Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шэраг нарвэскіх журналістаў і навукоўцаў, якія займаюцца пытаньнямі постсавецкіх краінаў, выступілі з крытыкай на адрас дзьвюх праваабарончых арганізацый — “Amnesty Norge” і “Amnesty International”. Яны лічаць, што праваабаронцы “надзвычай палітызуюць паездку ляўрэата “Эўрабачаньня-2009” Аляксандра Рыбака ў Менск, называючы выступ сьпевака перад Аляксандрам Лукашэнкам “добра пралічанай акцыяй беларускіх уладаў”.

Сваімі меркаваньнямі са “Свабодай” падзяліліся прафэсар-культуроляг з унівэрсытэту ў Осла Б’ёрн Ністад і палітычны аглядальнік нарвэскай тэлерадыёкампаніі NRK Мэртан Ентафт.

Прафэсар Б’ёрн Ністад — спэцыяліст у галіне славістыкі і культуралёгіі. Сярод яго студэнтаў — будучыя навукоўцы зь Беларусі. Спадар Ністад вельмі цікавіцца Беларусьсю. Ён рэгулярна чытае ў інтэрнэце беларускія выданьні, у тым ліку і беларускамоўныя, часам глядзіць праз спадарожнік праграмы Беларускага тэлебачаньня. Бачыў ён і конкурс ОНТ у Менску з удзелам Аляксандра Рыбака, на якім прысутнічаў беларускі прэзыдэнт Лукашэнка.

Ністад: “Калі наша “Амністыя” стала крытыкаваць Аляксандра Рыбака за тое, што ён вырашыў наведаць сваю радзіму, выступіць там на канцэрце, я крыху раззлаваўся. Я зьвярнуўся ў нарвэскія СМІ і сказаў, што я нязгодны. Я хачу сказаць, што зусім ня супраць “Амністыі”, бо лічу, што гэта вельмі добрая і сур’ёзная арганізацыя. Яна крытыкуе розныя палітычныя рэпрэсіі, і я з павагай стаўлюся да гэтага. Аднак я ўсё ж лічу, што праваабарончая ініцыятыва несправядліва крытыкавала дзеяньні Рыбака. Ён не палітык, ён артыст, ён ня можа адказваць за тое, што адбываецца ў Беларусі.

Я не лічу, што калі канцэрт наведае прэзыдэнт, сьпявак павінен канечне адмовіцца ад выступу“.

Паводле Б’ёрна Ністада, у заходніх СМІ вобраз Беларусі нярэдка дэманізуюць.
Паводле Б’ёрна Ністада, у заходніх СМІ вобраз Беларусі нярэдка дэманізуюць.
Пра гэта яму неаднойчы казалі і беларускія студэнты. Сапраўды, у гэтай усходнеэўрапейскай краіне шмат праблемаў з дэмакратыяй, аднак гэта ўсё ж ніяк не “апошняя дыктатура Эўропы”.

Ністад: “Паводле палітычных перакананьняў я заходні лібэрал-кансэрватар. Безумоўна, я за іншы шлях разьвіцьця. Аднак усё ж я лічу, што беларускі народ выбраў сам свой шлях разьвіцьця і большасьць насельніцтва падтрымлівае гэты выбар. І ёсьць апытаньні беларускага насельніцтва, якія сьведчаць пра гэта”.

Папулярны нарвэскі тэлеаглядальнік Мортэн Ентафт, які доўгі час працаваў карэспандэнтам кампаніі NRK у Маскве і неаднойчы бываў у Беларусі, лічыць, што ў некаторых сьцьверджаньнях прадстаўнікоў нарвэскай “Амністыі” ёсьць здаровы сэнс.

Ентафт : “Амністыя” заяўляла, што Рыбаку нельга ехаць у Беларусь у сувязі з палітычнай сытуацыяй, бо тут існуюць праблемы са свабодай слова, дэмакратычнымі выбарамі. Я з гэтым згодны на 100%. Як журналіст я рабіў рэпартажы на гэтую тэму, шмат што бачыў. Зразумела, удзел у падобных шоў працуе на палітыку Лукашэнкі. Аднак нельга ўсё палітызаваць так глябальна. Лічу няправільным вучыць сям’ю
Зразумела, удзел у падобных шоў працуе на палітыку Лукашэнкі.
Рыбака, што ім ня варта ехаць у Беларусь. Яны самі ўсё добра ведаюць, бо прыбылі ў Нарвэгію з палітычных матываў. А Аляксандар і сам неаднойчы публічна заяўляў, што яму не падабаецца палітыка ў Беларусі”.

У размове са “Свабодай” Мортэн Ентафт распавядае, што добра ведае ўсю сям’ю Аляксандра Рыбака — яго бабуляў, старэйшую сястру ад бацькавага шлюбу, маці і, зразумела, Рыбака-старэйшага Ігара.

Ентафт: “Ігар Рыбак шмат гадоў быў выкладчыкам музыкі ў маіх дзяцей. Мой сын шмат гадоў граў на скрыпцы, мая дачка таксама. Ігар вельмі добры і таленавіты чалавек”.

Паводле Мортэна Ентафта, Ігар, як яму падаецца, доўгі час баяўся ехаць на радзіму. Гісторыя Рыбака, тое, як ён вырашыў застацца ў Нарвэгіі, вельмі няпростая. Ігар ня верыў, што ён, трапіўшы ў Беларусь, вернецца дадому. Аднак журналіст увесь час заахвочваў яго да гэтага кроку. Як лічыць Мортэн Ентафт, Ігар, хутчэй за ўсё, неўзабаве апынецца на радзіме.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG