся менавіта сябры КПСС. Але нешта я ня памятаю такога пра Мілінкевіча, які працаваў намесьнікам старшыні гарвыканкаму падчас кіраваньня дзяржавай дзейнага прэзыдэнта. Таму я ня бачу, каб старых мянялі на маладых. І тыя, хто робіць такія допісы, мне іх шкада. Што людзі за сваім імкненьнем далучыцца да карыта не разумеюць, што ў першую чаргу пры гэтым рэжыме будуць потым зьнішчацца тыя, хто быў побач. І тыя, хто прыйшоў звонку і дапамог іх выкінуць. І гэта будзе. І мне шкада людзей, якія дасылаюць такія допісы...

У БНФ прыхільнікаў вельмі шмат, і калі будзе нейкая спрыяльная сытуацыя, то гэтыя людзі зноў, як у 90-я гады, выйдуць на плошчы і будуць нас падтрымліваць. Вы зрабіце, яны кажуць, а мы потым вам дапаможам. На жаль, гэта мэнталітэт нашых людзей”.


Імя:: Яўген Мурашка

02.06.2009 20:20

Шаноўныя, актывісты ПБНФ.Пачынаецца безкампрамісная барацьба за будучыню Беларусі. За беларускую нацыянальную ідэю. У гэтых умовах нельга абыходзіцца такімі тэрмінамі як "некаторыя дзеячы" людзі павінны ведаць сваіх "герояў". Калі у вас не хапае рашучасьці назваць іх імёны, гэта зраблю я.

Гэта — А.Мілінкевіч,А.Ляўковіч, С.Калякін, А.Бухвостаў, А.Лябедзька, М.Статкевіч, А.Саннікаў.Яны ужо даказалі сваю няздольнасьць у барацьбе за нацыянальную, незалежную Беларусь, толькі разніца паміж імі палягае у тым, што адны глядзяць на Захад, другія на Усход, мінуючы саму Беларусь.

Я.Мурашка,старшыня аркамітэту БМДР


Сямдзянава: “Нельга ўсё маляваць адной фарбай. У кожнай з названых асобаў ёсьць свае станоўчыя і адмоўныя рысы. Трэба выкарыстоўваць для змаганьня за Беларусь усё станоўчае, што ёсьць у кожным. Шмат людзей памыляюцца ці ўведзены ў зман. Я думаю, што назваць імёны можна. І калі я казала пра памяркоўнасьць, усе ведаюць, што гэта Шушкевіч. Далей гэта быў Шарэцкі, які, нягледзячы на тое, што зрабіў кепскае, зрабіў шмат добрага для Беларусі. Зараз Мілінкевіч. У свой час ён зрабіў шмат добрага, і таму Партыя БНФ яго падтрымала. А зараз Мілінкевіч пачынае, фактычна, казаць, што нам трэба легалізаваць рэжым. Таму я ня стала б казаць, што ў Шушкевіча, Мілінкевіча ды іншых няма нічога добрага за душой. Ёсьць. Яны па-свойму любяць Беларусь, і нельга іх адштурхоўваць. Але мы не павінны падтрымліваць тыя ідэі, якія выказваюцца з правакацыйнымі мэтамі. Я катэгарычна супраць гэтага”.


Імя:: Куйбыш

02.06.2009 20:29

Адзіны маральны быў Пазьняк, а гэтыя... цьху


Імя:: Бенедзікт

02.06.2009 20:23

Г.Сямдзянава: “Адстойваць тое, за што змагаліся”

————————

Сёньня,любыя палітычныя дзеяньні і заклікі, без З.С. Пазьняка — прафанацыя і нікчэмнасьць палітычных выселкаў.

Вынікі падзеяў ў Празе, ёсьць прыкладам гэтага.


Сямдзянава: “Датуль, пакуль Зянон Станіслававіч быў на Беларусі, гэта быў лідэр. Пасьля таго як ён зьехаў, кіраваць адтуль і выказваць добрыя пажаданьні — гэта значна лягчэй, чым іх выконваць тут. Таму зьявіліся іншыя лідэры. Ведаеце, Зянону Станіслававічу ўжо 65 гадоў, гэта далёка не малады чалавек. Зьяўляюцца новыя лідэры, і гэта добра, бо нельга на старых увесь час ехаць. Трэба, каб моладзь актыўна далучалася да барацьбы. Я памятаю, у 1990 годзе, калі на плошчы Незалежнасьці абвясьцілі дэклярацыю аб сувэрэнітэце Беларусі і прыйшлі выступаць супраць камуністы. І там адны старыя стаялі. І гэта было вельмі прыкра, непрыемна і сьмешна. Бо старое чапляецца за нешта старое. Цяпер атрымліваецца, што за 20 гадоў мы сталі гэтымі старымі і за нешта чапляемся. Мы чапляемся за адзінае — за незалежнасьць. За моцную Беларусь, зь якой лічыліся б у сьвеце, якая б не глядзела ў рот ні Захаду, ні Ўсходу. Мы павінны паважаць сябе. Вось за гэта мы змагаемся. Нічога іншага я, напрыклад, не хачу. А нехта пачынае вышукваць для сябе нейкія выгоды. Гэтага не павінна быць. Выгода павінна адна быць: незалежная Беларусь, у якой кожны можа рэалізаваць сябе...

Тое, што Зянон Станіслававіч маральны, гэтага ніхто не адмаўляе, гэта так. Але ўся апазыцыя БНФ у Вярхоўным Савеце — гэта маральныя людзі. І ніхто з нас не зрабіў нічога такога, за што б нам было сорамна”.


Імя:: Мікола Горад:: Масква

02.06.2009 20:40

На жаль, справа ня толькі у адным Лукашэнку ды яго хэуры, а што рабіць з нашым ніякаватым народам, з гэтымі "Дзімычамі", якія шануюць М. Тэтчэр ды У. Чэрчэля, але не шануюць "жыцьцяздольнасьць беларускае мовы, культуры, праўдзівай гістарычнай памяці, а значыць — духоўную моц беларускае нацыі"?


Сямдзянава: “На жаль ці на шчасьце — у нас народ такі, які ёсьць. Іншага няма. І ў гэтага народа ёсьць свае плюсы. Калі мы пабачым натоўп ва Ўкраіне, у Расеі і ў Беларусі, то ў кожным паводзіны будуць свае. І мне найбольш імпануюць свае людзі — хоць яны і абураны нечым, паводзяць сябе культурна. Значыць, ня ўсё згублена і народ не такі кепскі. Трэба больш праводзіць асьветніцкай дзейнасьці. Пару месяцаў таму я была ў адной са школ з прадстаўнікамі нашай партыі, і мы ўсе зьяўляемся сябрамі ТБМ. Сабралі вялікую колькасьць дзяцей рознага ўзросту. Дзеці з захапленьнем слухалі расповеды пра беларускую культуру, вершы, песьні. Яны разабралі ўсю літаратуру, якую мы прынесьлі. То бок цікавасьць ёсьць, няма туды паходаў. Трэба вучыць, абуджаць народ. Да мяне гэта ўжо казалі клясыкі”.


Імя:: АРТ Горад:: Х

02.06.2009 21:44

Ды ідзіце ж у рэгіёны.Мы вас чакаем.Ну калі ж вы ўспомніце пра народ?Дапаможам і ўлёткі друкаваць,літаратуру распаўсюджваць і іншае.Успомніце-было ж гэта.Такое адчуванне,што вам улада ў краіне не патрэбная.Давайце будзем разам!І не чакайце-будзе ўсё позна.Заўтра ж ідзіце ў народ.Каб народ ведаў вас.Вельмі шкада,што Франак у зняволенні. Лідар ведае,каго прыбраць...


Сямдзянава: “Насамрэч нашых лідэраў забіраюць то ў войска, то ў турму. Вядома, як гэта робіцца. На жаль, людзей, якія ходзяць у народ і якія не баяцца гэта рабіць, бо гэта мае адмоўныя для іх наступствы (прыклад — той самы Франак), іх ня так шмат. Фронтаўцы езьдзяць па ўсёй Беларусі, але ж Беларусь вялікая. І ў кожную вёсачку, у кожны раённы цэнтар даехаць няма магчымасьці. Другое. Калі ў тым самым 90-м годзе кожны з нас за свой заробак мог дабрацца ў любое месца Беларусі, то зараз такія заробкі і пэнсіі, што ты думаеш, ці табе паехаць некуды, ці купіць кавалак хлеба. Таму гэта праблема ёсьць. І ня трэба, каб дзеячы зь Менску ехалі па ўсёй Беларусі. У нас у кожным раёне добрыя спэцыялісты, якія выдатна ведаюць гісторыю Беларусі, адукаваныя і знаходзяцца нават ва ўладзе. Іх толькі трэба знайсьці”.


Імя:: Мазэпа

02.06.2009 22:03

Абсалютна слушная пазыцыя!!!Але добра што ужо ёсьць 1 М1л1нкев1ч."Сьцяну" трэба калупаць па магчымасьц1 з ус1х бакоу.1начай- поуная марг1нал1зацыя.


Сямдзянава: “У Мілінкевіча ёсьць грамадзкая арганізацыя, якая не павінна займацца палітыкай. Рух якраз і павінен займацца асьветніцкай дзейнасьцю. Каб людзі ведалі, што нясе з сабой гэты рэжым, чаго мы пазбаўляемся. Я прывяду прыклад. У нас была навала — гэта Чарнобыль. Але зьявілася ня меншая бяда — гэта п’янства. Гэта не зьяўляецца прыкметамі беларускай культуры — п’янства і мат. А паглядзіце, што зараз у нас робіцца?! Калі ідзеш зь дзіцём па вуліцы, то гэта страшна. Дык вось гэты Рух і іншыя грамадзкія аб’яднаньні павінны тут займаць актыўную грамадзкую пазыцыю. Да прыкладу, ТБМ, які з рэжымам супрацоўнічае, але ў межах, дазволеных уласнай маральнасьцю. Яны супрацоўнічаюць у тым пляне, каб прымусіць рэжым нешта зрабіць, каб прымусіць памятаць, што мы — Беларусь. Іншага супрацоўніцтва ТБМ не дапускае. Гэта вельмі пахвальна. І хацелася б, каб і рух “За свабоду”, і іншыя грамадзкія арганізацыі займаліся сваімі непасрэднымі абавязкамі. У Мілінкевіча ёсьць усё дзеля таго, каб выканаць тую функцыю, якую ён узяў на сябе, калі зарэгістраваў грамадзкае аб’яднаньне. Калі б ён зарэгістраваў партыю, у яго б былі іншыя задачы”.


Імя:: ABC

02.06.2009 22:09

Шкада, што такія паэтычныя лісты пішуцца толькі для таго, каб надаць парушэньням Статуту партыі "маральны" выгляд.


Сямдзянава: “Я ня ведаю, наколькі ён паэтычны. Ліст як ліст. Там нідзе не напісана, што трэба парушаць Статут і мараль. Такога я там не прачытала. Таму і падпісала гэты ліст. Тыя асобы, якія падпісалі гэты ліст, паважаныя мной. Яны стаялі ля вытокаў руху БНФ і былі аднымі з заснавальнікаў нашай партыі. Нас турбуе, каб партыя не ператварылася з той, якая была высокамаральнай і адстойвала незалежнасьць, беларускасьць і служэньне народу, — каб гэтая партыя не ператварылася ў Бог ведае што. Каб мы не далі магчымасьць легалізаваць рэжым, каб мы не паказалі, што зьяўляемся нейкімі слугамі ў гэтага рэжыму”.


Імя:: Віктар Горад:: Мінск

02.06.2009 22:18

Шаноўная спадарыня Сямдзянава, а дзе былі Вы, калі Вячорка калоў БНФ? Сёння дэ-факта БНФ у краіне не існуе. Спроба сабраць хоць каго пад сцягі гэтай абанкруціўшайся арганізацыі — д а р э м н ы я. За гады свайго існавання (без Пазняка, які, як вядома, у іншай партыі)было толькі трызненне і праяданне грошай.

Сёння сапраўды стаіць пытанне аб захаванні культуры на Беларусі, але ці з вамі яе захоўваць, калі столькі гадоў акрамя пустых гукаў вячоркаўская каманда нічога на свет не выпускала. Яна поўнасцю страціла давер у людзей, нават у тых, хто верыў ідэалам партыі.

Заклікі тыпу "эканамічная палітыка Лукашэнкі — банкрутная" ужо не спрацоўваюць. На шчасце ёсць новыя палітыкі. Якія ўлічваюць сітуацыю і імкнуцца да яднання мас на новых рэаліях.


Сямдзянава: “Я б ня стала дэманізаваць спадара Вячорку. Калі б ён быў такі магутны і мог пакалоць Фронт, то здолеў бы і з Лукашэнкам справіцца. Гэта проста здарылася само па сабе. І ў Фронце было дзьве часткі. Адна зь іх лічыла, што Пазьняк — гэта ўсё, а астатнія — гэта ня людзі. Другая частка лічыла, што кожны з нас — асоба і мы можам і павінны нешта рабіць. Фронт падзяліўся, і прайшло ўжо 10 гадоў. Гэта нармальная зьява. Звычайна адна партыя зьнікае, другая паўстае. Я была ў той камандзе, у якой быў і Вячорка.

Я ня згодна, што з боку нашай партыі не адбылося ніякіх дзеяньняў. Я была ў камандзе Валянціны Сьвяцкай падчас парлямэнцкай выбарчай кампаніі і хадзіла па хатах. Нават па зьвестках ЦВК спадарыня Валянціна атрымала найбольшую колькасьць галасоў з усіх кандыдатаў, якія балятаваліся ў Менску. Я была проста зьдзіўлена, калі людзі нас сустракалі ледзь ня хлебам-сольлю. І людзі ўдакладнялі — вы з Пазьняком ці Вячоркам? Мы тлумачылі, што зь Вячоркам. Людзі ставіліся прыязна менавіта да нашай партыі. Калі б выбары не фальсыфікавалі, то ў нас былі б дэпутаты”.


Імя:: Барада Горад:: Мядзел

03.06.2009 00:55

Сямдзянава і кампанія адстойваюць толькі свае ўласныя інтарэсы па захаваньню кантроля над ПБНФ, ні больш, ні менш... Хопіць ужо хлусіць!


Сямдзянава: “Кантроль за Партыяй БНФ мне не патрэбны. Я не імкнуся быць старшынёй партыі ці прэзыдэнтам. Але я хачу, каб у партыі быў парадак. Кожны сябар партыі павінен быць зацікаўлены ў тым, каб мець доступ да інфармацыі і мець кантроль над тым, што адбываецца ў кіраўніцтве партыі. Гэта абавязак кожнага сябра партыі”.


Імя:: Пане Адаме

03.06.2009 08:51

Галіна Георгіеўна. Скажыце, а гэта праўда, што вы распрацавалі плян, як Баршчэўскаму любым коштам утрымаць кантроль над бнф, нават калі гэта і зьнішчыць бнф цалкам. Плян такі:

1. Зараз адбываецца відавочна сфальшаваная імпрэза пад назвай "агульны сход".Рашэньні імпрэзы трактуюцца як маючыя найвышэйшую лігітымнасьць. На ім ўхваляецца ўсё старае кіраўніцтва бнф, а іншыя прыдаюцца анафеме.

2. Зразумела, што Зьезд у верасьні не перамагчы, бо рэгіёны, да і ўсе актыўныя фронтаўцы, якія хоць мінімум удзельнічаюць у парт. кампаніях за вас не прагаласуюць. Каб гэтага не здарылася вы зрываеце зьезд у верасьні, робіце ўсе, каб на ім не было кворуму.

3. Потым сарваўшы кворум вы зьбіраеце кантраляваных сяброў Сойму і зацьвярджаеце зьезд на 50 чалавек.

4. Гэтым маленькім зьездам зацьвярджаеце для мінюста ўсе вынікі вашага сходу.

Шкада, што такой камандзе нават больш ня трэба людзі ў рэгіёнах, галоўнае, каб над пустэчай быў поўны кантроль. Я фронту аддаў 17 гадоў. сядзеў у турмах, згубіў працу. Дзеля чаго?

Сямдзянава: “Я проста разгубленая: якая хворая галава магла да такога дадумацца? Пра які такі “плян” ідзе гаворка? У нас ёсьць Статут. Мы можам зьбіраць любыя сходы, якія хочам. Але вышэйшым органам зьяўляецца зьезд.

Сход зьбіраецца дзеля таго, каб пачуць думку нашых сяброў партыі, што і як рабіць. Мы яшчэ на мінулым зьезьдзе прынялі рашэньне пра вылучэньне свайго кандыдата. Гэты сход можа нам дапамагчы ці выпрацаваць мэханізм вылучэньня адзінага кандыдата, ці вылучыць двух-трох кандыдатаў, каб зь меншай колькасьці абіраць на зьезьдзе.Мы пабачым, што парэкамэндуюць сябры партыі на сходзе. Але гэта ня будзе канчатковае рашэньне. Рашэньне прыме сойм ці зьезд. Ёсьць парадак, статут”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG